Новы час — новыя выклікі

- 12:39Кампетэнтна

Не пытайцеся, каму патрэбны вы; думайце, хто патрэбен вам

Форум выпускнікоў 2018 года стыпендыяльнай праграмы Еўрапейскага саюза для маладых беларусаў сабраў у Мінску больш за 70 бакалаўраў і магістраў. Згаданая праграма нацэлена на вяртанне моладзі ў Беларусь пасля заканчэння навучання дзеля стварэння лепшай будучыні сваёй краіны.

Пачынаючы з 2011 года Еўрапейскі саюз выдзеліў стыпендыі 300 маладым беларусам для навучання ў 250 акрэдытаваных універсітэтах краін ЕС у такіх галінах, як эканоміка, права, ахова здароўя, прыродазнаўчыя, інжынерныя, сацыяльныя навукі і прадпрымальніцтва.

Вітаючы выпускнікоў, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі пасол Андрэа Віктарын падкрэсліла: “Еўрапейскі саюз падтрымлівае праграмы мабільнасці, у тым ліку стыпендыяльныя, для таго, каб беларусы, паехаўшы ў іншыя краіны, змаглі больш даведацца пра сябе і сваю краіну”.

“Каму я патрэбен у гэтым свеце?”

У рамках форуму арганізатары зладзілі вельмі цікавую дыскусію наконт таго, якія кампетэнцыі неабходны будучым спецыялістам для паспяховай самарэалізацыі. Хэдлайнерамі размовы сталі старшыня праўлення “Белгаз­прамбанка” мецэнат Віктар Бабарыка і прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пісьменніца Юлія Чарняўская.

“Вам надзвычай пашанцавала, — звярнуўся да выпускнікоў Віктар Бабарыка, — бо вы знахо­дзіцеся ў сітуацыі цывілізацыйнага зруху. Зруху ад грамадства, пабудаванага на экспертных ведах і адзінай свабодзе — свабодзе руху капіталаў (дзе можна было зарабіць, туды ўсё і ішло), да грамадст­ва, у якім з’явіліся дзве новыя ступені свабоды — мабільнасць персаналу і мабіль­насць тэхналогій. Яшчэ сто гадоў назад, каб пераехаць у Амерыку “за салодкім жыццём”, трэба было пераадолець вельмі доўгі і небяспечны шлях. А сёння чалавек можа вельмі лёгка і танна пера­мяшчацца па ўсёй планеце”.

Ілюструючы мабільнасць тэхналогій, Віктар Бабарыка ўзгадаў легенду пра тое, як быў адкрыты алюміній. Быццам да імператара Тыберыя прыйшоў вынаходнік, паказаў гэты метал — лёгкі, прыгожы, даволі гнуткі, трывалы — і папрасіў некаторую суму, якую Тыберый палічыў занадта высокай. Не доўга думаючы, Тыберый расправіўся з вынаходнікам, і прайшло амаль 1800 гадоў, каб алюміній быў вынайдзены паўторна.

“Сёння сітуацыя кардынальна змянілася, — сказаў Віктар Дзмітрыевіч. — Некалькі гадоў назад былі адкрыты гравітацыйныя хвалі — і пра гэта адразу даведаліся мільярды людзей, якія пачалі думаць, што рабіць з новым адкрыццём. Такім чынам, мабільнасць тэхналогій дае адваротную гісторыю: цяпер няважна, хто прыдумаў, важна, хто прынёс прадукт на рынак. Тime to market — ключавая ўласцівасць новага часу”.

Такім чынам, ёсць тры мабільнасці — капіталу, персаналу і тэхналогій, і гэта велізарны выклік традыцыйнай сістэме, дзяржаве і грамадству. А што ж патрабуецца ад чалавека ў новым свеце?

“Кіньце шукаць адказ на пытанне “Каму я патрэбен?”, — заявіў Віктар Бабарыка. — Валодаючы правільнымі кампетэнцыямі ва ўмовах трох мабільнасцей, вы павінны ставіць пытанне інакш: “А хто патрэбен мне?”. Раней як было? — “Ты спачатку прафесію атрымай, а потым на балалайцы іграй”. Зараз, калі ты іграеш на балалайцы добра, то цябе слухаюць не толькі твае суседзі па кватэры, не толькі раён. Ты можаш выкласці запіс свайго канцэрта ў сетку — доступ да яго атрымаюць мільярды людзей. І частка з іх, магчыма, за гэта заплаціць. Як работадаўца я ніколі не казаў гэта сваім супрацоўнікам, а вам скажу. Раней было вялікае шчасце для супрацоўніка, калі я прапаноўваў яму падпісаць кантракт на 3—5 гадоў. Той думаў: “О, значыць я каштоўны супра­цоўнік для банка!”. Цяпер, калі чалавек пагаджаецца падпісаць кантракт на 5 гадоў, я задумваюся: што не так? Супрацоўнік павінен быць абсалютна ўпэўнены, што я як работадаўца найлепшым чынам буду адпавядаць яго інтарэсам і развіваць яго кампетэнцыі. Такім чынам, работадаўца і супра­цоўнік мяняюцца месцамі — але гэта пры ўмове, што апошні валодае ўніверсальнымі кампетэнцыямі, якія могуць быць прыменены дзе заўгодна”.

Што такое поспех?

“У нашым разуменні поспех заў­сёды залежаў ад знешняй ацэнкі. Ты можаш быць кім заўгодна, але калі твае веды, уменні, магчымасці не атрымалі прызнання ў тых, каго лічаць экспертамі, то ўсе твае дасягненні — лухта,— заўважыў Віктар Бабарыка. — Знешняя сіла заўсёды арыентавала нас на публічны поспех. Калі я спытаю, хто з футбалістаў паспяховы, то, упэўнены, вы пералічыце форвардаў — тых, хто забівае галы. Вы ацэньваеце поспех бачны. Але сапраўды паспяховы той, хто атрымлівае асалоду ад сваёй справы. Знешні поспех, які не залежыц­ь ад вас, як пры­ходзіць — так і сыхо­дзіць. Унутранае адчуванне поспеху застанецца з вамі назаўсёды”.

“Нельга жыць і ча­каць, калі ты станеш паспяховым ці шчаслівым, — сказала выпускніца праграмы OESS Кацярына Лысёнак. — Справа ў тым, што гэты момант можа ўвогуле не надысці, або надысці, але не тады і не там, дзе вы чакалі. У нейкі момант, працуючы ў вялікай карпарацыі, я ўключылася ў гэтую гонку, быццам жыццё — яно потым, пасля наступнай каман­дзіроўкі, наступнага павышэння, у адпачынку. З панядзелка да пятніцы жыцця няма, ёсць чаканне… Але аднойчы я выбрала не чакаць, а жыць і атрымліваць задавальненне ад усяго, чым займаюся”.

Віктар Дзмітрыевіч звярнуў увагу на тое, што поспех змяшчаецца ў бок персаніфікацыі: “Свет становіцца ўніверсальным, а чалавек усё больш персаніфікуецца. І ў вас ёсць велізарны шанс на поспех, незалежна ад таго, дзе вы будзеце жыць. Калі вы застаяцеся ў Беларусі, то пытанне трох мабільнасцей вырашаецца тут без складанасцей. Бязвіз 30 дзён — адпаведна, вы заўсёды можаце знайсці персанал, які прыедзе ў краіну. Таксама ў вас ёсць магчымасць прыцягнуць грошы і тэхналогіі, каб рэаліза­ваць сваю ідэю. Калі вы зразумееце, што трэба адпавядаць не чыімсьці запытам, а рабіць тое, што патрэбна менавіта вам, да чаго цягнецца душа, то, мне здаецца, гэта і бу­дзе поспех. І я жадаю вам авало­даць такімі ўласцівасцямі, каб не вас выбіралі, а вы мелі магчымасць рабіць выбар самі”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пра верагодныя прафесіі будучыні

Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юлія Чарняўская адзначыла, што ў век ІТ чалавецтва чакаюць новыя выклікі, з якімі не дапамогуць справіцца робаты. Адзінота ў натоўпе, аўтызацыя свету, адсутнасць разумення паміж людзьмі, групамі і пакаленнямі, гендарныя праблемы, этнічныя і рэлігійныя рознагалоссі, праблемы старэння… Адпаведна, новае развіццё ў грамадстве атрымаюць гуманітарныя прафесіі.

Юлія Чарняўская прапанавала ўдзельнікам сустрэчы паразважаць пра верагодныя прафесіі будучыні:

Медыятар — пасрэднік паміж бакамі, які арганізоўвае камунікацыі для вырашэння спрэчак: ад сямейных і працоўных да этнічных і рэлігійных. Адукацыя ў медыятара можа быць якой заўгодна, галоўнае — уменне ўзаемадзейнічаць, слухаць, уваходзіць у становішча іншага чалавека, знаходзіць кампрамісы для бакоў.

Дарадчык  меншасцей — гэта таксама пасрэднік паміж грамадствам і меншасцю, большасцю і меншасцю, а таксама паміж меншасцямі (маюцца на ўвазе любыя — ад гендарных да рэлігійных і этнічных). Адукацыя дарадчыка залежыць ад характару меншасці (юрысты могуць прыцягвацца для кансультацый).

Арганізатар і стваральнік сітуацыйных груп дапамогі і падтрымкі. Аб’ектамі могуць быць ахвяры гвалту, людзі з дэпрэсіяй, людзі са схільнасцю да суіцыду, цяжка хворыя і іх сваякі, якія таксама маюць па­трэбу ў падтрымцы, нядаўнія мігранты, разведзеныя, удаўцы, цяжарныя жанчыны, адзінокія старыя і г.д. Гэтую работу таксама можна манетызаваць праз прыцягненне грантаў і ўдзел у стартапах.

Стваральнік спрыяльнага штучнага асяроддзя ў рэальнасці. Як казаў Элвін Тофлер, паколькі мы не паспяваем за будучыняй, павінны быць анклавы, дзе для чалавека ствараецца сітуацыя ўпэўненасці ў сённяшнім дні. “Адны едуць ва ўсходнія храмы, другія — у мана­стыры. Не абавязкова некуды ехаць. Трэба арганізоў­ваць асяроддзе стабільнасці, упэўненасці і спакою, куды чалавек можа прыйсці ў любы момант. Я не маю на ўвазе аграсядзібы, разам з рэстаранам, лазняй і петардамі. Гаворка ідзе пра спынены час, без ноўтбукаў, смартфонаў і газет”, — канкрэтызавала Юлія Чарняўская.

Спецыяліст па інклюзіі самых розных груп у грамадства. Напрыклад, у Мінску пачаў дзейнічаць тэатр, дзе сярод іншых іграюць людзі з сіндромам Аспергера і сіндромам Канера. Гэта можа тычыцца інклюзіі ўсіх, каго мы пералічылі вышэй, калі казалі пра сітуацыйныя групы.

Арганізатары і генератары стартапаў.

Крызісныя кансультанты ў самых розных сферах.

Пасрэднік паміж пакаленнямі — чалавек, якія “латае” сацыякультурныя разрывы паміж Х, Y i Z генерацыямі. “Справа ў тым, што цяперашнія разрывы паміж пакаленнямі адрозніваюцца ад тых, што былі ў нас і нашых бацькоў. Нам хацелася больш свабоды, больш шуму… А зараз бацькі, дзеці і ўнукі — кожны апынуўся на сваім бязлюдным востраве” — патлумачыла Юлія Чарняўская.

Прафесійная сям’я (і гэта не SOS-дзіцячая вёска, не апекуны і не ўсынавіцелі). Маецца на ўвазе, што дзіця пры наяўнасці аднаго ці двух біялагічных бацькоў выхоўваецца (некалькі месяцаў, тыдняў ці дзён) у сям’і за горадам. Гэта можа быць як звычайная, так і гульнявая сям’я, дзе кожны чалавек выконвае пэўную ролю: мамы, таты, дзядулі, бабулі, дзядзькі, цёткі і інш, — традыцыйная сям’я, дзе кожны займаецца пэўнай справай, выхоўваючы дзіця.

Герантолаг. Мы прыйшлі ў свет, дзе нам патрэбны платныя сябры — не толькі памочнікі па гаспадарцы, але і кампаньёны, у якіх ёсць геранталагічныя веды і якія разумеюць, што адбываецца з іх падапечнымі. І гэтаму герантолагу таксама ёсць што ўзяць у сваіх падапечных.

Спецыяліст па гендары.

Спецыяліст у сферы асабістага ўдасканалення.

Трэнер па майнфітнесе і развіцці кагнітыўных навыкаў (не толькі для дзяцей, але і для дарослых, і для старых).

Змагар з пракрастынацыяй.

Трэнер творчых станаў, які распрацоўвае праграму развіцця індывідуальных творчых навыкаў і сочыць за развіццём ідэі свайго падапечнага.

Цьютар па культуры для канкрэтнага чалавека, сям’і, групы, які можа складаць спісы рэкамендуемай літаратуры, кінапрэм’ер, спектакляў, музейных праграм і г.д. Можа суправаджаць, быць гідам, шукаць праўдзівыя звесткі пра пэўны перыяд, фарміраваць індывідуальныя наборы тэкстаў па культуры, выконваць ролю арт-тэрапеўта.

Digital-каментатар па філасофіі, псіхалогіі, мастацтве і г.д.

Дызайнер штодзённасці.

Спецыяліст па ручной рабоце, рамёствах і хобі.