Няма калі сумаваць

- 10:45Адукацыйная прастора

Штогод у летні перыяд у беларускіх школах, гімназіях і ліцэях распрацоўваюцца праекты другаснай занятасці навучэнцаў, якія звычайна ажыццяўляюцца ў межах лагераў працы і адпачынку. Сёлета выхаванцы лагера “Факел” сярэдняй школы № 41 Гомеля не толькі цікава і карысна бавілі вольны час, зараблялі першыя ўласныя грошы, але і займаліся навуковымі даследаваннямі.

ПРАЦАВАЛІ

Лагер працы і адпачынку дзённага знаходжання “Факел” у сярэдняй школе № 41 Гомеля — самы мнагалюдны ў Навабеліцкім раёне абласнога цэнтра. Ва ўстанове распрацаваны адразу два праекты другаснай занятасці, у якіх задзейнічаны 28 школьнікаў. Аўтары ініцыятыў — настаўнікі працоўнага навучання Жанета Шабуня і Ігар Сярдзюк. Жанета Сцяпанаўна разам з 9 дзяўчатамі і 3 хлопцамі займалася рамонтам кніжнага фонду бібліятэкі, а Ігар Віктаравіч разам з 16 хлопцамі майстраваў новыя мальберты. У выніку на рахунку школьнага дэсанта — 720 прыведзеных у парадак кніг і 14 прылад для малявання.

— У праектах задзейнічаны падлеткі 14—15 гадоў, якія аформлены на работу па працоўным дагаворы, — удакладняе начальнік лагера намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандра Запольская. — Афіцыйныя дакументы ўзгоднены з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гомельскага гарвыканкама.

ДАСЛЕДАВАЛІ

Праекты другаснай занятасці — не адзіная асаблівасць сёлетняга лагера ў гомельскай школе. Упершыню падчас летніх канікул школьнікі прынялі ўдзел у навукова-даследчым праекце “Ацэнка экалагічнага стану экасістэмы штучнага вадаёма і ручая, які да яго прылягае”, што ўзначаліла настаўнік геаграфіі Наталля Гараева. Аб’ектам даследавання стала зона адпачынку “Сажалкі”. У школьным музеі гісторыі і краязнаўства Навабеліцы ёсць звесткі аб тым, што на гэтай тэрыторыі ў савецкія часы размяшчаўся сметнік.

Наталля Паўлаўна адзначае: “Падчас тэматычных прагулак па зоне адпачынку з удзельнікамі лагера мы неаднаразова заўважалі, як адрозніваецца стан вады на розных участках возера і ручая (бруд, забалочванне, цвіценне вады). Мы вырашылі не заставацца абыякавымі і правесці даследчую работу”.

Падлеткі ўзялі пробы і зрабілі лабараторныя аналізы іоннага складу вады на розных участках вадаёма, ацанілі ўзровень кіслотнасці грунту, візуальна вывучылі відавы склад раслін, насякомых і птушак. Пад кіраўніцтвам Наталлі Гараевай выхаванцы лагера правялі сацыялагічнае апытанне сярод мужчын, жанчын, людзей сталага ўзросту наконт прапаноў па добраўпарадкаванні зоны адпачынку. Юныя даследчыкі прыйшлі да высновы, што ландшафт патрабуе навукова абгрунтаванай планамернай рэкультывацыі. Маляўнічае месца адпачынку нельга выкарыстоўваць у якасці пляжа альбо для правядзення пікнікоў. Школьнікі прапанавалі арганізаваць пасадку дрэў і кустоў на беразе штучнага вадаёма і абсталяваць яго кармушкамі для вадаплаўных птушак.

АДПАЧЫВАЛІ

Начальнік лагера Аляксандра Запольская працягвае расказваць пра арганізацыю летняга адпачынку навучэнцаў: “І навукова-даследчы праект, і праекты другаснай занятасці ажыццяўляліся ў лагеры ў першай палове дня. Пасля абеду ў юнакоў і дзяўчат была насычаная культурная праграма.

Разам з вопытнымі педагогамі навучэнцы пабывалі на раённых святах, прысвечаных Дню абароны дзяцей і Дню моладзі, паўдзельнічалі ў інтэрактыўных занятках па прафілактыцы нікацінавай і алкагольнай залежнасці, што прайшлі на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навабеліцкага раёна Гомеля. На выратавальнай станцыі назіралі за работай вадалазаў, вывучалі іх прафесійнае абсталяванне.

— Нам вельмі спадабаўся гадавальнік службовых сабак дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў. Кінолаг расказаў пра асаблівасці паводзін і дрэсіроўкі жывёл, правёў у вальеры і нават дазволіў пагладзіць добразычлівага пародзістага сабаку, — дзеліцца ўражаннямі вучань Аляксандр Індзюкоў.

Падчас знаходжання ў лагеры дзеці пабывалі ў храме Аляксандра Неўскага, вайсковай часці 63604, музеі крыміналістыкі, інспекцыі па справах моладзі РАУС Навабеліцкага раёна Гомеля, наведалі шэраг гарадскіх мерапрыемстваў. Безумоўна, гэты чэрвень выхаванцы лагера працы і адпачынку дзённага знаходжання “Факел” сярэдняй школы № 41 Гомеля запомняць надоўга.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.