Навуковы пошук вядзе да поспеху

- 10:54Навука і інавацыі

У расійскім горадзе Серпухаве адзінаццаты раз прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Моладзь і інаватыка”. І каторы год запар удзел у ёй бярэ каманда школьнікаў з нашай краіны. Юныя беларускія навукоўцы не проста прадставілі свае даследаванні журы міжнароднага конкурсу, але і ўзняліся на прыступкі п’едэстала гонару.

Удзельнікамі канферэнцыі “Моладзь і інаватыка” сталі 438 юных даследчыкаў і студэнтаў з Расіі, Беларусі, Кыргызстана, Інданезіі і ЗША. Свае даследаванні вочна і завочна яны прэзентавалі падчас работы 26 секцый.
Беларусь на канферэнцыі прадстаўлялі навучэнцы з Брэсцкай, Віцебскай і Мінскай абласцей. Работы нашых школьнікаў не засталіся незаўважанымі, нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў.

На пленарным пасяджэнні сваю работу “Шлях да храма” прадставіла Паліна Галабурда, навучэнка Салтанаўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Дзяўчына атрымала найвышэйшую ўзнагароду — дыплом І ступені.

Дыпломам І ступені была таксама адзначана работа “Генератар бурбалак” у секцыі “Актуальныя пытанні хіміі і фізікі”. Яе прадставілі навучэнцы гімназіі № 1 Слуцка Яўгенія Грынчык, Ксенія Каладоўская і навучэнка гімназіі № 2 Оршы Юлія Краўчанка.

Наталля Хромчанкава, навучэнка гімназіі № 1 Дзяржынска, атрымала дыплом ІІ ступені за работу “Прававая культура старшакласнікаў”, якую прадставіла ў секцыі “Сацыяльна-палітычныя праблемы моладзі”. А ў секцыі “Замежная мова” таксама дыплома ІІ ступені ўдастоена работа навучэнак сярэдняй школы № 46 Віцебска Дар’і Квіліс і Алены Дзямешчанка, прысвечаная тэме развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі.

Дзяніс Катляроў, навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа, прадставіў на канферэнцыі работу “Аперацыйная сістэма Clusten operating system” і быў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ў секцыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і праграмаванне”. Дыпломам ІІІ ступені адзначана і Аляксандра Кульчык, навучэнка Сіняўскай сярэдняй школы Клецкага раёна, за работу “Узаемасувязь архетыпаў “кветка” і “дзіця” ў творчасці А.П.Платонава (на матэрыяле апавяданняў “Невядомая кветка” і “Кветка на зямлі”)”. Аляксандра выступала ў секцыі “Руская мова і літаратура”.

У навуковым пошуку навучэнцам дапамагалі педагогі — Жанна Аляксандраўна Санько, Таццяна Яўгенаўна Максіменка, Марына Мар’янаўна Мальчэўская, Сяргей Ігаравіч Панасенка, Алена Аляксандраўна Кулеш, Святлана Валер’еўна Абесадзэ, Святлана Сяргееўна Мароз, Людміла Георгіеўна Дубовік. Сумесная праца прывяла да новых адкрыццяў і поспеху.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва ўдзельнікаў.