Ніводная дзяржава не можа адна справіцца з выклікамі тэрарызму

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Справіцца з выклікамі тэрарызму можна толькі пры самай цеснай каардынацыі дзеянняў на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў на адкрыцці Міжнароднай канферэнцыі “Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху”.

“У сучасным глабалізаваным свеце ракавая пухліна тэрарызму прадаўжае падточваць імунную сістэму чалавецтва. Тэрарызм не ведае меж, працягвае ўмацоўвацца колькасна, ідэалагічна і фінансава, адыгрывае самастойную ролю ў асобных рэгіянальных канфліктах. Ніводная дзяржава свету не можа адна справіцца з выклікамі тэрарызму. Ключ да поспеху — у самай цеснай каардынацыі дзеянняў на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях”, — перакананы Уладзімір Макей.

Міністр падкрэсліў, што галоўная роля ў барацьбе з тэрарызмам належыць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай усіх асноўных універсальных дагавораў па гэтай праблематыцы, распрацаваных пад эгідай ААН.

Важкі ўклад у процідзеянне тэрарыстычнай пагрозе ў рэгіёне ўносіць АБСЕ, адзначыў Уладзімір Макей. Па ініцыятыве Беларусі ў 2007 годзе на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін АБСЕ ў Мадрыдзе было прынята рашэнне аб абароне найважнейшых аб’ектаў энергетычнай інфраструктуры ад тэрарыстычных нападаў. У 2012 годзе беларускі бок усямерна садзейнічаў прыняццю кансалідаванай канцэптуальнай базы АБСЕ для барацьбы з тэрарызмам.

Уладзімір Макей нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы год назад на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску, прапанаваў пачаць новы маштабны міжнародны дыялог па пытаннях бяспекі, які, на яго погляд, дапамог бы пераадолець глыбокі крызіс у міжнародных адносінах і сумесна выпрацаваць механізмы па ўмацаванні міру і міжнароднай бяспекі, дасягненні ўстойлівага развіцця. У ліку элементаў такога дыялогу кіраўнік дзяржавы абазначыў барацьбу з міжнародным тэрарызмам і забеспячэнне кібербяспекі.

“Сустрэчы, аналагічныя сённяшняй, з удзелам шырокага кола высокакваліфікаваных экспертаў, якія прадстаўляюць дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, з’яўляюцца важнымі звёнамі ў ланцужку мер па барацьбе з тэрарызмам на рэгіянальным і глабальным узроўнях. Перакананы, што для выпрацоўкі агульных падыходаў у процістаянні тэрарызму неабходны непалітызаваны экспертны дыялог. Разлічваем, што гэтая сустрэча дасць магчымасць кансалідаваць намаганні па процідзеянні тэрарызму ў лічбавую эпоху і намеціць далейшыя практычныя крокі ў гэтым напрамку”, — дадаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.