Новае падарожжа “арганаўтаў”

- 15:28Нам пішуць

Прыхільнікам старажытнагрэчаскай міфалогіі добра вядомы паход слаўных элінаў. Я ж распавяду пра некалькі дзён падарожжа ў лета атрада “Арганаўты” з неперасоўнага профільнага палатачнага лагера з кругласутачным знаходжаннем, які арганізаваны сёлета ва ўстанове адукацыі Лелюкінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, што на Іўеўшчыне.

Незвычайнае і займальнае падарожжа пачалося 11 чэрвеня. Як водзіцца, перад “адплыццём” у звонкае лета было падрыхтавана ўсё неабходнае: вызначана месца штаба лагера, размеркаваны абавязкі, разбіты палатачны гарадок, сабраны спартыўны інвентар, распрацаваны план штодзённых спраў і зацверджаны маршрут пешага паходу. Дзень быў насычаны і прадуктыўны, кожнаму знайшлася справа па душы.

Юным арганаўтам запомніліся і ўрачыстая лінейка з нагоды адкрыцця лагернай змены, і святочная канцэртная праграма “Алё, мы шукаем таленты!”. Захапілі і дзелавая гульня “Бюджэт маёй сям’і”, і інтэлектуальныя спаборніцтвы “Эрудыты планеты”, і вячэрні агеньчык “Шакалад: “за” або “супраць”. Чарговы раз мы пераканаліся, якія разумныя, таленавітыя і ініцыятыўныя нашы хлопчыкі і дзяўчынкі.

Дзень трэці падарожжа пераўзышоў усе чаканні юных “мараплаўцаў”. Пасля сняданку выхаванцы адправіліся ў Іўе, дзе ўзялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу і ў перадачы эстафеты “100 гадоў на варце межаў” у гонар 100-годдзя пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Вярнуўшыся ў лагер, прайшлі турыстычны практыкум і адправіліся ў падарожжа па сцяжынках малой радзімы. “Марш-кідок у лета” праходзіў па маршруце Лелюкі — Мільва — Бярэзіна. Даведаўшыся шмат новага з гісторыі суседніх вёсак і пагутарыўшы з мясцовымі старажыламі, адпачывальнікі на суткі спыніліся на тэрыторыі аграсядзібы “Мільва — Бярэзіна”.

Гаспадыня сядзібы — гасцінная Святлана ў якасці спонсарскай дапамогі падарыла дзецям і дарослым выдатны адпачынак у маляўнічым месцы на беразе ракі Заходняя Бярэзіна. Экскурсія па сядзібе, лазня і басейн, рухомыя гульні і запальны флэшмоб, вячэрняе вогнішча і дыскатэка на вольным паветры, юшка і печаная бульбачка, песні і душэўныя размовы за кубкам духмянай травяной гарбаты яшчэ больш згуртавалі дзяцей і дарослых.

Якое ж выдатнае наша падарожжа ў лета! Наперадзе яшчэ шэсць дзіўных, яркіх і незабыўных дзён незвычайнага вандравання. Спадзяёмся, гэтыя дні будуць напоўнены новымі ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі. А залатое руно — выдатны летні адпачынак — доўга-доўга будзе саграваць трапяткія дзіцячыя сэрцы.

А. БАЛАНОВІЧ,
дырэктар лагера “Арганаўты”.