Нестандартныя ўрокі матэматыкі і жыцця

- 10:03Людзі адукацыі

Менавіта так — нестандартна — праводзіць першы ўрок матэматыкі ў пятым класе Таццяна Сяргееўна Прыскока. А трэба гэта, на яе думку, для таго, каб зацікавіць дзяцей яе любімай навукай — матэматыкай, паказаць яе прыгажосць і запаліць у вачах вучняў агеньчык цікавасці, які б не згасаў на працягу ўсяго часу навучання ў гімназіі.

Як пачнеш гэты шлях работы з вучнем, так і ў далейшым складзецца, лічыць настаўніца. У кожным класе ёсць зацікаўленыя вучні, іх трэба ўбачыць. У намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Гродна настаўніцы матэматыкі вышэйшай катэгорыі Т.С.Прыскока такія вучні ёсць.

За больш чым 20 гадоў работы настаўніцай матэматыкі, за тры гады адміністрацыйнай пасады намесніка дырэктара гімназіі № 3 да Таццяны Сяргееўны прыйшло разуменне таго, што работу на вынік, якім з’яўляецца ўдзел вучняў у навукова-даследчай дзейнасці, алімпіядах, позна пачынаць у 7—8 класах, трэба заўважаць таленавітых і матываваных дзяцей пры іх пераходзе ў сярэднюю школу ці ўвогуле ў пачатковай школе. Сярод задумак адміністрацыі гімназіі — правядзенне ўрокаў логікі ў 5 класах, стварэнне эксперыментальнай лабараторыі для дашкольнікаў, якія будуць наведваць школу развіцця, што працуе ў гімназіі. Дзеці змогуць пазнаёміцца з фізікай, біялогіяй, хіміяй, геаграфіяй, развіць назіральнасць, разумовую дзейнасць, стаць больш актыўнымі і самастойнымі.

Акрамя здольнасцей вучняў, вельмі важнымі, па меркаванні Таццяны Сяргееўны, з’яўляюцца самастойнасць, уменне адстойваць сваю пазіцыю, працаздольнасць — без гэтых якасцей станаўленне асобы немагчыма.

— Я вельмі ўдзячна сваім вучням. Менавіта дзякуючы ім, я зразумела, што займаюся любімай справай, дзякуючы ім, я стала педагогам, — гаворыць Таццяна Сяргееўна. — Мне не толькі цікава быць для іх настаўніцай, мне важна быць побач з асобай. А таленавіты вучань — гэта заўсёды асоба. На апошняй лінейцы ў гэтым годзе я пажадала нашым выпускнікам выбраць такі шлях, які выбрала я, — атрымаць любімую прафесію.

Скончыўшы школу з сярэбраным медалём, Таццяна Сяргееўна паступіла на механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, здаўшы на выдатна адзін экзамен — матэматыку. А першым працоўным месцам для яе стала сярэдняя школа № 11 Гродна. Тут маладая настаўніца пачала рыхтаваць школьнікаў да алімпіяд. Цяпер у гімназіі № 3 адказвае за гэты кірунак работы і актыўна займаецца з таленавітымі гімназістамі.

Рабочы кабінет завуча — гэта і рабочае месца яе вучняў. Нават летам яны прыходзяць сюды, тэлефануюць, цікавяцца, калі ў Таццяны Сяргееўны будзе вольны час пазаймацца. Арцём Таланец на працягу трох апошніх гадоў атрымліваў дыпломы рэспубліканскага этапу алімпіяды па матэматыцы. Разам са сваёй настаўніцай рыхтаваў малодшых вучняў да ўдзелу ў матэматычных турнірах. Сёлета ён стаў студэнтам факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Міхаіл Грыгарчук у бягучым годзе атрымаў дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Выпускніца гэтага года Ксенія Пацеева была ўдзельніцай Міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў у Германіі і атрымала бронзавы медаль за даклад па фізіцы. А пад кіраўніцтвам сваёй любімай настаўніцы матэматыкі Таццяны Сяргееўны дзяўчына атрымала дыплом І ступені на алімпіядзе для абітурыентаў па матэматыцы, якую праводзілі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Некалькі гадоў запар навучэнцы гімназіі ўдзельнічаюць у турнірах матэматыкаў, што праходзяць у Гродне і Мінску. Т.С.Прыскока актыўна рыхтуе навучэнцаў да гэтых спаборніцтваў. У красавіку 2017 года на ІІ Гродзенскім турніры юных матэматыкаў каманда “Квант” гродзенскай гімназіі № 3, у склад якой уваходзілі вучні 5—7 класаў, атрымала дыплом І ступені. Шасцікласніца Мілана Пагасян адзначана дыпломам як лепшы дакладчык, вучань шостага класа Аляксандр Мельнікаў — як лепшы апанент і рэцэнзент. А на турніры ў Мінску гімназісты атрымалі дыплом ІІ ступені.

Т.С.Прыскока з’яўляецца таксама трэнерам абласной каманды, членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў матэматыкі.

— Мне вельмі цікава быць разам з вучнямі на матэматычных турнірах, алімпіядах, бра ць разам з імі гэтую планку — не толькі, скажам, навуковую, але і што тычыцца характару, — гаворыць Таццяна Сяргееўна. — Гэтыя дзеці часам ведаюць не менш за нас, яны вельмі працаздольныя і дасведчаныя, але мы павінны навучыць іх адказнасці, уменню працаваць у камандзе, пераадольваць цяжкасці і адстойваць сваю пазіцыю. Бывала, мае вучні падавалі апеляцыі на алімпіядах і адстойвалі сваю пазіцыю. Не менш чым матэматычныя дасягненні свайго вучня Арцёма Таланца я згадваю момант, калі ён у адзін дзень удзельнічаў у алімпіядзе па матэматыцы і ў спаборніцтвах па турызме, якім актыўна займаўся. Хлопцу тады было 13 гадоў. Арцём літаральна бег усю дарогу да месца спаборніцтва, каб не падвесці сваю каманду. А мая задача была ў тым, каб дамовіцца з арганізатарамі аб пераносе часу забегу каманды Арцёма. І мы ўсё змаглі — у выніку алімпіяда і забег атрымаліся.

“Каманда шасцікласнікаў гімназіі прымала ўдзел у турніры юных матэматыкаў у Мінску. Дзеці прывезлі дыплом ІІ ступені. Сёння на бацькоўскім сходзе мне ўручылі падзячны ліст як прызнанне маіх заслуг у справе выхавання сына. Прыемна і чулліва. Толькі я думаю, што сапраўдныя героі засталіся за кадрам. Цяпер мая чарга выказаць матчыну падзяку. За шчырую любоў да матэматыкі і ўменне яе прывіць нашым дзецям ДЗЯКУЙ завучу гімназіі № 3 Таццяне Сяргееўне Прыскока і класнаму кіраўніку 6 “А” Наталлі Віктараўне Лістапад. Здароўя вам, Настаўнікі!” — такія словы напісала на сайце гімназіі Наталля Аблажэвіч. Няхай Таццяна Сяргееўна і ўвесь калектыў гімназіі чуюць гэтыя словы яшчэ шмат гадоў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.