Новыя вектары для развіцця

- 10:33Суразмоўца

Адной з асноўных задач удасканалення адукацыі з’яўляецца павышэнне яе якасці пры ўмове захавання такіх характарыстык, як фундаментальнасць, навуковасць, адпаведнасць патрэбам асобы, грамадства і дзяржавы. Высокі статус айчыннай сістэмы адукацыі шмат гадоў падтрымлівае Нацыянальны інстытут адукацыі. Сёння падчас нашай гаворкі дырэктар НІА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей ВАЖНІК акрэсліў новыя вектары ў развіцці агульнай сярэдняй адукацыі.

— Сяргей Аляксандравіч, пачнём з пытанняў арганізацыі адукацыйнага працэсу, а менавіта з вучэбных праграм, якія для некаторых класаў у бягучым навучальным годзе сталі новымі.
— Так, ажыццяўляецца паэтапнае ўвядзенне новых вучэбных праграм. У 2015/2016 навучальным годзе ўведзены новыя вучэбныя праграмы ў 1, 5, 10 класах (базавы і павышаны ўзроўні), праграмы абагульняльных факультатыўных заняткаў (9 клас), распрацавана прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне вучэбнага матэрыялу ў дапамогу настаўнікам.
У 2016/2017 навучальным годзе новыя вучэбныя праграмы будуць уведзены ў 2, 6, 11 класах. Увогуле, пераход на абноўленыя вучэбныя праграмы завершыцца да 2020 года.
Ужо распрацаваны новыя вучэбныя праграмы па ўсіх прадметах для 1—9 класаў з улікам адноснай завершанасці другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У новых праграмах ліквідавана дубліраванне вучэбнага матэрыялу, значна ўзмоцнены міжпрадметныя сувязі. Вывучаецца матэрыял, арыентаваны на яго практычнае выкарыстанне.Акрамя таго, будзе актывізавана работа па выкарыстанні на ўроках і факультатыўных занятках інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Распрацаваны электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія ўключаюць больш за 200 вучэбных курсаў, разлічаных на вучняў рознага ўзросту. Кожны электронны адукацыйны рэсурс па вучэбным прадмеце змяшчае тры асноўныя блокі-модулі:
— даведачна-інфармацыйны, які закліканы значна пашырыць інфармацыйную базу вучэбных мерапрыемстваў (урокаў, факультатыўных заняткаў, семінараў, канферэнцый);
— кантрольна-дыягнастычны, які змяшчае вучэбны матэрыял па тэматычным і выніковым кантролі навучэнцаў;
— інтэрактыўны, які прызначаны для адпрацоўкі прыкладных уменняў вучняў па вучэбных прадметах.

— А цяпер давайце спынімся на змесце адукацыі, які апошнім часам быў абноўлены з-за пераходу да профільнай адукацыі на трэцяй ступені і адноснай завершанасці зместу адукацыі на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
— У Нацыянальным інстытуце адукацыі на працягу 2015 года ў рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Якасць адукацыі” была ажыццёўлена распрацоўка абноўленага зместу агульнай сярэдняй адукацыі, што рэалізуе прынцыпы дапрофільнай падрыхтоўкі і адноснай завершанасці зместу адукацыі на другой ступені і профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу.
У рабочыя групы, створаныя па кожным прадмеце, увайшлі кваліфікаваныя спецыялісты — вучоныя, выкладчыкі, настаўнікі. Перш за ўсё былі распрацаваны канцэпцыі вучэбных прадметаў, якія вызначаюць мэты, задачы, прынцыпы, асаблівасці зместу і арганізацыі навучання па вучэбных прадметах. На гэтай тэарэтычнай аснове распрацоўваліся абноўленыя адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы, каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбных прадметах агульнай сярэдняй адукацыі.
Каб забяспечыць дапрофільную падрыхтоўку і профільнае навучанне, былі падрыхтаваны вучэбныя праграмы абагульняльных факультатыўных заняткаў (9 клас) па вучэбных прадметах і метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі профільнага навучання.
Адным з кірункаў удасканалення зместу адукацыі стала яго дыферэнцыяцыя на трэцяй ступені. Профільнае навучанне дазваляе найбольш поўна ўлічваць інтарэсы, схільнасці і здольнасці навучэнцаў, фарміраваць умовы для навучання старшакласнікаў у адпаведнасці з іх прафесійнымі інтарэсамі і намерамі.
У той жа час профільнае навучанне стварае неабходныя ўмовы для вырашэння важных дзяржаўных задач, звязаных з прафесійным самавызначэннем і падрыхтоўкай, размеркаваннем патокаў навучэнцаў. Менавіта прадастаўленне навучэнцам магчымасці для ажыццяўлення ўсвядомленага прафесійнага выбару з’яўляецца асноўнай мэтай прафілізацыі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Павышаная ўвага пры распрацоўцы зместу агульнай сярэдняй адукацыі ўдзялялася таму, каб прывесці яго ў адпаведнасць з узроставымі магчымасцямі вучняў, знізіць агульную нагрузку, ліквідаваць залішні і занадта складаны матэрыял пры безумоўным захаванні навуковасці, забяспечыць практычную накіраванасць адукацыі. Па гэтай прычыне асаблівая ўвага пры распрацоўцы зместу адукацыі была ўдзелена захаванню пераемнасці і перспектыўнасці, міжпрадметных сувязей.
Відавочна, што, імкнучыся да новай парадыгмы адукацыі, арыентаванай на вырашэнне задач, якія стаяць перад грамадствам і асобай, нельга адмаўляцца ад станоўчых напрацовак ранейшай сістэмы адукацыі. Пры распрацоўцы абноўленага зместу адукацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу мы імкнёмся захаваць усё тое станоўчае, што ёсць у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь у цяперашні час.

— Сяргей Аляксандравіч, ці можна абноўлены змест адукацыі звязваць і з уваходжанем нашай краіны ў міжнародныя сістэмы ацэнкі якасці адукацыі?
— У абноўленым змесце адукацыі закладваецца аснова для авалодання вучнямі практычнымі ўменнямі і навыкамі, спосабамі дзейнасці, гатоўнасцю прымяняць атрыманыя веды і сфарміраваныя ўменні ў штодзённай практыцы, розных жыццёвых сітуацыях. Гэта набывае асаблівае значэнне таму, што ў краіне прынята рашэнне аб уваходжанні ў міжнародныя сістэмы ацэнкі якасці адукацыі. Характэрна, што найбольш распаўсюджаныя міжнародныя і рэгіянальныя праграмы ацэнкі якасці адукацыі арыентаваны на аналіз узроўню дасягнення інтэграваных якасцей асобы і жыццёвых кампетэнцый (PIRLS, PrePIRLS, TIMSS, ICCS, PISA і інш.).
Аднак прычына змен у змесце адукацыі не толькі ў гэтым. Мы найперш хочам, каб агульная сярэдняя адукацыя ішла ў нагу з часам, рыхтавала выпускніка да рэальных жыццёвых сітуацый, адпавядала запытам асобы, грамадства і дзяржавы. Роля адукацыі ў сучасным грамадстве звязана з яе вызначальным уплывам на фарміраванне якасці чалавечага капіталу, а тым самым на ўзровень грамадскага прагрэсу ва ўсіх галінах.

— Сёння шмат гавораць пра базавы падручнік і падручнік-навігатар. На якім этапе развіцця знаходзяцца гэтыя праекты?
— Навуковыя даследаванні не маглі не закрануць і такі важны элемент адукацыйнага працэсу, як падручнік. У 2015 годзе падрыхтавана канцэпцыя базавага падручніка. Базавы падручнік будзе мець сістэму электронных дадаткаў, якія пашыраюць і дапаўняюць асноўную інфармацыю, змяшчаюць дадатковы ілюстрацыйны, даведачны, дыдактычны, кантрольна-дыягнастычны матэрыял.
Існуе неабходнасць, з аднаго боку, прадставіць у вучэбным дапаможніку мінімальна неабходны аб’ём матэрыялу для паўнацэннага засваення вучэбнай праграмы, а з другога — забяспечыць дыферэнцыяцыю вучэбных матэрыялаў для рознага ўзроўню патрэб, магчымасцей, здольнасцей навучэнцаў, забеспячэння магчымасцей стварэння і рэалізацыі індывідуальных адукацыйных стратэгій.
Пры стварэнні базавага падручніка будзе ўдзелена асаблівая ўвага ўзмацненню практыкаарыентаванасці зместу адукацыі і вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. На гэты момант канцэпцыя базавага падручніка зацверджана вучоным саветам інстытута і рэкамендавана для ўліку ў рабоце аўтарскіх калектываў, якія пачалі працаваць над новым пакаленнем нацыянальных падручнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Ужо сёння мы маем вопыт стварэння падручніка-навігатара.У сучасным грамадстве адзначаецца ўзрастанне цікавасці да тэхнічных навінак, усё больш пашыраецца сфера прымянення камп’ютарных тэхналогій. У 2015 годзе ў Нацыянальным інстытуце адукацыі была распрацавана інавацыйная мадэль падручніка-навігатара для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама створаны макетны ўзор падручніка-навігатара па арганічнай хіміі для трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Электронны падручнік дае магчымасць забяспечыць каардынацыю зместу падручніка з іншымі вучэбна-метадычнымі матэрыяламі, рэкамендаванымі да выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Высокую эфектыўнасць прымянення электроннага падручніка-навігатара ў адукацыйнай практыцы вызначаюць яго ключавыя параметры: гіпертэкставая аснова, мультымедыйнасць кантэнту, інтэрактыўнасць, кросплатформеннасць.
Паводле папярэдніх ацэнак спецыялістаў, можна зрабіць выснову, што падобнае выданне выкліча вялікую зацікаўленасць сярод навучэнцаў і педагогаў і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці пошуку і засваення вучэбнага матэрыялу.

— З 2013 года пачалося цэнтралізаванае аснашчэнне вучэбных кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі сучасным вучэбным абсталяваннем са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Як ідуць справы цяпер?
— Сапраўды, для ўмацавання і абнаўлення вучэбна-матэрыяльнай базы кабінетаў і стварэння ўмоў для поўнага і якаснага выканання практычнай часткі вучэбных праграм з 2013 года ідзе аснашчэнне кабінетаў. І ў 2013—2015 гадах пастаўлена вучэбнае абсталяванне ў 582 кабінеты фізікі і 35 кабінетаў хіміі.
У 2016 годзе аснашчэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сучасным вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання будзе працягнута. Плануецца абсталяваць 130 кабінетаў хіміі і 30 кабінетаў фізікі.

— Не магу не спытаць і пра такі прадмет, як “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Апошнім часам шмат гаварылі пра яго абавязковае ўвядзенне. Чаго чакаць?
— З 1 верасня 2016 года запланавана паэтапнае ўвядзенне абавязковага вучэбнага прадмета “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. З улікам прапаноў зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў вядзецца распрацоўка вучэбнай праграмы і іншых кампанентаў навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу па гэтым прадмеце.
Каб падрыхтаваць настаўнікаў да выкладання “Асноў бяспекі жыццядзейнасці”, адкарэкціраваны планы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і перападрыхтоўкі педагагічных работнікаў.

— Вялікі дзякуй за размову!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.