Навука — сэнс жыцця

- 10:17Людзі адукацыі

Народнай культурай Іна Анатольеўна Швед цікавілася з дзяцінства. Ужо ва ўніверсітэце гэта заўважыў вядомы прафесар Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Ён і скіраваў дзяўчыну да навуковай дзейнасці ў галіне фалькларыстыкі. Кандыдацкую дысертацыю яна прысвяціла вывучэнню раслінных сімвалаў беларускага традыцыйнага фальклору, а доктарскую, якую абараніла ў 33 гады, — аналізу яго дэндралагічнага кода.

Сёння доктар філалагічных навук Іна Анатольеўна Швед працуе прафесарам кафедры рускай літаратуры і журналістыкі філалагічнага факультэта і англійскай філалогіі факультэта замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Акрамя таго, Іна Анатольеўна ўзначальвае студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю “Фальклор і краязнаўства”.

— Лабараторыя займаецца фіксацыяй, сістэматызацыяй, навуковым даследаваннем і папулярызацыяй нацыянальнай духоўнай культуры, — расказвае Іна Анатольеўна. — За час існавання лабараторыі створаны архіў беларускага фальклору і музейная калекцыя “Матэрыяльная культура Палесся”. За апошні год сабрана каля 600 адзінак каштоўных фальклорных тэкстаў і дзясяткі прадметаў традыцыйнай матэрыяльнай культуры. Студэнты падрыхтавалі каля 100 навуковых работ па беларускім фальклоры і прэзентавалі іх на навуковых форумах рознага ўзроўню.

Іна Анатольеўна прызнаецца, што навука для яе — гэта жыццё, нястомны творчы пошук, які праз кантакты з носьбітамі культуры, айчыннымі і замежнымі даследчыкамі адкрывае шырокія магчымасці для самаразвіцця.

— Кола маіх навуковых інтарэсаў — этнасеміётыка і славянская міфалогія, — гаворыць даследчыца. — Заўсёды цікавіла, як нашы продкі асэнсоўвалі жыццё. Рэканструкцыя гэтых глыбінных сэнсаў стала ў выніку сэнсам майго жыцця. Сваю задачу бачу не толькі ў тым, каб зафіксаваць і даследаваць вялікі духоўны пласт народнай культуры, але і перадаць назапашаныя веды моладзі, зацікавіць яе фальклорам, паказаць яго ролю ў жыцці.

Іна Анатольеўна Швед — арганізатар шматлікіх мерапрыемстваў, скіраваных на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іх — фальклорна-краязнаўчы фэст “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, семінары-візуалізацыі “Традыцыйны і сучасны дрэс-код у прафесійнай кар’еры спецыяліста” і “Народная педагогіка — пра сацыяльную абарону інвалідаў”, семінары для кіраўнікоў аддзелаў запісу актаў грамадзянскага стану рай(гар)выканкамаў на тэму “Традыцыі нацыянальнай культуры і сучаснасць (нацыянальныя абрады шлюбу, нараджэння і інш.)”, студэнцкая гасцёўня “Выхаванне гендарнай культуры асобы сродкамі беларускай народнай педагогікі”, дыспут “Шануйся змалада — не напаткае бяда”, выступленні па тэлебачанні, прысвечаныя народным святам і рамёствам Палесся. Іна Анатольеўна — аўтар канцэпцыі музея традыцыйнай культуры Прыбужжа, які ствараецца ў вёсцы Астрамечава Брэсцкага раёна ў рамках праекта “Спадарыня Пабужжа”, і навуковы рэдактар альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”, дзе публікуюцца навуковыя матэрыялы па фальклоры і праблемах краязнаўства.

У якасці члена сусветнай навуковай камісіі Міжнароднай арганізацыі фальклорнага мастацтва, Міжнароднай даследчай лабараторыі “Animal Studies — трэцяя культура” пры Слёнзскім універсітэце (Польшча), Польскага народазнаўчага таварыства, камісіі па фалькларыстыцы пры Міжнародным камітэце славістаў, рэдкалегій навуковых часопісаў і серыйных навуковых зборнікаў Іна Анатольеўна Швед пазіцыяніруе традыцыйную культуру беларусаў як складнік сусветнай культурнай прасторы.

Даследчыца задзейнічана ў шэрагу міжнародных навукова-адукацыйных праектаў: “Музыка польска-беларускага памежжа” ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”, “Каталог народнага ручніка гміны Бель ск Падляскі” і “Сустрэнемся на лавачцы. Палявыя даследаванні народнага ручніка Бельскай зямлі” (Падляскі музей у Беластоку і Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані). Іна Анатольеўна чытала лекцыі і праводзіла семінары па культуры беларусаў для прафесарска-выкладчыцкага складу, магістрантаў і студэнтаў універсітэтаў Германіі, Польшчы і Ірана. Яна — актыўны ўдзельнік і кіраўнік секцый міжнародных навуковых форумаў па этнакультуры і фальклоры ў Беларусі, Францыі, Балгарыі, Германіі, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі, Іране і інш.

Прафесар І.Швед узначальвала навуковыя калектывы, якія ў рамках дзяржаўных праграм працавалі над 3 заданнямі па даследаванні этнакультуры беларусаў. Сёння Іна Анатольеўна ў рамках адной з дзяржаўных праграм даследуе заалагічны код беларускай традыцыйнай культуры. Гэта сістэма традыцыйных уяўленняў пра жывёльны свет і яго семіятычную ролю ў міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў.

Навуковая дзейнасць Іны Швед адзначана граматай Міністэрства адукацыі Беларусі і Ганаровай граматай НАН Беларусі.

— Статус гуманітарных навук у сучасным грамадстве патрэбна павышаць, — лічыць Іна Анатольеўна. — Без духоўнасці ўсе тэхнічныя дасягненні не маюць сэнсу. Неабходна ведаць, як навукова-тэхнічны прагрэс і глабалізацыя ўздзейнічаюць на культуру народа, чалавечыя паводзіны, маральныя якасці. Менавіта гуманітарныя навукі прымушаюць людзей задумвацца пра наступствы сваёй дзейнасці.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.