Навука павінна працаваць на рэгіён

- 15:10Актуально, Рознае
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў сустрэўся з вучонымі рэгіёна. У мерапрыемстве прыняў удзел памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Уладзімір Даманеўскі.

Прадстаўнікі ўніверсітэтаў, навукова-даследчых устаноў Гродзеншчыны паказалі вынікі работы за мінулы год не толькі ў выглядзе дакладаў і прэзентацый. На арганізаванай выставе былі прадэманстраваны інавацыйныя распрацоўкі ў галіне медыцыны, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, нанатэхналогій, біямеханікі, рэсурсазберагальных тэхналогій.
У.В.Краўцоў адзначыў высокі навуковы патэнцыял Гродзенскай вобласці і падкрэсліў, што ўклад вучоных ва ўмацаванне канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў, павышэнне экспарту, распрацоўку інавацыйных тэхналогій і вырабаў павінен быць яшчэ больш значным. Губернатар асабліва адзначыў важнасць супрацоўніцтва навукоўцаў з тэхнапаркам, які ствараецца ў Гродне, і практыка-арыентаванай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў.
Падтрымка вучоным, у тым ліку маладым супрацоўнікам і студэнтам, будзе аказвацца і на ўзроўні аблвыканкама праз створаныя фонды, у прыватнасці, праз інавацыйны фонд. Аб’ём фінансавання навукова-тэхнічнай праграмы, якая рэалізуецца ў Гродзенскай вобласці, складае 11 мільярдаў рублёў. У канцы 2013 года паміж Гродзенскім аблвыканкамам і НАН Беларусі было заключана Пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
На сустрэчы ішла размова і аб пытаннях, якія можна будзе вынесці на абмеркаванне на ІІ Рэспубліканскім з’ездзе вучоных, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні, а таксама аб павышэнні эфектыўнасці работы вучоных. Так, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль гаварыў аб неабходнасці стварэння спецыялізаваных навукова-даследчых і канструктарска-тэхналагічных цэнтраў з улікам спецыфікі прамысловасці вобласці. Рэктар медыцынскага ўніверсітэта Віктар Сняжыцкі расказаў аб неабходнасці стварэння сучаснай універсітэцкай клінікі. Акадэмік Анатоль Свірыдзёнак, загадчык лабараторыі філіяла Навукова-даследчага цэнтра праблем рэсурсазберажэння Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава выказаў думку, што абласны навукова-тэхнічны савет павінен своечасова аналізаваць узровень мадэрнізацыі вытворчасці і ставіць канкрэтныя задачы перад навуковымі ўстановамі рэгіёна па іх рэалізацыі.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў уручыў ганаровыя граматы і падзякі за вялікія дасягненні ў навуковай працы 12 прадстаўнікам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, медыцынскага і аграрнага ўніверсітэтаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.