Навучэнец на дзень — прафесія назаўжды

- 9:43Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Школьнікі Міншчыны на дзень могуць стаць навучэнцамі прафесійных каледжаў і ліцэяў. Такую магчымасць ім дае праект, які рэалізуецца ў вобласці. 

Пілотны праект — прафесійная проба “Навучэнец на дзень. Навучэнец на тыдзень” быў апрабаваны ў Мінскай вобласці на зімніх канікулах. Тады тры ўстановы адукацыі — Салігорскі дзяржаўны каледж, Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж — запрасілі школьнікаў стаць навучэнцамі на дзень. Дзецям спадабалася, а дарослыя пераканаліся, што ў такіх мерапрыемстваў вялікі прафарыентацыйны патэнцыял. Таму падчас бягучых вясенніх канікул праект разгарнуўся ва ўсю моц: удзел у ім узялі ўсе ўстановы прафесійнай адукацыі Міншчыны.

Была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Па-першае, каб знайсці мэтавую аўдыторыю. Каледжы і ліцэі запрасілі ў першую чаргу матываваных школьнікаў — тых, хто задумваецца аб прафесіі, якую можна атрымаць у каледжы, і хоча пераканацца, што думае ў правільным кірунку. Па-другое, старанна рыхтаваліся, каб па-сапраўднаму паглыбіць школьнікаў у жыццё ўстаноў прафадукацыі. Стаўшы навучэнцам на дзень, чалавек можа выбраць для сябе справу жыцця. 

Становячыся навучэнцамі на дзень, школьнікі адпраўляюцца ў аўдыторыі на тэарэтычныя заняткі і ў майстэрні — на практычныя, удзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах і занятках у разнастайных аб’яднаннях па інтарэсах і, канечне, каштуюць на смак ежу ў сталоўцы ўстановы адукацыі. 

Так, у Вілейскім дзяржаўным каледжы для навучэнцаў былі арганізаваны тэарэтычныя і практычныя заняткі па такіх прафесіях, як слесар па рамонце аўтамабіляў, тэхнік-электрык, кухар, швачка. Такой магчымасцю ў розныя дні скарысталіся навучэнцы не толькі Вілейскага, але і Мядзельскага, Маладзечанскага і Лагойскага раёнаў.

У назве праекта нездарма ёсць словы “Навучэнец на тыдзень”. Плануецца, што ў рамках праекта навучэнцы змо­гуць прыязджаць у каледжы і ліцэі на некалькі дзён — жыць у інтэрнаце, калі гэта трэба, і знаёміцца з установай максімальна падрабязна. На вясенніх канікулах Барысаўскі дзяржаўны каледж першым паспрабаваў запрасіць дзяцей на некалькі дзён. 35 навучэнцаў 9—10 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Барысаўскага раёна сталі навучэнцамі педагагічнага аддзялення на тыдзень. Яны былі размеркаваны ў групы да навучэнцаў 2—3 курса і кожны дзень наведвалі заняткі па такіх вучэбных дысцыплінах, як “Педагогіка”, “Псіхалогія”, “Методыка музычнага выхавання”, “Методыка выкладання пачатковага курса матэматыкі”, “Асновы лагапедыі”. А пасля заняткаў знаёміліся з творчым жыццём каледжа: убачылі выступленні ўзорнай студыі эстраднай песні “Гасціна”, хору “Ветразь”, тэатра-студыі “Вобраз”, паўдзельнічалі ў тэатралізаваных гульнях, флэш-мобе, майстар-класах па дэкаратыўным мастацтве, наведалі арт-галерэю каледжа. Словам, цэлы тыдзень жылі звычайным жыццём навучэнца каледжа. Барысаўскі дзяржаўны каледж збіраецца і далей праводзіць такія мерапрыемствы, маштабаваць набыты вопыт і на іншыя спецыяльнасці, па якіх вучаць ва ўстанове.

Такія ж планы існуюць і на ўзроўні вобласці — праект бу­дзе прадоўжаны, бо гэта цудоўны фармат для займальнага і адначасова змястоўнага  знаёмства з магчымасцямі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.  

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Вілейскім дзяржаўным каледжам.