Незвычайная звычайная школа

- 15:05Навіны рэгіёнаў

Унікальны вопыт па духоўна­-маральным і грамадзянска-­патрыятычным выхаванні моладзі, першы ў раёне настаўнік­-метадыст, выпускнікі-­стабальнікі і персанальныя стыпендыі для самых паспяховых навучэнцаў, цікавыя даследаванні і праекты, інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць — усё гэта пра сярэднюю школу № 1 Лепеля. На першы погляд, звычайная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў беларускай глыбінцы. Але варта азнаёміцца бліжэй, і нарастае адчуванне незвычайнасці, што праяўляецца ў кожнай драбнічцы, а разам стварае адметнае прывабнае аблічча. 

Да поспехаў — разам

— Наша школа мае стабільны навучэнскі кантынгент — каля 600—650 чалавек, — пачала знаёмства кіраўнік педагагічнага калектыву Аксана Харлёнак. — Сярэдні бал вышэйшы за 7, кожны год сярод выпускнікоў ёсць медалісты. Якасць атрыманай адукацыі, правільны выбар профілю навучання моладзь пацвярджае высокімі баламі на цэнтралізаваным тэсціраванні і далейшай прафесійнай траекторыяй. Так, у 2019 годзе з шасцярых узнагароджаных залатым медалём двое атрымалі 100-бальныя сертыфікаты па біялогіі і адзін па хіміі, сёння яны вучацца ў медуніверсітэтах. З мінулагодніх выпускнікоў профільнага хіміка-біялагічнага класа 85 працэнтаў сталі студэнтамі вядучых УВА краіны; сёлета з чатырох медалістаў двое паступілі ў ВДМУ на “Лячэбную справу”. 

Выбудаваная сістэма работы спрыяе раскрыццю талентаў і здольнасцей навучэнцаў. Яны ахвотна ўдзельніча­юць у сацыяльна значных праектах, алімпіядах, канферэнцыях, конкурсах па вучэбных прадметах, творчых і спартыўных спаборніцтвах, прапануюць і рэалізуюць новыя ініцыятывы, разам з настаўнікамі, бацькамі пакараюць новыя вяршыні. Напрыклад, у мінулым годзе на абласным этапе “Энергамарафону” дыпломам III ступені была ўзнагароджана сям’я Адамовічаў, што прадстаўляла школу. Дарэчы, вынік групы школьнікаў, якія выступалі ў намінацыі “Літаратурная творчасць па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энерга­рэсурсаў”, яшчэ больш важкі — дыплом І ступені. Агульны залік перамог істотны, прычым іх след выразна прасочваецца ў школьнай адукацыйнай прасторы: калі гаварыць пра згаданы “Энергамарафон”, то, дзякуючы заахвочванню за перамогу, набыты і ўстаноўлены энергазберагальныя свяцільні. З 2012 года кожную чвэрць тром навучэнцам 9—11 класаў прызначаюцца стыпендыі ад мнагапрофільнага медыцынскага цэнтра “ЛОДЭ”. У школе вучыўся бацька яго дырэктара Уладзіміра Гарбачова — вядомы кардыёлаг прафесар Уладзімір Гарбачоў, зараз у калектыве таксама ёсць выпускнікі. Цэнтр аказвае ўстанове адукацыі значную спонсарскую падтрымку, у тым ліку выдзяляе сродкі на прэміраванне самых паспяховых школьнікаў. Такім чынам за год адзначаюцца 12 чалавек, памер персанальнага заахвочвання складае 100 рублёў. Выпускніца школы Лізавета Клавовіч увайшла ў пяцёрку сёлетніх лаўрэатаў прэміі Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду. 

Лепельскія Велікодныя чытанні — адзіныя на Віцебшчыне. Сёлета выступленні аб’яднала тэма “Гістарычная памяць народа — аснова духоўнасці і патрыятызму”.

— Надзейны арыенцір для дзяцей і падлеткаў — нашы педагогі, якія актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у прафесійных, творчых спаборніцтвах рознага ўзроўню, — падкрэсліла Аксана Харлёнак. — Мы маем пэўныя дасягненні, але заўсёды імкнёмся да большага. У прыклад можна прывесці ўдзел у міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці” на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Сцежку на фестываль праклала мой намеснік па вучэбнай рабоце Жанна Карпіцкая: у 2019 годзе яе стэндавы даклад па праекце адукацыйнага падарожжа “Вобраз малой радзімы ў творчасці мастакоў-землякоў” сярод лепшых у намінацыі адзначаны пахвальным лістом. Праз год педагог Наталля Плігаўка была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені за праект “Укараненне мадэлі цьютарскага суправаджэння інтэлектуальна адораных навучэнцаў з дапамогай індывідуальнай адукацыйнай праграмы ў працэсе прафесійнага станаўлення”. Загадчык школьнай бібліятэкі Алена Хацкевіч разам з навучэнцамі штогод удзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. На абласным этапе за 2 мінулыя гады яна атрымлівала дыпломы ІІІ ступені, сёлета — ІІ ступені: паступова расцём і нацэльваемся на фінал. Настаўнік працоўнага навучання Ігар Будрэвіч — аўтар цудоўнага макета царквы Святой Параскевы Пятніцы, прадстаўленага потым на выставе-конкурсе ў праграме абласных “Дажынак”. За плячыма настаўніц Кацярыны Юсупавай, Марыі Асоўскай, Вікторыі Мартыненка — найкаштоўнейшы вопыт удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Марыя Іосіфаўна першай з педагогаў Лепельшчыны атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

Інавацыі ў рэжыме non-stop

Захоўваючы традыцыі, педагагічны калектыў працуе ў рэжыме інавацый. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыны Кляшторнай, практычна бесперапынна школа з’яўляецца пляцоўкай рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў: па цьютарскім суправаджэнні, фарміраванні мадэлі развіцця лагічнага мыслення ў навучэнцаў, вывучэнні праваслаўных святынь Беларусі на факультатыўных занятках, укараненні мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях. З верасня ўстанова адукацыі стартавала ў новым праекце па ўкараненні тэхналогіі мнагамернага чытання пры фарміраванні функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў. На працягу многіх гадоў школа з’яўляецца раённай апорнай пляцоўкай па вывучэнні, апрабацыі і трансляцыі вопыту духоўна-маральнага выхавання на аснове праваслаўных традыцый. З 2005 года педагогі плённа працуюць з навучэнцамі і іх бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) у цесным кантакце з Лепельскім дабрачыннем. За гэты час склалася эфектыўная мадэль работы, што аб’яднала нямала актыўных форм і педагагічных знаходак.

— Мы паэтапна рухаліся і ў 2020 го­дзе прыйшлі да адкрыцця рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, — расказала Аксана Харлёнак. — Важным крокам стала арганізацыя раённых адукацыйных Велікодных чытанняў, ініцыя­тарам якіх выступіла ў 2010 годзе мая папярэдніца на дырэктарскай пасадзе Валянціна Хацкевіч. Навучэнцы і педагогі штогод бяруць удзел у Рэспубліканскіх Свята-Ефрасіннеўскіх педагагічных чытаннях у Полацку, Кірыла-Мяфодзіеўскіх адукацыйных чытаннях для дзяцей і моладзі, абласных адукацыйных Стрэчанскіх чытаннях у Віцебску, раённым праваслаўным фестывалі “Віфлеемская зорка”. У рабоце мы кіруемся пагадненнем аб супрацоўніцтве аддзела па адукацыі райвыканкама і Лепельскага дабрачыння Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2021—2025 гады, распрацаванай на аснове абласнога і рэспубліканскага пагадненняў.

Праектная дзейнасць — магутны рэсурс

Фармат Калядных адукацыйных чытанняў даволі распаўсюджаны; лепельскія Велікодныя чытанні — адзіныя на Віцебшчыне. Сёлета выступленні аб’яднала тэма “Гістарычная памяць народа — аснова духоўнасці і патрыятызму”. Падчас сустрэчы ў рэсурсным цэнтры Жанна Карпіцкая засяродзіла ўвагу на выкарыстанні педагогамі пачатковай школы такой формы пазавучэбнай дзейнасці, як даследчыя праекты ў рамках адукацыйнага падарожжа. 

У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў чацвёртакласнікі выйшлі на даследчы праект “У Вялікай Перамогі іх абліччы”, прысвечаны гераічнаму подзвігу ўраджэнца Лепельскага раёна Героя Савецкага Саюза Паўла Ялугіна. У ходзе наступнага адукацыйнага падарожжа навучэнцы больш даведаліся пра легендарнага Аляксея Данукалава, імя якога носіць адна з галоўных вуліц райцэнтра. Вынікі праекта “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць” юныя даследчыкі аформілі ў выглядзе інфармацыйнай газеты “Галерэя памяці”. Праўнукі падпалкоўніка ў адстаўцы Ісаака Прыцкера, які ў маі 1945 года паставіў подпіс на рэйхстагу, сабралі інфармацыю аб мінулым ветэрана, вывучылі лісты, газетныя выразкі, іншыя сямейныя рэліквіі і выпусцілі буклет “Баявы шлях нашага прадзеда”. Даследаванні школьнікаў папаўняюць скарбонку матэрыялаў факультатыўных заняткаў “Праваслаўныя святыні Беларусі”. Яскравым прыкладам тут можа паслужыць праект, дзе вывучаны храм Святога Георгія Перамаганосца як помнік гісторыі і архітэктуры, яго значэнне ў жыцці населенага пункта і яго жыхароў. У праекце “Ад гісторыі будынка да гісторыі горада” складзены летапіс аднаго з самых старажытных будынкаў райцэнтра, дзе зараз знаходзіцца рэдакцыя газеты “Лепельскі край”. Шэраг навучэнскіх даследаванняў звязаны з народнымі промысламі. Так нарадзіліся праекты “Чарадзейства лепельскіх паясоў”, “Лепель ад слова “ляпіць”, “Тканыя скарбы лепельскай зямлі”, аўтары якіх не проста дэталёва вывучылі матэрыял і раскрылі выбраныя тэмы, але і навучыліся, напрыклад, ткаць пояс па старажытнай тэхналогіі. На аснове сабраных у ходзе даследчага праекта “Родны горад вывучаем і задачы складаем” матэрыялаў гістарычнага і краязнаўчага зместу малодшыя школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніц Ірыны Грынкевіч і Ларысы Палонскай склалі зборнік “Гісторыя горада Лепеля ў задачах”. 

Сярод традыцыйных школьных праектаў — Тыдзень маці, Калядны і Велікодны фестывалі, “Жывая памяць”, дзіцячы аздараўленчы лагер “Семь+Я”. Школа актыўна ўдзельнічае ў акцыях “Руку сябру працягні”, “Ветэран жыве побач”, “Абеліск”, “Беларусь памятае”. Для малодшых школьнікаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Біблейскія сюжэты Старога і Новага Запавету” і “Асновы праваслаўнай культуры”, якія право­дзяць адпаведна дабрачынны цэркваў Лепельскай акругі протаіерэй Сергій Ляшкевіч і настаўніца пачатковых класаў Алена Кузьмічонак. 

— Наша даўняе сяброўства і супрацоўніцтва прыносіць плён, — упэўнены айцец Сергій. — Звычайна мы ў храме Святой Параскевы Пятніцы служым малебен або літургію, потым у школе праводзім чытанні, запрашаем гасцей з Віцебска, прадстаўнікоў улады, грамадскіх арганізацый. Яшчэ ў нас цікавы Калядны турнір па валейболе, у якім штогодудзельнічаюць каля 200 дзяцей, і гуляюць яны з задавальненнем. Ведаю, што некаторыя не парываюць з валейболам пасля заканчэння школы, уваходзяць ва ўніверсітэцкія зборныя. Таксама сумесна з аддзелам па адукацыі — школа і царква — арганізоўваем адукацыйныя экскурсіі, краязнаўчыя экспедыцыі, турыстычныя паходы па святых і гістарычных мясцінах. Вялікая работа вядзецца на базе рэсурснага цэнтра. Факультатыўныя заняткі — жывыя зносіны, якія вучаць дзяцей добраму. Урокі праходзяць у нефармальнай атмасферы. Мінут 10—15 займаемся па тэме, потым глядзім кіна- або відэаматэрыял духоўнай накіраванасці, неабавязкова царкоўнай. Абмяркоўваем яго, а можам проста паразважаць пра сямейныя каштоўнасці, пагутарыць пра царкоўнае ці свецкае свята. Радасна бачыць, як мяняюцца паводзіны дзяцей, зусім іншыя адносіны наладжваюцца ў класе.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.