Нізкі паклон і словы падзякі настаўнікам

- 9:20Адукацыйная прастора

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава 1 верасня прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці рэканструяванай гімназіі № 25 Мінска.

— Па добрай даўняй традыцыі 1 верасня адзначаецца Дзень ведаў. Наша краіна мае выдатную сістэму адукацыі. Кожны год абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база ва ўстановах адукацыі, будуюцца новыя школы, рэканструююцца і мадэрнізуюцца дзеючыя, ствараюцца ўсе ўмовы, каб нашым дзецям было камфортна атрымліваць веды, настаўнікам добра працавалася, а бацькі не хваляваліся, у якіх умовах вучацца дзеці, — сказала Наталля Качанава.

Чатырохпавярховы будынак гімназіі № 25 рэканструявалі, абнавілі фасад і пабудавалі стадыён. У навучальнай установе — новая планіроўка і размяшчэнне вучэбных кабінетаў, з’явілася сталовая з харчаблокам. Гімназія абсталявана відэакамерамі і сучаснай сіс-тэмай кантролю доступу. Раней тут атрымлівалі адукацыю вучні 5—11 класаў, а з гэтага навучальнага года ў корпусе, які далучылі праз пераходную галерэю, будуць займацца і 1—4 класы.

— Сёння пасля рэканструкцыі гасцінна адчыніліся дзверы гімназіі, і гэтага моманту так чакалі настаўнікі, бацькі, выпускнікі. Установа доўга рэканструявалася, але гэта таго каштавала — тут створаны абсалютна ўсе ўмовы, якія даю ць магчымасць дзецям атрымліваць веды і дапамагаюць педагогам у рабоце: лінгвістычныя кабінеты, інфармацыйныя класы для вывучэння ІТ-сферы. Акрамя таго, тут ёсць кабінеты працоўнага навучання, паколькі для маладога чалавека вельмі важныя такія ўменні, як гатаванне ежы, шыццё, сталярная справа, — адзначыла Наталля Качанава. — У гэтай гімназіі асаблівая аўра, паколькі тут шануюць слаўныя традыцыі. Пацвярджэнне таму — музей гісторыі адукацыі Заводскага раёна Мінска. Гэта тое, што сёння дапамагае выхоўваць маладое пакаленне.

Паводле яе слоў, свята асабліва хвалюючае для першакласнікаў, якія ўпершыню пераступілі парог гімназіі. 

— Упэўнена, яна стане для вас роднай. Ганарыцеся сваёй краінай, любіце яе і сваю школу, — звярнулася да вучняў Наталля Качанава. — Тым, хто ў гэтым навучальным годзе завяршае адукацыйны працэс, жадаю вызначыцца з будучай прафесіяй, спецыяльнасцю. Але памятайце: вы патрэбны сваёй радзіме.

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі, гэты дзень — яшчэ адна нагода выказаць удзячнасць педагогам:

— Нізкі ім паклон і словы падзякі за няпростую, але такую важную для нашай краіны, як і любой дзяржавы, працу. Выкладчыкі сваёй высакароднай працай ствараюць будучыню Беларусі. Як нядаўна сказаў прэзідэнт на Рэспубліканскім педагагічным савеце, сістэма адукацыі — апора дзяржаўнасці.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што сёння сем’і актыўна падключаюцца да вучэбнага працэсу. 

— Толькі сумеснымі намаганнямі можна зрабіць усё, каб нашы дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі рэспублікі, — падкрэсліла яна. — Я шчыра віншую ўсіх з гэтай падзеяй, жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту на карысць роднай Беларусі.

— Гімназія пасля рэканструкцыі змянілася. Упэўнены, яна стане домам для вучняў. Гэта вельмі важна, таму што ў школе фарміруецца чалавек, у ёй ён чэрпае самае галоўнае — веды, якія дапамагаюць у далейшым жыцці, — дадаў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

На ўрачыстай лінейцы школьнікі і педагогі парадавалі гасцей творчымі нумарамі. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўручыла дырэктару гімназіі Таццяне Яноўскай сертыфікат на набыццё мультымедыйнага абсталявання. Першакласнікі атрымалі падарункі ад прэзідэнта — кнігі “Беларусь — наша Радзіма”. Пасля першага званка ўсе дзеці адправіліся на першы ў новым навучальным годзе ўрок на тэму адзінства народа.

Па матэрыялах БелТА.