Невычэрпны патэнцыял і творчы запал

- 16:07Навіны рэгіёнаў

Вынаходлівасць, творчы запал, нестандартнае мысленне, інавацыйны падыход — нават гэтыя словы не могуць цалкам ахарактарызаваць невычэрпны патэнцыял моладзі Магілёўскай вобласці. Наглядным пацвярджэннем таму сталі абласны этап рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, а таксама злёт вынаходнікаў і рацыяналізатараў — навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна.

Трофі-кар.

Мерапрыемствы прайшлі на базе Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7. У іх прынялі ўдзел больш за 500 навучэнцаў з 36 устаноў прафесійнай адукацыі рэгіёна. Уменні, веды, творчыя здольнасці і крэатыўнасць канкурсантаў ацэньваліся па 22 намінацыях. Экспанаты ўдзельнікаў размясціліся на некалькіх прасторных пляцоўках навучальнай установы: у фае першага і другога паверхаў, спартыўнай зале і нават на вуліцы перад уваходам у ліцэй. 

“Гэтыя два конкурсы — агляд інава­цыйнай творчасці і злёт вынаходнікаў — настолькі цесна пераплецены паміж сабой, што некаторыя экспанаты на законных падставах заяўлены адразу і там, і там, — адзначыў прадстаўнік аргкамітэта начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі абласнога інстытута развіцця адукацыі Вале­рый Георгіевіч Таўсціхін. — Дарэчы, ёсць узоры тэхнічнай творчасці, якія ўжо ­маюць рацыяналізатарскі патэнт. Гэта вынаходкі ўстаноў сельскагаспадарчага і машынабудаўнічага профілю, якія дазваляюць аблягчыць фізічную працу рабочага або спецыяліста. Ёсць рацыя­налізатарскія прапановы, ёсць проста вучэбныя ­макеты, якія можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Але ў першую чаргу, вядома, заўсёды ўражвае сама ідэя. Ва ўсіх прадстаўленых работах адчуваец­ца творчы палёт думкі чалавека, і гэта можна прачытаць у запаленых вачах дзяцей, якія прадстаўляюць свае работы. Непадробленую ціка­васць з боку вучняў, любоў да абранай імі справы можна ўбачыць нават у самым простым экспанаце. Менавіта гэта мяне штогод і здзіўляе”.

Ацэнка работ праводзілася ў прысутнасці аўтараў, якія прайшлі праз свое­асаблівую абарону свайго праекта. Яны павінны былі аргументаваць, наколькі іх прылады і прыборы карысныя і дастасавальныя да практыкі, а таксама эканамічна выгадныя. Ацэнку экспанатам давалі практыкі — людзі, якія ведаюць вытворчасць знутры. І патрабаванні да кожнай работы былі вельмі высокія. 

“У склад журы конкурсаў увайшлі перш за ўсё прадстаўнікі арганізацый-заказчыкаў: завода “Строммашына”, фабрыкі мастацкіх вырабаў, тэхнапарка  Магілёва, — адзначыў суразмоўца. — Супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў — гэта найважнейшы кірунак адукацый­на-
га працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі, які адлюстроўвае яго спецыфіку. Па-першае, гэта розныя віды практыкі, якія праходзяць ва ўмовах ­рэальнай вытворчасці, па-другое, усе формы ўзаемадзеяння з арганізацыя­мі: ад экскур­сій на прадпрыемства да сумесных кон­курсных праектаў. Наша мэта, каб наву­чэнец да заканчэння каледжа дакладна ўяўляў, якую прафесію ён будзе мець і што яму прыйдзецца рабіць у рэальным жыцці”.

Праект Юрыя Шадзько па эканоміі энергарэсурсаў.

Валерый Георгіевіч таксама падкрэсліў, наколькі важна навучэнцам і іх педагогам удзельнічаць у такіх конкурсах. “У любой прафесіі, нават на першы погляд самай простай, дасягнуць добрага выніку можна толькі дзякуючы творчасці, а ў сучасным свеце, які насычаны перадавымі тэхналогіямі, толькі творчасць і інавацыі дазваляюць дасягнуць па-сапраўднаму высокіх вяршынь, — падкрэсліў ён. — І гэты конкурс — добрая магчымасць праявіць сябе, паказаць унікальныя асаблівасці кожнай прафесіі”. 

Дарэчы, за час работы выставы яе наведалі з прафарыентацыйнай мэтай і звычайныя школьнікі. Яны азнаёміліся з установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, а таксама са спецыяльнасцямі, па якіх там можна прайсці навучанне. Гэта іншы, больш асэнсаваны, погляд на прапанаваныя згаданымі навучальнымі ўстановамі прафесіі.

Адзін з самых яркіх і вялікіх экспанатаў конкурсу можна было ўбачыць ужо пры ўваходзе ў прафесійны ліцэй — ім стаў абрэзаны і перапрафіляваны УАЗік. Аўтарам цяжкавагавага агрэгата, або трофі-кара, выступіў Вячаслаў Салымскі, трэ­цякурснік Магілёўскага політэхнічнага каледжа па спецыяльнасці “Тэхнічная зварка абсталявання”.

“Гэтая мадэль стваралася для таго, каб забяспечыць праходжанне цяжкадаступных месцаў, — расказаў будучы зваршчык-тэхнолаг. — Можна, напрыклад, выкарыстоўваць яе пры перасячэнні мохавых балот. Пры гэтым неабходна высадзіць экіпаж і спусціць колы ў нуль. Таксама агрэгат можа пераадольваць глыбокія водныя пера­шкоды”.

Па словах Вячаслава, яго эксперыментальная мадэль абсталявана кампрэсарам, раздатачнай каробкай перадач БТР для ўключэння поўнага прывода, а таксама паніжанай і павышанай перадачы. Пры абшыўцы корпуса выкарыстаны алюміній — лёгкі метал, які не ржавее. Каб увасобіць ідэю ў жыццё, спатрэбілася каля 2—3 месяцаў з перапынкамі.

Уладзімір Іванавіч Ярмілін, выкладчык Магілёўскага політэхнічнага каледжа і загадчык музея ўстановы адукацыі, расказвае пра конкурсныя праекты.

“Аналагі такіх усюдыходаў, вядома, ёсць, аднак яны шмат у чым прайгра­юць трофі-кару: тая ж амерыканская мадэль менш магутная і праходная, да таго ж яна большая па памерах”, — сказаў на заканчэнне суразмоўца.

Праект выкарыс­тання мэтавага ўключэння асвятлення прад­ставіў чацвёртакурснік політэхнічнага каледжа Юрый Шадзько. Хло­пец вучыцца па спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя электрапрыводы” і сур’ёзна заклапочаны праблемай эканоміі энергарэсурсаў. Так, вяртаючыся позна ўвечары дадому, ён звярнуў увагу на праезную частку дарогі: машын не было, а ліхтары ўсё роўна свяцілі. Ідэя прый­шла сама сабой: чаму б не паставіць на дарогах датчыкі руху, якія рэагуюць на набліжэнне машыны? Па словах Юрыя, такім чынам можна дабіцца практычна 20-кратнай эканоміі. Той электраэнергіі, якая за месяц траціцца ў горадзе на асвятленне дарог, пры ўмове ўстаноўкі падобных датчыкаў, з лішкам хапіла б больш чым на
1,5 года выкарыстання.

Яшчэ адзін праект — унікальны дадатак для мабільных тэлефонаў, накіраваны на пашырэнне кругагляду і патрыятычнае выхаванне моладзі з наступнай магчымасцю трансфармацыі ў экскурсійна-турыстычны праект. Яго аўтарам выступіў Яўген Мядзведзеў, навучэнец 3 курса Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне”. Кіраўніком работы стала выкладчык спецдысцыплін загадчык электратэхнічнага аддзялення каледжа Алена Міхайлаўна Міронава.

Усё максімальна проста: неабходна навесці тэлефон на QR-код, і ў га­джэце аўтаматычна з’явіцца карта Магілёва з нанесенымі на яе памятнымі месцамі, звязанымі з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны (вуліцы, названыя ў гонар герояў, помнікі, бюсты, мемарыялы і памятныя таблічкі). У гэтым дадатку таксама прадумана навігацыя па пошуку зададзеных славутасцей, а таксама размешчана поўная інфармацыя з апісаннем месца ці гістарычнай асобы, пра якую ідзе гаворка, і фота­здымкамі.  

“Праект ужо апрабавалі навучэнцы каледжа падчас куратарскіх гадзін і былі ў захапленні ад такой інтэрактыўнай формы засваення ведаў, — расказала Алена Міхайлаўна. — У перспектыве з дапамогай гэтага дадатку можна праводзіць гістарычныя квесты. Праграму таксама можна развіваць і ў галіне турызму. Гэта добрая дапамога для тых, хто хоча больш даведацца пра наш горад”.

Сёлета выстава атрымалася вельмі шырокай і разнапланавай. Тут можна было ўбачыць вялікую колькасць экспанатаў у абсалютна розных даследчых, рацыяналізатарскіх і дэкаратыўна-прыкладных напрамках: ад электронікі да дызайну інтэр’ера, адзення і скульп­турных кампазіцый, ад макетаў будынкаў і ўзораў садова-паркавага дызайну да машынабудавання і гэтак далей. Кожная работа прыцягвала ўвагу сваёй індывідуальнасцю, тэхнікай выканання, майстэрствам увасаблення ў жыццё. А самае галоўнае, у кожным экспанаце адчувалася імкненне ўдзельнікаў зрабіць навакольны свет і наша існаванне ў ім больш камфортным і зразумелым.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.