Не толькі для моладзі, але і з удзелам моладзі

- 10:53Актуально, Апошнія запісы

Па словах Ігара Васільевіча Карпенкі, сустрэча ў Магілёве стала працягам вялікай размовы з прэзідэнтам, якая адбылася ў маі 2017 года і паслужыла імпульсам да стварэння Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў — кансультатыўна-дарадчага органа, які разглядае праекты нарматыўных прававых актаў у сферы маладзёжнай палітыкі і ўдзельнічае ў іх распрацоўцы, каардынуе дзейнасць рэгіянальных маладзёжных парламентаў і забяспечвае ўзаемадзеянне паміж імі, займае важнае месца ў распрацоўцы і рэалізацыі новых ідэй, праектаў, ініцыятыў.

— Сёння абмяркоўваецца пытанне стварэння маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, — расказаў Ігар Васільевіч. — Рух у гэтым кірунку ідзе: ужо адбылося некалькі нарад і семінараў у Савеце Рэспублікі. Нашы рэгіёны маюць пэўны вопыт гэтай работы на прыкладзе функцыянавання сваіх маладзёжных парламентаў. Больш за тое, у нас актыўна развіваецца вучнёўскае і студэнцкае самакіраванне. Гэта добрая форма зносін органаў дзяржаўнай улады, кіраўнікоў дзяржструктур напрамую з моладдзю, бо менавіта гэтая частка грамадства займае пэўную пазіцыю па тых ці іншых напрамках рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, фарміруе меркаванне пра перспектывы развіцця нашай краіны ў цэлым.

Міністр адукацыі адзначыў, што своеасаблівым пачатковым этапам у стварэнні маладзёжнага парламента стаў менавіта каардынацыйны савет маладзёжных парламентаў, які наглядна паказвае, наколькі актыўная і ініцыятыўная беларуская моладзь.

— Пахвальна, што вы, маладыя, сёння не толькі хочаце ўдзельнічаць у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, але і імкняцеся ўплываць на яе фарміраванне, вызначаць яе змест і асноўныя напрамкі дзейнасці, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — Сустракаючыся з вамі, выказваю глыбокую надзею, што гэты дыялог будзе пастаянным і сістэмным. Сумеснымі намаганнямі мы паспрабуем стварыць умовы для паўнавартаснага развіцця моладзі і рэалізацыі яе галоўных патрэб, каб вы маглі выйсці ў самастойнае жыццё і зацвердзіцца як прафесіяналы сваёй справы, грамадзяне сваёй краіны і сем’яніны.

Пра пачатак новага этапу развіцця маладзёжнага руху ў краіне таксама гаварыла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Анатольеўна Старавойтава.

— Сёння вядзецца актыўная юрыдычная работа па пытаннях стварэння маладзёжнага парламента, — адзначыла сенатар. — Нам неабходна прадумаць, як гэта правільна зрабіць. Магчыма, нават прыйдзецца ўнесці змены ў Закон “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь”. На цяперашні момант выпрацоўваецца Палажэнне аб маладзёжным парламенце, у якім вызначаецца, як будзе выбудавана работа з моладдзю, якія напрамкі дзейнасці яна закране, якія сумесныя задачы будуць вырашацца. Пакуль застаецца шмат адкрытых пытанняў, напрыклад, якога ўзросту павінны быць тыя, хто будзе ажыццяўляць дзейнасць у парламенце.

На думку Ірыны Анатольеўны, важна, каб людзі, якія ўвойдуць у склад новай структуры, былі лідарамі ў маладзёжных колах — актыўнымі, ініцыятыўнымі і адказнымі. Больш за тое, яны павінны па-сапраўднаму ўплываць на развіццё маладзёжнай палітыкі ў краіне, а не фармальна падыходзіць да гэтага. Таксама сярод абавязковых патрабаванняў да будучых парламентарыяў — высокі ўзровень адукаванасці і прафесіяналізму, дакладнае разуменне пастаўленых мэт і задач.

— Упэўнена, што маладзёжная палітыка павінна быць не толькі для моладзі, але і пры непасрэдным удзеле моладзі, — падкрэсліла яна. — Пытанняў, якія неабходна вырашаць, шмат. Гэта і кадравы патэнцыял, і сямейная палітыка, непасрэдна звязаная з маладымі людзьмі, прафарыентацыйная работа… Яшчэ адно пытанне — су-працоўніцтва па маладзёжнай лініі на міжнароднай арэне. Каму, як не вам, прадстаўляць нашу краіну, паказваць, якая яна моцная і прыгожая, як шмат мы робім у гэтай краіне з вашай дапамогай і дзякуючы вам?

Гатоўнасць да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва пацвердзіла Дар’я Шлапакова, старшыня Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў. Гэтай структуры няма яшчэ і года, аднак яе членам ёсць што расказаць аб сваёй рабоце, ідэях, ініцыятывах і мерапрыемствах, у якіх прымалі актыўны ўдзел. Так, яны сустракаліся з аўтарамі і выдаўцамі школьных падручнікаў, уносілі ў гэты вучэбны матэрыял свае прапановы і папраўкі, абмяркоўвалі навукова-метадычны дапаможнік па падрыхтоўцы лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў ва ўстановах адукацыі, удзельнічалі ў рабоце міжнароднага семінара па правах дзіцяці.

— Нашы напрацоўкі аб’яднаны ў комплексныя праекты па трох тэматыках: камунікатыўныя, грамадскія і валанцёрскія, — падвяла вынік Дар’я Шлапакова. — Сёння мы не толькі гатовы агучыць свае ідэі, але і атрымаць іх ацэнку. Такім чынам, выбудоўваецца своеасаблівая лесвіца: лідары пачынаюць свой рух ад школьных фарміраванняў да раённых, далей — да гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх. Важна адзначыць, што нашы ініцыятывы праходзяць такі ж шлях — знізу ўверх. Гэты пастаянны рух павінен стаць асновай паспяховых праектаў.

Другая частка сустрэчы міністра адукацыі з членамі Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў прайшла ў форме адкрытага дыялогу. Моладзь цікавіла мноства разнастайных пытанняў — ад будучага гімназій у святле новых змяненняў правіл прыёму ў гэтыя ўстановы адукацыі, увядзення новай метадалогіі падліку вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, магчымасці адмены ўліку сярэдняга бала атэстата пры паступленні ва УВА і працаўладкавання старшакласнікаў да наступстваў легалізацыі ў Беларусі майнінгу крыптавалют, жыццёвых прынцыпаў і арыенціраў міністра адукацыі.

Адказаў Ігар Васільевіч і на пытанне, як стаць міністрам. У завяршэнні сустрэчы ён даў прысутным параду заўсёды ставіць перад сабой высокую планку і ні ў якім разе не заніжаць яе, а таксама ўпэўнена ісці да пастаўленай мэты і не здавацца. Таму заўсёды неабходна толькі сваім прыкладам паказваць, як трэба вучыцца і працаваць, і ў перспектыве гэта прынясе жаданы вынік.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.