Па сілах справіцца, калі мы разам

- 12:41Навіны рэгіёнаў

Сістэму адукацыі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці можна ахарактарызаваць як самадастатковую структуру, якая зладжана функцыянуе, дзе паспяхова дзейнічаюць больш як 60 устаноў адукацыі, у якіх вучацца і выхоўваюцца звыш 8,5 тысячы дзяцей, працуюць больш як 1220 настаўнікаў і выхавальнікаў. Педагагічны калектыў раёна жыве дружна, вырашаючы актуальныя для сістэмы задачы, імкнучыся трымаць руку на пульсе часу і арыентуючыся на перспектыўныя праграмы развіцця ўстаноў.

Пра дасягненні і клопаты адукацыйнай сферы Рагачоўшчыны ў нашай гутарцы з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага раёна Аленай Вітальеўнай КЛАЧКОВАЙ.

— Алена Вітальеўна, па выніках мінулага навучальнага года аддзел адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага раёна трэці год запар названы пераможцам у абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў. Што дапамагае трымаць лідарства?

— Наш шлях у тройку раёнаў-лідараў складаўся са штодзённых канкрэтных крокаў. Кожнае, нават маленькае дасягненне для нас значнае, і мы ўжо не адступаем. З’яўляюцца пэўныя вынікі ў рабоце з навучэнцамі, у рабоце саміх педагогаў, і мы гаворым сабе, што маем права толькі на большыя вынікі і ніяк інакш. Кожны педагагічны калектыў, пачынаючы навучальны год, мае дакладныя арыенціры і імкнецца вырашыць задачы, якія перад ім стаяць, а кожнае дасягненне асобна ўзятых устаноў адукацыі выліваецца ў поспех раёна.

Дарэчы, у нас існуе практыка штогадовага падвядзення вынікаў работы ў разрэзе кожнай установы, 5—6 з іх атрымліваюць розныя бонусы. Зразумела, што галоўная адказнасць на кіраўніку, які павінен трымаць у полі зроку ўсе аспекты жыццядзейнасці ўстановы: ад умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў да пытанняў працы з сям’ёй і арганізацыі харчавання. Упэўнена, што толькі так можна дасягнуць добрых вынікаў і ўтрымаць іх.

— Вядома, што ў любой сферы дзейнасці дасягненні напрамую залежаць ад каманды. Калі гэта каманда аднадумцаў, паміж якімі ёсць паразуменне, тады і вынікі адпаведныя. Што можаце сказаць пра вялікі педагагічны калектыў рэгіёна?

— Наўрад ці хто стане спрачацца з тым, што львіная доля поспеху залежыць ад прафесіяналізму работнікаў і іх адказнасці. А майстэрства кіраўніка ў тым, каб расставіць кадры, дакладна паставіць задачы і кантраляваць іх выкананне. Рагачоўскі раён заўсёды адрозніваўся высокай прафесійнай падрыхтоўкай настаўнікаў, іх актыўнай жыццёвай пазіцыяй, ініцыятывай і адказнасцю. Ганарымся нашымі флагманамі — настаўнікамі-метадыстамі рагачоўскіх школ Вольгай Краўчанка, Таццянай Клымчук, Ларысай Літвінавай, Ірынай Бедняковай. Думаю, што ў гэтым годзе спіс прозвішчаў папоўніцца.

У нас сапраўды каманда. Розныя па ўзросце і вопыце, але каманда аднадумцаў. Сёння ў раёне кожны чацвёрты педагог — ва ўзросце да 31 года. Аднак я лічу, што вопыт старэйшых калег заўсёды запатрабаваны. Таму, калі такія майстры сваёй справы, хаця па ўзросце ўжо заслужылі адпачынак, застаюцца ў працоўным страі, гэта добры знак. Хацелася б яшчэ адзначыць, што ў нас у прыярытэце самазабеспячэнне кадрамі. Гэта пэўны залог поспеху, бо мы ведаем, каго накіроўваем ва ўстановы педагагічнага профілю. Штогод у ліку маладых спецыялістаў, якія ўладкоўваюцца да нас на работу, больш як палова — ураджэнцы Рагачоўскага раёна.

— Ці азначае гэта, што ўстановы адукацыі ў дастатковай ступені забяспечаны маладымі кадрамі?

— Не магу адказаць станоўча на гэтае пытанне. Пакуль раён адчувае дэфіцыт настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю, настаўнікаў пачатковай школы. Зноў жа спрабуем вырашыць праблему за кошт ураджэнцаў раёна — выпускнікоў педагагічных груп, якія арганізаваны ў некалькіх школах.

— Якая работа праводзіцца з маладымі спецыялістамі, каб яны замацаваліся на сваіх рабочых месцах?

— Перш за ўсё гэта, канечне, падтрымка аддзела і кіраўніка ўстановы, дзе малады спецыяліст пачынае працоўны шлях. Далей існуюць розныя так званыя бонусныя праграмы. Так, у рамках раённага пагаднення паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму і раённым камітэтам прафсаюза штогод рэалізоўваецца комплекс дадатковых мер матэрыяльнага стымулявання: частковая кампенсацыя сродкаў, затрачаных на аплату жылля, праезд да месца працы, скідкі пры наведванні культурна-відовішчных і спартыўных аб’ектаў і інш. Адразу пасля прыбыцця на рабочае месца кожнаму выплачваецца аднаразовая дапамога. А далей стараемся стварыць для маладых педагогаў умовы для асобаснага і прафесійнага росту. Працэнт замацавання маладых спецыялістаў у нас, лічу, нядрэнны — у апошнія гады ён даходзіў да 75 працэнтаў.

— Які настрой пануе ў педагагічным асяроддзі Рагачоўшчыны? Што садзейнічае прафесійнаму развіццю вашых настаўнікаў?

— Настрой адназначна пазітыўны. Мы стараемся ненадакучліва праводзіць маніторынг маральна-псіхалагічнага клімату ў калектывах. Вынікі, на шчасце, не палохаюць. Звароты работнікаў па працоўных пытаннях да кіраўніцтва аддзела і ў вышэйстаячыя інстанцыі практычна адсутнічаюць. Неабходна аддаць належнае і сацыяльнаму партнёру — нашаму галіноваму прафсаюзу, які падтрымлівае здаровую атмасферу ў калектывах. Кожны педагог адчувае, што для яго ствараюцца добрыя ўмовы працы, таму сам імкнецца да прафесійнага развіцця, усведамляючы, што ў гэтым залог яго аўтарытэту і матэрыяльнага дабрабыту.

— Раскажыце, калі ласка, пра поспехі, якіх дасягнулі навучэнцы і педагогі за апошні час. Як стымулюецца работа педагогаў з таленавітымі дзецьмі?

— Поспехі ёсць у розных кірунках дзейнасці. У гэтым навучальным годзе мы палепшылі паказчыкі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадметах. Другі год запар на заключным этапе алімпіяды навучэнцы нашых школ прадставяць вобласць па працоўным навучанні, грамадазнаўстве, кітайскай мове, гісторыі. Фіналістам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства стала настаўніца біялогіі Алеся Кулікова, сярод пераможцаў абласнога конкурсу класных кіраўнікоў — настаўнік хіміі і біялогіі Андрэй Чарняўскі. Ёсць нямала значных перамог таксама ў спартыўных спаборніцтвах.

Калі гаварыць пра стымуляванне, то ў кожнай установе адукацыі ажыццяўляецца заахвочванне педагагічных работнікаў у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі. У маі ў раёне праводзіцца цырымонія ўшанавання “Юныя таленты роднай зямлі”, дзе вучні і педагогі за высокія вынікі ў рэспубліканскіх інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах атрымліваюць грашовыя прэміі з рук старшыні райвыканкама. Бацькам навучэнцаў уручаюцца падзячныя лісты.

— Сёння ў прыярытэце якасць адукацыі. На ваш погляд, у чым яна заключаецца і што робіцца ў раёне для дасягнення пастаўленых задач?

— У раёне распрацавана і дзейнічае ўжо на працягу шэрага гадоў праграма кантролю якасці адукацыі, у якой яна разглядаецца як сукупнасць якасці трох асноўных складнікаў: вынікаў навучання, арганізацыі адукацыйнага працэсу і ўмоў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Мы пастараліся прадугледзець комплекс эфектыўных мерапрыемстваў па ўсіх кірунках, імкнёмся крочыць у нагу з часам у пытаннях абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, умацавання здароўезберагальнага асяроддзя для дзяцей, прафесійнага росту педагогаў, заўсёды адкрыты для новага і перспектыўнага.
Калі ж спыніцца на школьнай адукацыі, то, на мой погляд, яе можна лічыць якаснай тады, калі выпускнік II, III ступені агульнай сярэдняй адукацыі маральна і па ўзроўні сваёй падрыхтоўкі гатовы да далейшага атрымання адукацыі і канкурэнтаздольны ў гэтым. Мэтанакіраваная прафесійная арыентацыя, работа з бацькамі спрыяюць усвядомленаму жыццёваму выбару нашых выпускнікоў. У роўнай ступені гэта тычыцца і тых, хто выбірае навучанне па працоўных спецыяльнасцях, і тых, хто рыхтуецца да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

— Ці ёсць прыклады паспяховага выкарыстання сучасных тэхналогій і методык педагогамі горада?

— Не будзем гаварыць пра глабальныя ўкараненні, але прыклады якаснай рэалізацыі сучасных тэхналогій і эфектыўных методык прывесці можна. Выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе ўжо не навіна, а бясспрэчнае патрабаванне да сучаснага ўрока. Некалькі педагогаў школ раёна паспяхова былі прадстаўлены ў апошнія гады на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Радуе той факт, што колькасць нашых высокакваліфікаваных настаўнікаў, здольных стварыць аўтарскі электронны адукацыйны прадукт, павялічваецца.

— Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне? Што праводзіцца з мэтай прафарыентацыі школьнікаў?

— Яшчэ ў 90-я гады ўстановы адукацыі нашага раёна былі на перадавых пазіцыях па арганізацыі профільнага навучання. Сёння мы захоўваем станоўчыя тэндэнцыі. Профільныя клаcы на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць ва ўсіх гарадскіх школах, адкрыты ў 6 з 14 сярэдніх сельскіх школ. З верасня новага навучальнага года для ўсіх вучняў 10-х класаў, якія вывучаюць прадметы на базавым узроўні, арганізавана прафесійная падрыхтоўка ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Навучанне вядзецца па сямі спецыяльнасцях непасрэдна ў школах, педагагічным каледжы, прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў.

У раёне склалася эфектыўная сістэма прафесійнай арыентацыі, якая пачынаецца з дыягностыкі прафесійных схільнасцей школьнікаў і заканчваецца штогадовым правядзеннем раённага “Кірмашу прафесій” для вучняў выпускных класаў, дзе свае адукацыйныя паслугі і магчымасці прадстаўляюць установы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Хацелася б даведацца пра нейкія новыя і цікавыя формы выхаваўчай работы.

— Яны, безумоўна, у нас ёсць. Пачнём з рагачоўскага брэнда — штогадовага міжнароднага палатачнага лагера дружбы дзяцей славянскіх народаў “Крынічка”, які ўжо больш за чвэрць стагоддзя праводзіцца сумесна з абласным аддзяленнем фонду міру на Рагачоўшчыне. Лагер адкрываецца на 9 дзён і збірае больш як дзве сотні юных міратворцаў з нашага раёна, рэгіёнаў рэспублікі, а таксама некалькіх рэгіёнаў Расіі і Украіны.

Вялікі выхаваўчы патэнцыял маюць сёння школьныя музеі і экспазіцыі, унікальны музей раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Лёс салдата”. Штогод летам фарміруюцца экспедыцыі школьнікаў па месцах баявой славы аперацыі “Баграціён”.

У рамках арганізацыі летняй занятасці рэалізоўваецца раённы праект “Дваравёнак”, калі ўстановы адукацыі арганізоўваюць дзіцячы вольны час непасрэдна ў густанаселеных мікрараёнах горада. У цэлым можна з упэўненасцю сказаць, што сёння кожная наша ўстанова адукацыі ў рэалізацыі выхаваўчых задач знайшла сваю нішу.

— Зразумела, што без цяжкасцей у рабоце не абыходзіцца. Якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сёння? Якія шляхі іх пераадолення вы бачыце?

— Я назаву дзве найбольш актуальныя праблемы. Першая — гэта павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў. Другое — вучнёўская навукова-даследчая дзейнасць. Нягледзячы на тое, што на працягу шэрага гадоў навукова-даследчыя работы навучэнцаў нашых школ атрымліваюць дыпломы на рэспубліканскіх інтэлектуальных спаборніцтвах, узровень арганізаванай у раёне даследчай работы з навучэнцамі пакуль нас задаволіць не можа. Свае рэзервы бачым у павышэнні патрабавальнасці да якасці работ на раённым узроўні, прыцягненні выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі да навучання нашых зацікаўленых педагогаў праз правядзенне семінараў, майстар-класаў, у тым ліку і ў дыстанцыйнай форме.

— Алена Вітальеўна, якія задачы па развіцці адукацыйнай прасторы ставіць перад сабой аддзел адукацыі на найбліжэйшую перспектыву?

— З гэтага навучальнага года на нас ускладзена вельмі адказная і складаная місія — арганізацыя харчавання ўсіх нашых навучэнцаў і выхаванцаў. Гэта патрабуе ад кожнага работніка, які задзейнічаны ў працэсе, вялікай адказнасці і самааддачы.

Прыемна адзначыць, што раён знаходзіцца на перадавых пазіцыях у вобласці па арганізацыі навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Установы адукацыі раёна ўжо маюць пэўныя напрацоўкі, якія дадуць магчымасць у хуткім часе рэалізаваць на практыцы прынцыпы інклюзіўнай адукацыі. Мы ставім гэта ў прыярытэт. А ў цэлым разумеем, што ў нашай працы няма другарадных напрамкаў, таму традыцыйна пастараемся ўдзяліць належную ўвагу кожнай установе, кожнаму педагогу і кожнаму дзіцяці.

— Што вам дапамагае эфектыўна кіраваць і заставацца пры гэтым пазітыўным чалавекам?

— Перш за ўсё радасць і задавальненне дастаўляюць дасягненні і поспехі нашых вучняў і педагогаў, цэлых калектываў пад кіраўніцтвам дасведчаных, прафесіянальных і адказных кіраўнікоў. Вядома ж, вялізную ролю адыгрывае падтрымка калег. У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама працуе эфектыўная і прафесіянальная каманда, у якой кожны гатовы падставіць плячо таварышу, што дазваляе рухацца зададзеным курсам. Я хачу выказаць падзяку свайму намесніку, галоўным спецыялістам аддзела, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, метадычнай службе раёна, а таксама ўсім, хто займаецца матэрыяльнымі і фінансавымі пытаннямі ў адукацыі, усім кіраўнікам устаноў адукацыі і педагогам Рагачоўшчыны. Толькі таму што мы разам, нам па сілах справіцца з усімі задачамі.

Наталля ЛУТЧАНКА.