Па вопыт — на Байкал

- 12:10Краязнаўства

Часам здаецца, што праблемы прыроды — гэта праблемы шматлікіх прыродаахоўных, экалагічных, геаграфічных і іншых арганізацый. Аднак некаторыя людзі абсалютна не згодны з такім пунктам погляду. Пачні з сябе, падцягнуцца іншыя — і будзе вынік. Менавіта з тымі думкамі паехаў на Байкал Мікіта Рачылоўскі.

Мікіта сёлета перайшоў на другі курс гістарычнага факультэта БДПУ імя МаксімаТанка. На сваім факультэце ён кіруе адным з падраздзяленняў арганізацыі GreenOfficeBSPU (працуе ў экалагічным і асветніцкім напрамках, напрамку разумнага спажывання). Аднойчы ў агульную гутарку каардынатараў скінулі спасылку. Мікіта зацікавіўся, перайшоў, апынуўся на сайце Рускага геаграфічнага таварыст­ва і ўбачыў, што там шукаюць валанцёраў для паездак у розныя экспедыцыі. Падчас іх добраахвотнікі дапамагаюць супрацоўнікам запаведнікаў наводзіць парадак на тэрыторыі, праводзяць метэаралагічныя, гідралагічныя, геаграфічныя і іншыя даследаванні, займаюцца археалагічнымі раскопкамі, удзельнічаюць у лекцыях і майстар-класах расійскіх вучоных. Хлопец вырашыў падаць заяўкі на дзве экспедыцыі: у Катунскі запаведнік і комплекс запаведнікаў “Запаведнае Падлямор’е” (менавіта там і знахо­дзіцца Байкал).

— Па-першае, трэба было мець ці вялікі вопыт вандровак, удзелу ў іншых экспедыцыях, валанцёрскай дзейнасці, ці вучыцца на гістарычных, прыродазнаўчых, геаграфічных, этналагічных і іншых спецыяльнасцях, ці мець прафесійнае захапленне гэтымі навукамі. Па-другое, атрымаць характарыстыку ад дэканата. Па-трэцяе, напісаць, чаму я хачу паехаць у экспедыцыю і што мой удзел ёй дасць, — расказвае Мікіта.

Хлопец адзначае, што пры запаўненні анкеты не трэба выдумваць таго, чаго няма. Шчырасць — найлепшае, чым можна скарыстацца. Хаця Мікіта і не меў вопыту ў вандроўках, яго заяўка зачапіла прадстаўнікоў РГТ (усяго іх было каля 350), і ён стаў адным з 14 чалавек, якія адправіліся на Байкал.

Паездка прадаўжалася з 15 па 31 ліпеня. Усе расходы па транспарціроўцы, пражыванні і харчаванні брала на сябе таварыст­ва. Мікіта заплаціў толькі за білет ад Мінска да Масквы і назад.

— Я правёў чатыры дні ў цягніку: ад Маск­вы да Улан-Удэ, сталіцы Бураціі. Там мы ўсе сустрэліся і адправіліся на месца. Першы тыдзень правялі ў Забайкальскім нацыянальным парку. Мы працягнулі рабіць экалагічную сцежку “Сцежка выпрабаванняў”, якая дазваляе камфортна падымацца на гару. Нам прадаставілі каскі, пальчаткі, акуляры, кіркі, сякеры, бензапілы — карацей, усё, што было трэба. За два дні сказалі зрабіць 300 метраў сцежкі. У першы мы зрабілі 230 метраў, — кажа хлопец.

Лагер удзельнікаў экспедыцыі знаходзіўся на паўвостраве Святы Нос. Там яны расставілі палаткі (жылі па двое), уладкавалі асобныя месцы пад прылады і прыпасы. Кожны дзень назначаўся дзяжурны, у абавязкі якога ўваходзіла гатаванне снедання, абеду і вячэры, падрыхтоўка прыпасаў для пад’ёму на гару, падтрыманне аптымальнай колькасці кіпячонай вады. Мікіта сцвярджае, што недахопу ў ежы не было. Разумею, што гэта праўда, калі бачу фотаздымак: там ён з вялікай талеркай кашы з суха­фруктамі і варэннем.

— У нас быў дзень рабочы — дзень выхадны. Выхадныя мы прысвячалі экскурсіям па запаведніку. У першы тыдзень, напрыклад, падняліся на адну з вяршынь Святога Носа, якая знаходзілася на 1000 метраў ад узроўню Байкала. Гэта было даволі складаным выпрабаваннем, — упэўнівае Мікіта.

Другі тыдзень група правяла ў Баргузін­скім запаведніку, да якога дабіралася на катары 5 гадзін. Там чакала праца па расчыст­цы турыстычнай сцежкі “Рака Шуміліха” пасля пажару, які адбыўся ў 2015 годзе.

— Вельмі цікава было знаходзіцца сярод разумнай моладзі, таму што многія былі ў іншых экспедыцыях, хтосьці выкладае ў школе. Калі мы падымаліся на сцежку, пастаянна было чуваць: “О, вось гэта той камень, а гэта тая расліна”.

Давялося ўдзельнікам экспедыцыі павітацца са шматлікімі жывёламі і птушкамі. На працягу тыдня ў іх лагер прыбягала ліса, якой нават далі мянушку — Цішка. Бачылі бурундукоў, арлоў, пугача. Самым нечаканым знаёмствам стала сустрэча з мядз­ведзем.

— У першы дзень нашага знаходжання ў Баргузінскім запаведніку мы сядзелі каля вогнішча разам з яго работнікамі. І раптам яны кажуць: “Здаецца, там мядзведзь”. Усе азірнуліся — сапраўды па беразе ішоў мядз­ведзь. Гэта было не дзіця і не дарослая асоба, сярэдніх памераў. Мы хутка ўста­лі, адышлі за вогнішча і пачалі яго адпуж­ваць. Ён пачуў гэта і пабег у бок лесу, у кусты. Гэта было першае для многіх людзей, у тым ліку і для мяне, знаёмства з мядзведзем на волі, — узгадвае хлопец.

Удзельнікі экспедыцыі шмат чаго перанялі ад мясцовых жыхароў і работнікаў запаведнікаў, з якімі часта сустракаліся падчас экспедыцыі. Напрыклад, як моцна можна любіць свой край, захапляцца яго прыгажосцю і ставіцца з павагай да яго багаццяў. Мікіта гаворыць, што там усе сочаць за тым, каб на запаведных тэрыторыях не было браканьераў, патрулююць тэрыторыі. У нейкім сэнсе яны працягваюць справу Зянона Сваташа, асобу якога жыхары вельмі паважаюць.

— Калі я прачытаў кнігу пра З.Сваташа, якую набыў у сувенірным магазіне, зразумеў: усе мясцовыя жыхары і работнікі, якія сустрэліся мне на Байкале, нагадваюць вучонага сваёй адданасцю і любоўю да гэтага месца, яны гатовы на ўсё дзеля яго.

Зянон Францавіч Сваташ быў заолагам і адным з заснавальнікаў Баргузін­скага запаведніка. У той час (1916 год) у ім налічвалася толькі некалькі дзясяткаў галоў собаля (каштоўнае футра прываблівала паляўнічых і браканье­раў). З.Сваташ прысвяціў сваё жыццё адра­джэнню папуляцыі гэтай жывёлы. У 1924 годзе вучоны ўзначаліў Баргузінскі запаведнік. Потым быў вымушаны з’ехаць. Але ў 1942 годзе вярнуўся на меншую пасаду. Зянон Францавіч памёр у 1949 годзе ў запаведніку. Яго пахавалі ў сяле Баргузіне, а на магіле ўстанавілі манумент: на ім — твар вучонага і невялікі пухнаты звярок — собаль.

Мікіта лічыць, што ў такіх экспедыцыях важна ўмець знаходзіцца ў калектыве. Дзесьці трэба сваё “Я” стрымаць і саступіць іншаму. За ўвесь час ва ўдзельнікаў не было ніводнай прычыны да канфлікту. Здаецца, усе разумелі: нам жыць разам два тыдні, навошта псаваць адно аднаму настрой. З’яднацца дапамагала і традыцыя вечарам збірацца ля вогнішча. Кожныя такія вячоркі былі нечаму прысвечаны. Напрыклад, Мікіта распавядаў пра Беларусь, дзяўчына з Украіны — пра Украіну. Усе астатнія былі расіяне, таму з зацікаўленасцю слухалі аповеды “абарыгенаў”. А адзін вечар стаў для Мікіты асаблівым: перад самым ад’ездам хлопец адзначыў 22-і дзень нараджэння. Ды яшчэ як! З сапраўдным тортам і шчырымі пажаданнямі.

— Мы сядзелі перад вогнішчам, чакалі творчага вечара, і тут прыходзіць наш кэмп-лідар, пачынае мяне віншаваць. Вынеслі торт. Дагэтуль не ведаю, як і з чаго яго зрабілі. Я дастаў беларускія згушчонку, шакалад і цукеркі, якія загадзя купіў у нас. У выніку кожны атрымаў кавалак торта са згушчонкай, пасыпаны цёмным шакаладам, і цукеркі.

Мікіта і сваіх сяброў не пакінуў без падарункаў: кожнаму ўручыў магніцік з якой-небудзь беларускай стравай. Цікава, што калі людзі бачылі рэцэпт халадніка, то проста не разумелі, што гэта. Хлопец узяў з усіх слова, што яны абавязкова згатуюць тое, што напісана на магнітах. Дарэчы, пракантраляваць гэта зараз вельмі проста. Удзельнікі экспедыцыі стварылі агульны дыялог ва “УКантакце”, дзе дзеляцца фотаздымкамі, абмяркоўваюць паездку. Магчыма, у наступную экспедыцыю многія хлопцы і дзяўчаты зноў паедуць разам.

— Рускае геаграфічнае таварыства дае магчымасць убачыць розныя славутасці Расіі. Краіна велічэзная, і можна хоць кожны год ездзіць у новае месца. Галоўнае — мець вопыт, жаданне і нейкую характарыстыку, каб атрымаць вагу пры адборы, — кажа Мікіта.

Экспедыцыя ў комплекс запаведнікаў “Запаведнае Падлямор’е” ўсім яе ўдзельнікам дала вельмі многа. Па-першае, гэта знаёмства з іншай краінай, ды яшчэ з якой яе часткай — неверагодным Байкалам. Па-другое, гэта мноства новых сяброў, якія падчас працы, паходаў і адпачынку сталі амаль са­праўднай сям’ёй. Па-трэцяе, гэта вопыт, які можна перадаць іншым. Напрыклад, расійскі настаўнік геаграфіі паабяцаў на сваім будучым уроку пра Байкал расказаць вучням пра ўражанні ад паездкі і паказаць фота­здымкі.

Байкал — самае глыбокае (1642 м) і старажытнае (каля 25 мільёнаў гадоў) возера на планеце, якое мае найвялікшы запас прэснай вады. Плошча возера складае амаль 32 тысячы км2 (для параўнання: плошча Брэсцкай вобласці — 32,7 тысячы км2). За такія памеры мясцовыя жыхары часта называюць Байкал морам. Возера занесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Мікіты РАЧЫЛОЎСКАГА.