Новы ўзровень у вывучэнні нямецкай мовы

- 10:12Адукацыйная прастора, Рознае

У гомельскай сярэдняй школе № 49 сустракалі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэра Дэтмара. Мэта візіту ва ўстанову была прыемнай і важнай: пасол уручыў моўныя дыпломы міжнароднага ўзору 30 вучням, якія паспяхова здалі экзамен па нямецкай мове.

49-я школа — адзіная ў Гомелі і вобласці, скіраваная на паглыбленае вывучэнне нямецкай мовы, а яе навучэнцы маюць магчымасць бясплатна здаць экзамен на атрыманне міжнароднага моўнага дыплома. Усё гэта адбываецца ў рамках пілотнага міжнароднага праекта, які рэалізоўвае Цэнтральнае ўпраўленне па справах школьнай адукацыі за мяжой пры падтрымцы Пасольства Германіі з 2011 года. За чатыры гады амаль 70 вучняў гомельскай школы скарысталіся такой магчымасцю, і сёння яны маюць на руках міжнародныя моўныя дыпломы І ступені, якія дазваляюць ім праходзіць навучанне на падрыхтоўчых курсах ва ўстановах вышэйшай адукацыі Германіі. Сёлета межы пашырыліся, і ў школьнікаў з’явілася неверагодная магчымасць атрымаць і больш каштоўныя дыпломы ІІ ступені. У гэтым годзе такіх шчасліўчыкаў у 49-й школе аказалася шэсць: у дваіх дыпломы В2, у чатырох — С1. Калі ў выпускніка ёсць такі дакумент, перад ім адчынены дзверы любога нямецкага ўніверсітэта. Іншымі словамі, непатрэбна праходзіць падрыхтоўчыя курсы, а можна адразу падаваць дакументы на тую спецыяльнасць, аб якой марыцца. Да таго ж дыпломы як І, так і ІІ ступені дазваляюць працаваць на сумесных нямецкіх прадпрыемствах як у Беларусі, так і іншых краінах.
— Мы бачым, што ў дзяцей ёсць жывы інтарэс да вывучэння нямецкай мовы, — гаворыць дырэктар школы Андрэй Жыльнікаў. — Сёння валодаць замежнай мовай і мець добрую адукацыю вельмі важна, гэта адкрывае вялікія перспектывы перад чалавекам, таму мы вельмі ганарымся, што ў нашых вучняў ёсць такія магчымасці.

Пры гэтым варта адзначыць, што здача экзамену на атрыманне міжнароднага моўнага дыплома ў рамках праекта абсалютна бясплатная, у той час як гэты працэс у Інстытуце Гётэ ў Мінску каштуе недзе каля 900 еўра. Што тычыцца падрыхтоўкі, да іспыту дзяцей рыхтуюць свае настаўнікі. Амаль ўсе яны прайшлі стажыроўку ў Германіі. Акрамя таго, ужо некалькі гадоў запар у школе працуюць выкладчыкі-валанцёры з Германіі, а гэта вялікая дапамога як у маўленні, так і ў вывучэнні культуры і традыцый нямецкага народа.

Пакуль у актавай зале рыхтаваліся да цырымоніі ўручэння дыпломаў, кіраўніцтва школы прапанавала Петэру Дэтмару прайсціся па горадзе майстроў, які раскінуўся на школьным калідоры. Майстры і спевакі, ролю якіх выконвалі школьнікі — ад самых маленькіх да выпускнікоў — прадэманстравалі гасцям веданне нямецкай мовы. Пасол быў прыемна здзіўлены, што па-нямецку тут размаўляюць нават настаўнікі пачатковых класаў, яны ж і закладваюць малым асновы замежнай мовы.

Уручэнне дыпломаў у сярэдняй школе № 49 — гэта заўсёды ўрачыстае свята для педагогаў, вучняў і бацькоў. Нязменнымі гасцямі ў гэты дзень становяцца прадстаўнікі пасольства, а таксама каардынатар вывучэння нямецкай мовы ў Беларусі Вернер Ліберкнехт і яго жонка, якія па-сапраўднаму хварэюць за кожнае дзіця, якое праходзіць іспыт на веданне мовы. Прыемна, што і мясцовыя органы ўлады ў сферы адукацыі таксама знаходзяць час, каб раздзяліць у гэты дзень радасць з вучнямі і настаўнікамі.

Перадаючы моўныя дыпломы іх уладальнікам, спадар Дэтмар жадаў поспехаў у далейшых намаганнях і выказваў надзею, што вывучэнне імі нямецкай мовы не спыніцца пасля заканчэння школы.

— Дыплом не галоўная мэта ўсіх вашых намаганняў, — адзначыў пасол. — Вы павінны не забываць, што ён адкрывае шырокія магчымасці для пабудовы паспяховай кар’еры ў будучыні, якая можа прынесці нямала карысці для падтрымання і далейшага развіцця адносін паміж нашымі краінамі.

Петэр Дэтмар таксама адзначыў высокі ўзровень лінгвістычнай падрыхтоўкі вучняў, выказаў словы падзякі педагагічнаму калектыву і адміністрацыі школы.

Пасля ўручэння дыпломаў працаваў свабодны мікрафон. Навучэнцы і педагогі маглі задаваць Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь самыя розныя пытанні. Зразумела, на нямецкай мове. Размова атрымалася цікавай і змястоўнай. Спадар Дэтмар расказваў пра сябе і пра адукацыю ў Германіі, шмат жартаваў. Прызнацца, пасля такога мерапрыемства з’яўляецца жаданне заняцца вывучэннем нямецкай мовы. І няхай ты даўно перарос школьныя гады і калі і дацягнеш да запаветнага міжнароднага дыплома, то прыйдзецца выкласці немалую суму грошай на яго атрыманне, а ўсё ж стымул неверагодны. А што гаварыць пра школьнікаў! Нядзіўна, што з кожным годам усё больш юнакоў і дзяўчат гомельскай сярэдняй школы № 49 імкнуцца вывучаць замежную мову паглыблена і з задавальненнем выкарыстоўваюць для гэтага як непасрэдна ўрокі, так і факультатыўныя заняткі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.