Не прачытаеш у падручніку

- 17:03Нам пішуць, Рознае

Ян Адамовіч (Іван Уладзіслававіч Адамовіч) нарадзіўся 28 студзеня 1924 года ў вёсцы Мажэйкі Ашмянскага павета. У 1938 годзе скончыў 7 класаў нашай школы, якая тады мела назву “польская паўшэхная”. У красавіку 1956 года выехаў у Польшу. Працаваў юрыстам, потым актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю. 7 кніг на польскай мове даслаў у падарунак нашаму школьнаму музею. У кнізе “Шляхам бадзягі” ўзгадвае жыццё жыхароў вёскі Мажэйкі і Ашмян у часы Вялікай Айчыннай вайны.

Напрыканцы чэрвеня 1941 года ў мірным небе над Ашмянамі загулі самалёты, пачуліся выбухі — гэта немцы бамбілі аэрадром у Смаргоні. А прыкладна 23 ці 24 чэрвеня сяляне вёскі Мажэйкі сталі сведкамі паветранага бою. 25 чэрвеня 1941 года гітлераўцы ўжо маршыравалі па ашмянскіх вуліцах. Уводзілі “новы парадак”. Літаральна праз тры дні пачалі збіраць мужчын-яўрэяў. Папярэдзілі, каб яны прыходзілі з рыдлёўкамі і мётламі, быццам для працы. Раніцай устаноўленага дня на рыначнай плошчы, якая знаходзілася ля цяперашняй царквы, сабралася больш за тысячу яўрэяў. Іх пастроілі ў калону па чатыры чалавекі і павялі па дарозе ў напрамку Астраўца, уздоўж старых праваслаўных могілак. Прыкладна праз 2 км калона звярнула направа, да лесу. Раздзялілі людзей на дзве групы, далі загад капаць глыбокі і шырокі роў. Калі роў быў выкапаны, паставілі мужчын на яго край і пачалі расстрэльваць.

Яўрэяў, якія засталіся ў Ашмянах, а гэта ў асноўным былі старыя, падлеткі і жанчыны з дзецьмі, фашысты сагналі ў гета, размешчанае ў сінагозе і прылеглых дамах па вуліцы Міцкевіча. Абгарадзілі гета высокім плотам і калючым дротам. Выходзіць за яго межы без дазволу строга забаранялася. У хуткім часе немцы абвясцілі вязням, каб праз два дні было сабрана 10 кг золата. У назначаны дзень прыехала машына з гестапаўцамі. Калі высветлілася, што загад не выкананы, схапілі шэсць маладых і дзвюх старых яўрэяк і тут жа расстралялі. Потым сказалі, што калі да поўдня наступнага дня золата не будзе, расстраляюць ужо 12 чалавек. Золата было сабрана, але гэта не ўратавала людзей ад гібелі. З-за недахопу ежы, пітной вады, розных хвароб штодзённа памірала шмат вязняў. Каб уратавацца ад галоднай смерці, зрабілі ў некаторых месцах падкопы. Да гэтых падкопаў ноччу прыходзілі мясцовыя жыхары і мянялі прадукты харчавання на абутак, адзенне, тканіну. Найбольш адважныя вязні ноччу выходзілі ў найбліжэйшыя вёскі. Так, як і яўрэяў, немцы вынішчалі цыган.

У сваіх успамінах Адамовіч расказвае аб цяжкіх выпрабаваннях, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны выпалі на долю двух ашмянцаў — Браніслава і Віталя. Хлопцы служылі ў Чырвонай Арміі, пасля аднаго з баёў апынуліся ў нямецкім палоне. Вялікую колькасць палонных чырвонаармейцаў — больш за 50 тысяч — фашысты прыгналі на тэрыторыю Польшчы, змясцілі ў лагер пад адкрытым небам, абгароджаным калючым дротам. Быў снежань, людзям даводзілася спаць на снезе. Ад холаду і голаду (раз у дзень давалі нейкую баланду, прыгатаваную з гнілой бручкі) палонныя штодзённа паміралі сотнямі. Было відавочна, што рана ці позна загінуць усе.

Сярод вязняў знайшліся завадатары, якія прапанавалі ў вызначаны дзень пасля таго, як трохі падсілкуюцца баландой, па камандзе адразу ўсім кідацца на канваіраў і калючы дрот. Так і зрабілі. Засталіся ў жывых нямногія, аднак некаторым, у тым ліку і нашым землякам, удалося ўцячы. Церпячы вялікія пакуты ад голаду і холаду, з цяжкасцю прабіраліся хлопцы да родных мясцін. Днём хаваліся ў лясах, прыдарожных кустах, ішлі ноччу. Аднойчы пашчасціла знайсці на заснежаным полі некалькі мерзлых буракоў. Часам сустракаліся на шляху вёскі. Знаходзіліся спагадлівыя людзі, якія дазвалялі ўцекачам адпачыць у гумне ці свіране, дзяліліся з імі апошнім кавалкам хлеба.

У адным з такіх сялянскіх дамоў далі ім магчымасць памыцца, падстрыгчыся, змяніць ваенную форму на сялянскую вопратку. Каб аддзячыць за прытулак, хлопцы прапанавалі сваю дапамогу ў гаспадарчых справах. Селянін, сына якога немцы забралі на катаржную працу ў Германію, папрасіў дапамагчы малаціць збожжа. Аднак абодва былі настолькі знясілены, што, узмахнуўшы цэпам, падалі разам з ім на зямлю. Гаспадар пашкадаваў юнакоў, дазволіў ім днём адпачыць у гумне, схаваўшыся ў саломе, а позняй ноччу, бліжэй да раніцы, прапанаваў адвезці ў Баранавічы, дзе збіраўся прадаць мяшок пшаніцы. На чыгуначнай станцыі ў селяніна быў знаёмы чалавек. Ён дапамог Браніславу і Віталю сесці ў таварны цягнік, у якім яны даехалі да Гудагая. Праз некаторы час, адпачыўшы і ўзнавіўшы сілы, хлопцы пайшлі ў партызанскі атрад.

Вось такія ўспаміны аб цяпер ужо далёкіх, трагічных і разам з тым гераічных гадах Вялікай Айчыннай вайны пакінуў для нашчадкаў Ян Адамовіч. На аснове гэтых успамінаў у школьным музеі распрацавана тэматычная экскурсія для вучняў.

Рамуальда АНУФРЫЕВА,
загадчык народнага музея гісторыі сярэдняй школы № 1 Ашмян.