Новая пляцоўка для супрацоўніцтва

- 14:03Адукацыйная прастора

Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і расійскай аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыяй “Лідары міжнароднага супрацоўніцтва” падпісана ў Віцебску ў ходзе першага форуму маладых лідараў Расіі і Беларусі.

У рамках мерапрыемства ў абласным цэнтры 18—19 снежня адбыўся маладзёжны адукацыйны інтэрнэт-форум, што аб’яднаў больш за 50 прадстаўнікоў гарадоў і раёнаў Віцебшчыны, якія вытрымалі папярэдні конкурсны адбор. Урачыстае адкрыццё і адкрыты дыялог “Беларусь: традыцыі і сучаснасць” прайшлі ў аблвыканкаме. Вітаючы ўдзельнікаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў асобна анансаваў: у адпаведнасці з парадкам дня форуму, заняткі з моладдзю па некалькіх адукацыйных блоках падрыхтавалі ўнікальныя спецыялісты, запрошаныя ў якасці спікераў і экспертаў.

— Праграма насычаная і цікавая, яна складзена так, каб маладыя лю­дзі ў добрым сэнсе слова стамляліся, змаглі не толькі атрымаць максімум інфармацыі, але і разам са спецыялістамі па адпаведных напрамках абмяркоўвалі і ўдумліва аналізавалі дадзеную інфармацыю, — паведаміў дырэктар па сувязях з дыпламатычным корпусам і міжнароднымі арганізацыямі АНА “Лідары міжнароднага супрацоўніцтва” старшыня Смаленскай абласной грамадскай арганізацыі Расійскага Саюза Моладзі Яўген Захаранкаў. — Маюцца на ўвазе не лекцыі, а інтэнсіўны двухбаковы дыялог паміж экспертамі і ўдзельнікамі праекта. У сваю чаргу, заключанае сёння пагадненне аб супрацоўніцтве, як мне здаецца, мае ключавое значэнне на стратэгічную перспектыву. Арганізацыя з першай у Беларусі падпісвае пагадненне менавіта з Віцебскай вобласцю, што таксама немалаважна і наглядна пацвярджае: рэгіён адкрыты для ўзаемадзеяння, дыялогу з усімі канструктыўнымі грамад­скімі аб’яднаннямі як у краіне, так і за яе межамі. На працягу многіх гадоў мы эфектыўна працуем з Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Зараз пачынаецца новая гісторыя. “Лідары міжнароднага супрацоўніцтва” набіраюць абароты. Так, толькі сёлета за нашымі плячыма плённая работа ў рамках форума краін BRICS, сустрэчы лідараў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Літаральна тры дні назад мы з калегамі прыехалі з Казані, дзе ўдзельнічалі ў адкрыцці праектнага офіса краін Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, і ўжо знаходзімся ў Віцебску. У нас вялікія планы, у тым ліку сумесныя з беларускімі партнёрамі, і на 2021 год. Цяперашні форум сабраў пераважна моладзь памежных рэгіёнаў. У наступным годзе мы мяркуем пашырыць маштаб, праводзіць мерапрыемства без рэгіянальных абмежаванняў.

У ліку напрамкаў работы форуму — грамадская дыпламатыя і супрацоўніцтва ў медыясферы, лічбавізацыя, сацыяльныя сеткі, SMM, маладзёжная палітыка, журналістыка і PR, сацыяльнае праектаванне. Праграма мерапрыемства прадугледжвала фармат “афлайн-анлайн”, таму яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек далучыліся да яго дыстанцыйна. Для тых, хто ўдзельнічаў у форуме праз інтэрнэт, не існавала рэгіянальных абмежаванняў, аднак анлайн-сесіі па часе былі прывязаны да канкрэтных майстар-класаў і адукацыйных семінараў.

— Спадзяюся, што закладзеныя сёння парасткі дадуць добрыя плады, — падзяліўся меркаваннем начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў. — Геаграфія нашага міжнароднага супрацоўніцтва пашыраецца, у ліку партнёраў рэгіёна як нашы блізкія суседзі, Пскоўская і Смаленская вобласці, так і Калінінград, Рэспубліка Комі, Хабараўск. Наступны маладзёжны форум у Верхнядзвінскім раёне, на мяжы трох дзяржаў, пройдзе ў нас у новым фармаце. Безумоўна, сумесныя справы, што паспяхова здзяйсняе наша моладзь, умацоўваюць фундамент сяброўства і будучыні нашых краін.

Пасля пераезду ў Бешанковіцкі раён у гасцінічным комплексе “Серебряный родник” стартавала разлічаная на два дні серыя адукацыйных сесій, дзе мадэратарам выступіў генеральны дырэктар АНА “Лідары міжнароднага супрацоўніцтва” Аляксандр Цюрчаў. Новым медыя і тэхналогіям канструктыўнага развіцця сеткі прысвяціў заняткі дырэктар па грамадскіх і культурных праектах Нацыянальнага турыстычнага саюза (Расія) Ілья Вольвіч. Заснавальнік і ўладальнік кампаніі “Інтэрнэт-вышук” (интернет-розыск.рф), кіраўнік аддзела спецыяльных распрацовак Тэхнапарка Санкт-Пецярбурга Ігар Бедараў прапанаваў “Лекцыю, якае пагражае стаць сенсацыйнай”: экс­перт у галіне кіберрасследванняў паставіў задачу расказаць пра дэанамізацыю карыстальнікаў Telegram і высветліць, ці сапраўды месенджар Паўла Дурава такі ананімны, якім ён лічыцца. Ролю паліттэхналогій у сістэме грамадскіх зносін моладзь аналізавала разам з дырэктарам АНА “Лідары міжнароднага супрацоўніцтва” па рабоце з дзяржорганамі і СМІ кандыдатам палітычных навук Андрэем Ткачэнкам. Наступны дзень форуму адкрыла адукацыйная сесія “Сучасныя законы інфаполя. Як людзі бачац­ь і кіруюць інфармацыяй”, што правяла начальнік кіравання праектамі ў галіне адукацыі і сацыяльнай сферы дырэкцыі сацыяльных праектаў Міжнароднага інфармацыйнага агенцтва “Расія Сёння” Наталля Цюрына. Менеджар дзяржаўных медыя­праектаў названага агенцтва Іван Громаў вынес на абмеркаванне два асноўныя пытанні: “Новыя медыя. Што гэта?” і “Імерсіўныя гісторыі: навошта СМІ віртуальная рэальнасць?” Не менш цікавай і актуальнай атрымалася сустрэча з прадстаўнікамі RU-CENTER — першым намеснікам генеральнага дырэктара Андрэем Кузьмічовым і кіраўніком напрамку развіцця сервісаў рэгістрацыі імёнаў у новых і замежных доменах верхняга ўзроўню, тэхнічным дырэктарам фонду са­дзейнічання развіццю тэхналогій і інфраструктуры інтэрнэт Сяргеем Гарбуновым, якія былі экспертамі адукацыйнай сесіі “Інфраструктура інтэрнэту”.

Адным з асноўных пунктаў у праграме форуму было падвя­дзенне вынікаў і абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва маладзёжных арганізацый Расіі і Беларусі. Як падкрэслілі арганізатары, асаблівае значэнне тут маюць ініцыятывы патрыятычнай накіраванасці і звязаныя з грамадскай дыпламатыяй. Сярод самых маштабных — праект “Дарога памяці”, які па блоках, уключаючы злёты, форумы, сустрэчы, аўтапрабегі, адукацыйныя пляцоўкі, гістарычныя хакатоны, рэалізуецца на працягу года. Шэраг сумесных мерапрыемстваў запланаваны на люты, а ў красавіку рыхтуецца аўтапрабег: моладзь з Расіі і Беларусі адправіцца на аўто­бусах ад Паклоннай гары ў Маскве да Брэсцкай крэпасці, наведваючы населеныя пункты, чые назвы вогненнымі літарамі ўпісаны ў летапіс Вялікай Айчыннай вайны, абласныя цэнтры, месцы воінскіх пахаванняў. Завершыць аўтапрабег міжнародны патрыятычны форум у Брэсце.

— У нашай моладзі ёсць вялікі патэнцыял для развіцця кантактаў і моцнае жаданне супрацоўнічаць, — выказаў упэўненнасць першы сакратар Віцебскага абкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Уладзімір Бабічаў. — А значыць, мы не проста зацікаўлены ў працягу распачатага раней. Абавязкова будуць новыя цікавыя праекты, якія велізарнай камандай, з удзелам беларусаў і расіян, будзем рэалізоўваць.

Арганізатарамі форуму з’яў­ляюцца Віцебскі абласны Савет дэпутатаў, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Смаленская абласная арганізацыя Расійскага саюза моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.