Новыя гукі, новыя парасткі

- 10:22Культура

Надоечы ў Мінску прайшоў VI адкрыты конкурс музыкі для дзяцей, якія займаюцца ў музычных школах і музычных класах агульнаадукацыйных школ, “Новыя гукі свету”. Гэта было сапраўднае свята музыкі, свята музычнай гармоніі дзяцей і фартэпіяна.

Наш карэспандэнт пагутарыў пасля конкурсу з вядомым кампазітарам, выкладчыкам музыкі, арганізатарам конкурсу “Новыя гукі свету” Ганнай Кароткінай. Наша гутарка была не толькi пра гэты конкурс. Але і пра тое, у свеце якой музыкi мы ўсе сёння жывём.

— Ганна, вы праводзіце гэты конкурс ужо шосты раз… А навошта вам гэта?

— Галоўная ідэя конкурсу — даць магчымасць навучэнцам, якія займаюцца на фартэпіяна ў агульнаадукацыйных і музычных школах, развівацца. Мне здаецца, гэтым усё сказана.

— Вы зніжаеце планку патрабаванняў да канкурсантаў з улікам таго, што ў конкурсе прымаюць удзел навучэнцы не толькі музычных, але і агульнаадукацыйных школ?

— Не. Праграма конкурсу вельмі складаная. Гэта выкананне чатырох твораў. Гэта вельмі цяжка. Але за кошт гэтага канкурсантам адкрываюцца новыя формы музычнай думкі.

Раней гэта былі творы кампазітараў з Літвы, Польшчы. А потым я пачала пісаць сама — зразумела, што для дзяцей будзе больш зручнай мая беларуская музыка. Я пачала пісаць музыку менавіта для іх, маіх любімых вучняў, — пра Ягайлу, Грунвальд, Вялікую Айчынную вайну…

А сёлета я нечакана для сябе напісала сюіту “Чаканне” — водгук на покліч сэрцаў маіх любімых педагогаў.

— Вы прасочваеце дынаміку конкурсу: колькі дзяцей у ім прымае ўдзел, што гэта за дзеці?

— Дынаміка застаецца пастаяннай. Каля 200 чалавек штогод з самых розных школ.

— Ганна, вы, наколькі ведаю, прапагандуеце сваёй творчасцю сур’ёзную, але сучасную музыку. Як сённяшнія беларускія дзеці да яе ставяцца? Ці ўспрымаюць яе?

— Я спрасціла яе. Напрыклад, музыка да гістарычных карцін стала для іх больш празрыстай.

— Але ў іх музычным светаўспрыманні складваецца агульная карціна свету?

— Складваецца. Разумееце, пайграць Баха — гэта цікава. Але яшчэ цікавей пайграць Баха ХХІ стагоддзя. А Бах XVIII стагоддзя і Бах ХХІ стагоддзя — гэта вельмі розныя Бахі.

У сучаснай музыцы менш “прыцірак”.

— Не магу не запытацца. Два тыдні назад прайшоў фінал еўрапейскага конкурсу песні “Еўрабачанне”. Ці спабадалася вам гэтае “Еўрабачанне”? Што наогул думаеце пра гэты конкурс?

— Да гэтага конкурсу можна ставіцца па-рознаму. Можна яго наогул нівеліраваць, можна ігнараваць, можна лічыць яго гэтакай забаўлялкай для хатніх еўрапейскіх гаспадынь і таму не ставіць задачай перамагчы на ім… Але для мяне конкурс “Еўрабачанне” — не лепшы і не горшы за многія іншыя музычныя конкурсы. У ім складана перамагчы. Толькі па адной прычыне. І гэтая прычына для мяне заключаецца ў тым, што на “Еўрабачанне” пераможцам прыедзе не той, хто рыхтаваў свой нумар цэлы год, а той, хто пакажа сваю мелодыку, сваю мелодыю.

— Што трэба, каб гэтая — самая шчаслівая мелодыя — нарадзілася тут, у нас, у Беларусі?

— А вы паглядзіце, як нараджаюцца кветкі, расліны ў прыродзе. Выжыве самая магутная, самая прыгожая кветка, а слабая і кволая загіне. Гэта вельмі жорсткі закон, але гэта закон. Так і ў музыцы: найбольш таленавітыя, найбольш цікавыя мелодыі прабіваюцца, як кветкі, і цягнуцца да сонца. Іншыя паміраюць. Гэта, калі груба казаць, такі закон капіталізму. Але ён дзейнічае і ў музыцы.

— У Беларусі можа нарадзіцца такая прыгожая мелодыя?

— Ну дык жа нарадзілася такая ў гурта NaviBand!

Але трэба сказаць: у нас штучная, нават не штучная, а вельмі састарэлая сістэма пастаноўкі канцэртаў, эстраднай дзейнасці. Нашы найбольш папулярныя гурты спяваюць песні пераважна 70-х гадоў, ну, максімум 90-х. Гэта добра для бізнесу, добра для публікі… Яны збіраюць аўдыторыі на сваіх канцэртах у абласных і раённых гарадах.

Але самая галоўная шкода ва ўсім гэтым — для самой музыкі. Новыя мелодыі прабіцца не могуць.

— Што рабіць?

— Не ведаю. Вясна хутка ўжо скончыцца, лета пачнецца, парастак выступае… А ўсё поле занята.

— Так ужо ўсё невыносна?

— Не. Усё тое, што я да гэтага бачыла ад Беларусі на “Еўрабачанні”, сапраўды выглядала вельмі блякла. А вось NaviBand — тое, што яны стварылі свой тэкст на роднай мове, сваю арыгінальную музыку, гэта сапраўдны прарыў. І такія праекты павінны падтрымлівацца на дзяржаўным узроўні. За імі — будучыня.

— Ганна, апошняе пытанне. Сур’ёзная музыка можа стаць сэнсам жыцця для сучаснай моладзі?

— Музыка жыве сваім жыццём. І гэтае жыццё створана стагоддзямі. А ў музыцы ёсць тое, што ствараецца сёння.

Вось разумееце, пачынаецца раніца нашага чарговага дня — і прачынаюцца людзі: маладыя, старыя, сярэдняга ўзросту… Але ўсе яны ствараюць сваю музыку.

Як яны, у першую чаргу маю на ўвазе музыкантаў, культывуюць сваю музыку, як яны разумеюць яе? Ці хочуць яны, каб іх музыка была выказваннем не толькі іх саміх, але і іх сям’і, часу, краіны?

Я гэта ўсё кажу для таго, каб падкрэсліць, што якраз новыя гукі музыкі, новыя парасткі трэба культываваць, адбіраць, ахоўваць.

Каб яны прыносілі плён.

— Дзякуй вам, Ганна, за гутарку. Плёну вам! Плёну вашай музыцы! Плёну “Новым гукам свету”!

Мікола ЧЭМЕР.

P.S. VI адкрыты конкурс сучаснай музыкі “Новыя гукі свету” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага таварыства сучаснай музыкі прайшоў у пачатку мая ў канцэртнай зале “Верхні горад”.

Журы конкурсу ўзначальваў старшыня Беларускага саюза кампазітараў народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок. Таксама ў журы ўваходзілі сакратар Беларускага саюза кампазітараў лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Ганна Кароткіна; выкладчык Рэспубліканскага каледжа БДАМ Жанна Акопава; піяністка выпускніца БДАМ і Кансерваторыі імя С.Рахманінава ў Парыжы Наталля Кухтава; піяністка, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выпускніца Hochschule für Musik Saar Карына Аруцюноф; піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, аўтар эстраднай музыкі Іван Юркевіч і інш.

Лаўрэатамі конкурсу “Новыя гукі свету” сталі наступныя ўдзельнікі.

У намінацыі “Фартэпіяна”: Аляксандра Касцюк, Маргарыта Сафіуліна, Васіліса Вярцінская, Іван Мялешка, Ксенія Каламыцава, Леанід Каламыцаў, Марыя Пазняк, Ульяна Дзыгун, Дар’я Лешчанка, Васіліса Хмялеўская, Арцём Кульша, Софія Зайкова, Настасся Шарупіч, Софія Кукушка, Вера Крамко, Лізавета Рыбакова, Лізавета Чарняўская, Арына Воднева, Фаіна Собалева, Даніла Дзямчук, Сяргей Кабылянец, Вера Гвоздзь, Марына Спецыян, Канстанцін Ашмян, Ганна Рымашэўская, Аляксандра Амановіч, Роберт Куроўскі, Кацярына Юрцава, Аляксандра Антонава, Канстанцін Філіповіч, Ульяна Левянтуева, Паліна Каштальян.

У намінацыі “Фартэпіянны дуэт”: Настасся Зяньковіч, Давід Шарай, Сяргей Казбяровіч, Цімафей Прынеслік, Даніла Кляўко, Ганна Івашкава, Софія Кукушка, Вера Крамко, Дамінік Казяміраў, Аліса Кадун, Настасся Мяхедава, Андрэй Галай, Альбіна Набіуліна, Ангеліна Набіуліна, Яўгенія Русецкая, Кацярына Русецкая, Уладзіслаў Бялоў, Уладзіслаў Сачыўка, Марына Волкава, Алег Ларчанка, Мілана Навахрост, Марыя Кабяк, Ксенія Дзялендзік, Марыя Майсеенка, Цімафей Ціхаміраў, Ілья Ціхаміраў, Софія Ханенка, Софія-Злата Краўчанка, Вераніка Багдановіч, Іван Бруй.

У намінацыі “Эстраднае фартэпіяна”: Настасся Зяньковіч, Давід Шарай, Уладзіслава Недасекіна, Вікторыя Недасекіна, Юлія Шумавец, Іван Мялешка, Вячаслаў Цітавец, Марат Станько, Ганна Івашкава, Ксенія Галушка, Кацярына Буйвал, Варвара Міткевіч, Вікторыя Міхневіч, Даніла Кляўко, Андрэй Буйчык, Глеб Піскун, Намі Ханада, Настасся Кавалёва, Цімур Баравой, Кацярына Смалонская, Юліяна Тышко, Станіслаў Паўлаў, Віялета Шабовіч, Антаніна Ціхановіч, Ангеліна Грыневіч, Валерыя Клюй.

У намінацыі “Кампазіцыя”: Кацярына Ракевіч, Дар’я Шыраева, Настасся Красоўская, Фаіна Собалева, Вікторыя Міхневіч, Адэль Харланчук-Южакова, Дзіяна Басава, Аўдоцця Салдаценка, Раман Гляцэвіч, Софія Каляда, Марк Кравец, Паліна Пазняк, Максім Куўшынаў, Глорыя Куляшова, Герман Радкевіч.