Новыя задачы на новы год

- 12:13Актуально, Апошнія запісы

Стан і асноўныя кірункі ўдасканальвання работы рэгіянальнай сістэмы адукацыі абмеркавалі прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці Гродзеншчыны на традыцыйнай жнівеньскай нарадзе. Удзел у ёй прынялі больш за 600 чалавек. Далучыліся да важнага для настаўнікаў мерапрыемства і ў рэгіёнах — з залы Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра ўпершыню анлайн-трансляцыя вялася ва ўсе раёны вобласці.

Значныя моманты, дасягненні мінулага навучальнага года ўдзельнікі нарады яшчэ раз успомнілі, прагледзеўшы відэафільм, дзе расказвалася пра Рэспубліканскі педсавет і ІІ з’езд вучоных Беларусі, атрыманне 90 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, чатыры медалі міжнародных алімпіяд, выніковае выступленне на конкурсе прафмайстэрства WorldSkills Belarus — 2018.

Пра задачы і кірункі дзейнасці на новы навучальны год гаварыў у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.

Гэты год для сістэмы дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці асабліва выніковы на наваселлі: летам адкрыўся новы дзіцячы сад у Астраўцы, у верасні на чарзе яшчэ тры дзіцячыя ўстановы — у Гродне, Шчучыне і Навагрудку. Будаўніцтва новых садкоў, перапрафіляванне шэрага памяшканняў далі магчымасць да новага навучальнага года стварыць 1050 дадатковых месцаў.

— Сістэмнасць прымаемых мер дазволіла скараціць колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе, да 4,2. Гэты паказчык ніжэйшы за рэспубліканскі, але трывогу выклікае траўматызм, таму трэба сістэмна планаваць і праводзіць мерапрыемствы па яго прафілактыцы, у тым ліку і з бацькамі, — падкрэсліў Аляксандр Генрыхавіч.

У мінулым навучальным годзе ў вобласці атэстаты асобага ўзору, а таксама залатыя і сярэбраныя медалі атрымалі 687 выпускнікоў, што на 117 чалавек больш, чым у папярэднім годзе. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2018 года вобласць паднялася з 3-га на 2-е месца. Тут лідзіруючыя пазіцыі займаюць выпускнікі Гродна, Смаргонскага, Свіслацкага, Мастоўскага раёнаў, значна палепшылі свае вынікі школьнікі Ваўкавыскага і Іўеўскага раёнаў.

Па адзінаццаці прадметах навучэнцы Гродзенскай вобласці прадэманстравалі высокія вынікі. Трывогу выклікае, як адзначыў А.Г.Сонгін, выкладанне нямецкай, французскай і іспанскай мовы. Гэтым прадметам у новым навучальным годзе будзе удзелена самая пільная ўвага: будзе ажыццяўляцца кантроль выкладання, маніторынг навучанасці дзяцей па вучэбным прадмеце і інш.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі прааналізаваў работу профільных класаў, падкрэсліўшы, што галоўным трэба лічыць не іх колькасць, а якасць навучання і забеспячэнне магчымасці кожнаму навучацца як на павышаным, так і на базавым узроўні. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца дзейнасці профільных педагагічных класаў. Разам з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы галоўнае ўпраўленне адукацыі запланавала шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю дзейнасці такіх класаў.

У гэтым годзе ў сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці пачынаюць работу 850 маладых спецыялістаў. Як адзначыў А.Г.Сонгін, адным з дзейсных кірункаў забеспячэння кадрамі з’яўляецца мэтавая падрыхтоўка. План такога набору ў гэтым годзе выкананы. Традыцыйна актыўна выкарыстоўваюць мэтавую падрыхтоўку кадраў у Навагрудскім, Лідскім, Ашмянскім і Астравецкім раёнах. Маладым ёсць на каго раўняцца. Апладысментамі віталі прысутныя педагогаў, вучні якіх дасягнулі высокіх вынікаў на міжнародных алімпіядах: настаўніка матэматыкі гімназіі № 4 Гродна Віталія Чарняка, настаўніка хіміі Гродзенскай гарадской гімназіі Віталія Стаціна, настаўніцу біялогіі сярэдняй школы № 13 Гродна Вольгу Груздоўскую, настаўніка фізікі сярэдняй школы № 17 Ліды Дзмітрыя Цежыка.

Даць уяўленне пра спецыяльнасць, павысіць прэстыж прафесійнай адукацыі дапаможа і новаўвядзенне гэтага года — 100-працэнтная прафесійная і дапрафесійная падрыхтоўка тых старшакласнікаў, якія не вучацца ў профільных класах, а такіх у Гродзенскай вобласці 54 працэнты.

— 24 працэнты навучэнцаў будуць атрымліваць прафесійную падрыхтоўку на базе ўстаноў прафадукацыі, 30 працэнтаў — на базе школ, — сказаў Аляксандр Генрыхавіч. — У дадзеным пытанні трэба не дапусціць фармалізму. Асноўная мэта — даць старшакласнікам магчымасць атрымаць навык рабочай спецыяльнасці, а для гэтага неабходны адпаведныя ўмовы — і матэрыяльныя, і кадравыя.

У рамках педагагічнага марафону “Ідэалагічнае выхаванне навучэнцаў як адказ на пагрозы і выклікі сучаснага свету” старт якому быў дадзены на мінулагодняй жнівеньскай нарадзе, адбыўся шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканальванне выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі. Былі праведзены адзіны педагагічны савет па тэме “Аб рабоце педагагічнага калектыву па фарміраванні інфармацыйнай культуры і бяспекі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”, конкурс сайтаў як рэсурсу выхаваўчай работы, агляд-конкурс “Класны кіраўнік (куратар вучэбнай групы) у сацыяльнай сетцы”, конкурс метадычных матэрыялаў па духоўна-маральным выхаванні, фестываль рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце. Рэалізавана больш за 100 праектаў, накіраваных на развіццё маладзёжнага лідарства. У верасні на базе абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі сумесна з ЮНІСЕФ запланавана стварыць абласны рэсурсны цэнтр для каардынацыі дзейнасці дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў.

Тэму стварэння ўмоў для развіцця сацыяльна актыўнай асобы дзіцяці працягвалі ў сваіх выступленнях начальнік упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлана Баркоўская і студэнт-першакурснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Суцько. Аляксей — выпускнік гімназіі № 2 Гродна, член маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў.

— Сваімі поспехамі мы абавязаны вам, настаўнікі, вы дапамагалі нам ісці па нялёгкім шляху ведаў, быць актыўнымі, разумець адказнасць за свой лёс і лёс нашай дзяржавы, — з такімі словамі ўдзячнасці звярнуўся да педагогаў выпускнік 2018 года, які атрымаў два 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Андрэй Сусла гаварыў пра эфектыўнасць работы сістэмы прафесійнай адукацыі ва ўмовах сучаснага рынку працы.

У рабоце нарады прынялі ўдзел ганаровыя госці — старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч.

Даўшы высокую ацэнку сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці і выказаўшы ўпэўненасць у яе паспяховым развіцці, Раіса Сідарэнка адзначыла, што самая галоўная задача — гэта далейшае жыццеўладкаванне дзіцяці. За ўсімі лічбамі, рэйтынгамі важна не страціць вучня як асобу. Задача педагога — не толькі даць адукацыю, але і выхаваць чалавека. Ідэалагічная, выхаваўчая работа дасць вынікі толькі тады, калі будзе сталай — і на ўроках, і ў астатні час.

На нарадзе група педагогаў вобласці была адзначана граматамі і падзячнымі лістамі. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Астраўца Марыя Блізнік, настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Іўя Інга Гушча, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Навагрудка Ларыса Дзедавец, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слоніма Святлана Палуносік і дырэктар сярэдняй школы № 26 Гродна Таццяна Даўгун.

А завяршылася жнівеньская нарада мюзіклам “Зямля бацькоў — жыцця крыніца”. Больш за 230 вучняў і настаўнікаў прадставілі на сцэне захапляльнае падарожжа па малой радзіме.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.