Неўтаймавальная філалагіня

- 12:47Адукацыйная прастора

Добра памятаю той спякотны жнівеньскі дзень 2015 года. Амаль усе настаўнікі вярнуліся з летняга адпачынку, школа зноў зажыла, узбудзілася. Я таксама заняла сваё звычнае месца ў настаўніцкай і рыхтавалася да новага навучальнага года. Якім ён будзе, гэты год? Што чакае мяне?..

Раптам у дзверы настаўніцкай пастукалі. На парозе з’явілася маладая брунетка і сціпла прамовіла: “Добры дзень”. Я адразу здагадалася, што гэта, пэўна, наш новы школьны псіхолаг. Так я і пазнаёмілася з Таццянай Генадзьеўнай Саковіч, маладым педагогам-псіхолагам і, як я даведалася пасля, даволі таленавітым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.

Надышоў верасень. Усе заняліся сваімі справамі, закіпеў працэс навучання. Таццяна Генадзьеўна амаль не з’яўлялася ў настаўніцкай. Спачатку мы сутыкаліся толькі на перапынках або на “фортках”, размаўлялі пераважна на прафесійныя тэмы. Але ішоў час, усё мянялася.

Аднойчы Таццяна ўвайшла ў настаўніцкую, і выгляд яе падказваў, што яна хоча пагаварыць са мной не пра тое, як падпісваць сшыткі ці выконваць работу над памылкамі. Іменна тады і адбылося наша другое знаёмства.

Нарадзілася Таццяна ў красавіку 1990 года ў Докшыцах Віцебскай вобласці ў сям’і журналістаў. Так, і матуля, і дзядуля дзяўчынкі плённа працавалі на ніве журналістыкі, і невыпадкова, што з самага дзяцінства дзяўчынка пачала цікавіцца вершаскладаннем. У школьныя гады Таня напісала свае першыя вершы, якія друкаваліся ў раённай газеце “Родныя вытокі”. У выпускным класе нават пытанне не стаяла, куды паступаць. Лёс дзяўчыны быў вырашаны: Таццяна захацела звязаць жыццё з роднай мовай. Яна годна вытрымала ўступныя іспыты і стала студэнткай факультэта беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Студэнцкае жыццё дзяўчыны было афарбавана ў самыя яркія колеры: Таццяна ўдзельнічала ва ўніверсітэцкай самадзейнасці, наведвала з сябрамі тэатры, канцэрты. Але больш за ўсё яе вабіла журналістыка. Юная “філалагіня” працягвала ўдасканальваць свае пісьменніцкія здольнасці. Яна друкавала свае артыкулы ва ўніверсітэцкай газеце “Мы і час”, у віцебскай гарадской газеце “Віцьбічы”. 5 гадоў вучобы праляцелі імгненна, і вось у руках доўгачаканы дыплом аб вышэйшай адукацыі. Што далей? А далей дзяўчына вырашыла вярнуцца ў свой родны Докшыцкі раён. Так яна трапіла ў Глінскую сярэднюю школу, дзе спачатку працавала настаўніцай рускай і беларускай мовы і літаратуры.

“Першы год працы быў самым складаным, — працягвала дзяліцца са мной момантамі свайго жыцця мая малодшая калега. — Усё было ўпершыню. І нават педагагічная практыка, якую я праходзіла на старэйшых курсах універсітэта, не можа параўнацца з першым у жыцці ўрокам. Памятаю, сэрца моцна калацілася, калі я ішла на ўрок у 5 клас. Новая пасада, новыя абавязкі. Я — настаўніца.”

У гэты момант дзяўчына паглядзела ў акно і, відаць, аб нечым задумалася. Я ўсміхнулася і таксама ўспомніла свой першы настаўніцкі вопыт. Нашы думкі перарваў званок, і мы зноў разышліся кожная па сваіх справах.
Восень скончылася. Пачалася зіма. У лютым Таццяна кудысьці знікла. Праз некаторы час я даведалася, што дзяўчына зноў падалася ў студэнты, паступіўшы ўжо ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэт практычнай псіхалогіі. “Якая ўсё ж такі мэтанакіраваная дзяўчына гэтая Таццяна!” — падумала я тады.

Пра тое, што ў нашай калегі з’явіўся кніжны відэаблог, я даведалася з нашай “раёнкі”. “Родныя вытокі” паведамілі, што ў Докшыцах жыве настаўнік, які прапагандуе ў сетцы такое непапулярнае ў наш час чытанне. Зазірнула ў інтэрнэт. Неверагодна! Наша Таня ў кадры ўпэўненым голасам распавядае пра творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, праводзіць разнастайныя конкурсы, чытае ўласныя вершы. А вершы, дарэчы, у дзяўчыны цікавыя. Напэўна кожны, хто звернецца да яе творчасці, адшукае нешта кранальнае, зразумелае толькі яму. Разнастайнасць паэзіі Таццяны знайшла адлюстраванне ў невялічкім рускамоўным паэтычным зборніку “Взрослость”, які выйшаў у студзені 2018 года. Кніжка змяшчае 70 лепшых вершаў маладой паэткі.

“Хоць тыраж кнігі і невялікі, але ў рэшце рэшт здзейснілася галоўная мара майго дзяцінства, — шчыра прамовіла Таццяна і працягнула мне невялічкую тоненькую кніжачку. — Трымайце, калі ласка”.

У маіх руках падпісаны аўтарам зборнічак лірыкі… Не, гэта было нешта большае, гэта была мара ўсяго жыцця!.. Адразу прыгадаліся словы Роберта Раждзественскага: “Человеку надо мало…”. Сапраўды, як мала часам чалавеку трэба!..

Экзэмпляры кнігі паціху знаходзяць свах уладальнікаў, а Таццяна тым часам працягвае працаваць. “З выхадам кнігі амаль нічога ў маім жыцці не змянілася, — кажа маладая настаўніца. — Я рада, што мае творчыя дасягненні падтрымліваюць не толькі родныя, але і вучні, калегі. Значыць, я ўсё раблю правільна”.

Прыемна тое, што Таццяна не трымае свой талент у сабе, яна дзеліцца ім з іншымі: прывівае вучням любоў да роднага слова, развівае ў кожнага дзіцяці творчыя здольнасці, вучыць пісьменніцкаму майстэрству. Па яе ініцыятыве ў школе пачала выходзіць газета “Школьны экспрэс”, якая паступова набірае папулярнасць не толькі ў Крулеўшчыне, але і ў Докшыцкім раёне.

Вось ужо трэці год Таццяна Генадзьеўна працуе ў нашай школе, за плячыма амаль 5 гадоў стажу, атрымана другая адукацыя, і дзяўчыну нельга ўжо назваць зусім “зялёным” педагогам, але я і сёння памятаю нашу першую сустрэчу ў настаўніцкай і той дзень, калі я даведалася, хто такая Таццяна Саковіч.

Вольга ПАРНЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна.