Па шляху павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў і якасці адукацыі

- 9:40Адукацыйная прастора

Сённяшняя рэчаіснасць патрабуе актыўнага пошуку новых падыходаў у выкладанні вучэбных прадметаў, пераходу да дыстанцыйных форм навучання з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Міністэрства адукацыі прыняло рашэнне аб стварэнні адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу і прапанавала найбольш вопытным, высокакваліфікаваным педагогам паўдзельнічаць у гэтым праекце. Нацыянальны інстытут адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі вызначылі, чым канкрэтна будзе займацца кожны рэгіён. Былі  распрацаваны пералікі заданняў для стварэння вучэбных модуляў. У адпаведнасці з патрабаваннямі, яны павінны складацца са знятых і агучаных відэаролікаў вучэбных заняткаў, тэставых заданняў, дадатковых матэрыялаў да ўрокаў па ўсіх вучэбных прадметах для ўсіх ступеняў агульнай сярэдняй адукацыі. Аб ходзе работы расказваюць педагогі — распрацоўшчыкі рэсурсу.

Т.І.Мароз.

Пра тое, які пералік заданняў для а­дзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу быў прапанаваны Мінску і як яны выконваліся, расказвае рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, прафесар кафедры псіхалогіі і прадметных методык Таццяна Іванаўна МАРОЗ.

— Спецыялісты Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі ажыццяўляюць каардынацыю работы, метадычнае суправаджэнне распрацоўкі і стварэння адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Для распрацоўкі матэрыялаў былі створаны творчыя групы педагагічных работнікаў, у склад якіх увайшлі метадысты інстытута, настаўнікі-метадысты, найбольш высокакваліфікаваныя педагогі сталіцы. У ліку распрацоўшчыкаў — выдатнікі адукацыі, уладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама. На працягу гэтага навучальнага года распрацаваныя матэрыялы пасля экспертнай ацэнкі размяшчаюцца на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе. Пералік заданняў для сталіцы і непасрэдна для нашага інстытута ўключаў распрацоўку модуляў па вучэбных прадметах “Навучанне грамаце” 1 клас да новых падручнікаў “Буквар” і “Пісьмо”; “Беларуская мова” 3 клас, “Літаратурнае чытанне” 4 клас; “Беларуская мова” 5 клас; “Мастацтва” 6 клас; “Беларуская літаратура” 6 клас; “Біялогія” 6, 7 класы; “Беларуская літаратура” 7 клас; “Сусветная гісторыя” 7 клас; “Геаграфія” 9 клас; “Грамадазнаўства” 9 клас; “Гісторыя Беларусі” 9 клас; “Матэматыка” 10 клас; “Дапрызыўная падрыхтоўка” 10 клас; “Медыцынская падрыхтоўка” 10 клас; “Гісторыя Беларусі” 10 клас; “Хімія” 10 клас.

З мэтай інфармавання педагагічнай грамадскасці краіны аб магчымасцях выкарыстання рэсурсу праведзены шэраг круглых сталоў у форме вэбінараў. Арганізатарам гэтых мерапрыемстваў выступае наш інстытут пры падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У рабоце вэбінараў прынялі ўдзел рэгіянальныя каардынатары, метадысты-прадметнікі інстытутаў развіцця адукацыі і раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, настаўнікі-прадметнікі. Удзельнікі вэбінараў пазнаёміліся са структурай і прызначэннем адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, агульнымі падыходамі да яго выкарыстання. Аўтарамі-распрацоўшчыкамі прадстаўлены вопыт работы па сістэматызацыі матэрыялаў для відэаролікаў, распрацоўцы тэставых заданняў па вучэбных прадметах. Сярод іх “Беларуская літаратура” 7 клас (В.С.Мацвіенка, настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі № 33 Мінска); “Грамадазнаўства” 9 клас (Л.А.Руцкая, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 148 Мінска); “Хімія” 10 клас (В.А.Саўчанка, настаўнік хіміі гімназіі № 39 Мінска, В.А.Літвіновіч, настаўнік хіміі гімназіі № 19 Мінска, Ю.А.Кашырава, настаўнік хіміі сярэдняй школы № 210 Мінска); “Беларуская мова” 3 клас (Г.С.Полудзень, намеснік дырэктара, і настаўнікі пачатковых класаў С.П.Луцкая, Н.В.Няборская гімназіі № 23 Мінска). Практыка правядзення вэбінараў паказала высокі ўзровень запатрабаванасці адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Прадстаўленыя відэаролікі, тэсты, дадатковая інфармацыя паказваюць глыбокае валоданне педагогамі зместам вучэбных праграм, патрабаваннямі адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі, методыкай выкладання вучэбных прадметаў і методыкай стварэння тэстаў. Цяпер вядзецца распрацоўка вучэбных матэрыялаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. Гэтую работу ажыццяўляюць метадысты інстытута сумесна з настаўнікамі гімназій з беларускай мовай навучання, у іх ліку — мінскія гімназіі №№ 14, 23, 28 з беларускай мовай навучання Мінска, а таксама гімназіі №№ 4, 9 Мінска. Матэрыялы вучэбных модуляў для 11 класа таксама рыхтуюцца для размяшчэння на платформе адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. У адпаведнасці з пералікам заданняў педагогі горада распрацоўваюць матэрыялы па вучэбных прадметах “Грамадазнаўства”, “Дапрызыўная падрыхтоўка”, “Медыцынская падрыхтоўка”, “Гісторыя Беларусі”, “Хімія”, “Матэматыка”.

Дзякуючы зладжанай рабоце, высокаму ўзроўню прафесіяналізму творчых калектываў, стварэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу стала яшчэ адной прыступкай да ўдасканалення майстэрства педагогаў і павышэння ўзроўню якасці адукацыі.

А.В.Іванцова.

Алена Віктараўна Іванцова, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч, член творчай групы, створанай на базе раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі Клімавіцкага райвыканкама.

— Сёння я хачу падзяліцца сваімі эмоцыямі ад падрыхтоўкі відэаўрокаў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу і выкарыстання іх у педагагічнай практыцы. Новая анлайн-платформа для школьнікаў працуе цяпер у тэставым рэжыме. Прадстаўленыя там відэаролікі глядзяцца з вялікай цікавасцю. Якасць відэазапісаў і суправаджальнай графічнай інфармацыі цалкам падыходзіць для ў­спрымання вучнямі. Варта заўважыць, што матэрыялы ствараліся рознымі калектывамі або асобнымі настаўнікамі, таму стылі прадстаўлення інфармацыі ў відэаматэрыялах адрозніваюцца. Працягласць кожнага відэароліка для навучэнцаў 1 ступені агульнай сярэдняй адукацыі не перавышае 7 хвілін, таму матэрыял не перагружае навучэнцаў. Фармат відэаролікаў не прадугледжвае зваротнай сувязі з вучнямі, таму для кантролю засваення матэрыялу варта выкарыстоўваць вочныя і дыстанцыйныя формы (напрыклад, тэсты, падрыхтаваныя педагогамі і размешчаныя тут жа). Гэта ўзмацняе станоўчую ролю рэсурсу, які, на мой погляд, разам з іншымі сродкамі навучання можа быць выкарыстаны ў адукацыйным працэсе.

Педагогі таксама распрацавалі ўрокі для пляцоўкі дыстанцыйнай адукацыі, але, на маю думку, матэрыялы гэтых урокаў можна выкарыстоўваць з больш шырокімі магчымасцямі. Яны могуць стаць дапамогай для настаўнікаў у тым выпадку, калі дзеці хварэюць і не прысутнічаюць на ўроку, а таксама для паўтарэння новай тэмы або для замацавання пройдзенага матэрыялу з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Такія матэрыялы будуць карыснымі і баць­кам, якія заклапочаны паспяховасцю сваіх дзяцей і могуць праз рэсурс пракантраляваць іх веды.

Відэаролікі ў гэтым фармаце будуць карыснымі і тым настаўнікам, якія толькі пачынаюць сваю працоўную дзейнасць. Далёка не ўсе навучэнцы паспяваюць на вучэбных занятках улавіць усе нюансы вывучаемага матэрыялу. Часта застаюцца пытанні або нават існуюць прабелы ў ведах. Пры гэтым не заўсёды такая праблема можа быць вырашана за кошт падтрымліваючых заняткаў. Цяпер жа настаўнік можа прапанаваць у якасці дадатковай інфармацыі да дамашняга задання спасылку на адпаведны відэаматэрыял, які знаходзіцца на інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе. У такім выпадку навучэнец можа ў індывідуальным тэмпе паспрабаваць засвоіць матэрыял, хай нават у іншай інтэрпрэтацыі, і прайсці тэставы кантроль для вызначэння дасягнутага ўзроўню ведаў. У дзяцей ёсць магчымасць вярнуцца да прагляду падчас самастойнага навучання, паўтарыць матэрыял пры выкананні дамашняга задання. Можна эфектыўна выкарыстоўваць рэсурс і для падтрымкі навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі. Такім чынам, навучэнцы, бацькі і настаўнікі могуць скарыстаць матэрыялы рэсурсу кожны са сваёй мэтай. Знешні выгляд рэсурсу зразумелы, даступны і наглядны. Думаю, для навучэнцаў ён не будзе складаным у выкарыстанні і яны будуць з задавальненнем засвойваць матэрыял распрацаваных модуляў.

Настаўнікі-практыкі, якія прынялі ўдзел у стварэнні відэаматэрыялаў, правялі вялікую і карысную работу. Яна была новай, таму незвычайнай і цікавай. Распрацоўка модуляў стала для многіх з нас практыкай па выкарыстанні адукацыйных, метадычных, творчых і тэхнічных здольнасцей кожнага з нас. Мне давялося распрацоўвац­ь два модулі. Першы — па беларускай літаратуры (літаратурным чытанні) для 3 класа рускамоўнай школы, а другі — па беларускай літаратуры (літаратурным чытанні) для 2 класа беларускамоўнай школы.

Ці лёгка было ствараць матэрыялы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу? На мой погляд, не акунуўшыся ў работу па стварэнні відэафрагмента з тлумачэннем новага матэрыялу, немагчыма было б аб’ектыўна ацаніць атрыманы вынік. Мы не проста напісалі сцэнарны план фрагмента ўрока, мы асвоілі розныя тэхнічныя праграмы, вывучылі методыку анлайн-урока, запісалі і адрэдагавалі відэаролік, склалі тэматычны тэст для праверкі засваення матэрыялу. Нам, настаўнікам-практыкам, якія прывыклі працаваць з крэйдай ля дошкі, у рэальнасці маючы зносіны са сваімі вучнямі, прыйшлося “размаўляць з камп’ютарам”. І кожнаму з нас хацелася данесці інфармацыю да вучняў, настаўнікаў, бацькоў у належным аб’ёме.

Хачу выказаць словы падзякі нашаму эксперту з Нацыянальнага інстытута адукацыі Надзеі Уладзіславаўне Антонавай, якая працавала разам з намі, давала метадычныя парады, накіроўвала дзеянні. І, вядома, вялікую падтрымку нам аказвалі метадысты Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і раённага метадычнага кабінета. За гэта я ім вельмі ў­дзячна.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.