Пад браслаўскім парусам

- 11:20Выхаванне

Апынуцца цяпер на яхце пасярод вадаёма, напэўна, хацеў бы кожны. Анатоль Стралок, трэнер па парусным спорце ДЮСШ Браслаўскага раёна, праводзіць так практычна кожны дзень. Са сваімі выхаванцамі ён імкнецца прыручыць ваду і вецер, а тыя і рады падпарадкавацца ўмелым рукам. 

У класе “Аптыміст”

Анатоль Стралок пачаў займацца парусным спортам у 9 гадоў. У гэты спорт хлопчыка прывяла настаўніца фізкультуры Вольга Сайкова, якая цяпер займае пасаду намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па парусным спорце. Пакуль Анатоль Анатольевіч жыў у Гомелі, хадзіў у СДЮШАР “Амега”, а пасля паступлення ў БДУФК трэніраваўся на базе РЦАП. У 2011 годзе ён стаў трэнерам і па размеркаванні трапіў у сваю ж гомельскую спартыўную школу. Адпрацаваў там 10 гадоў і ў студзені гэтага года пераехаў у Браслаў. Не для таго, каб любавацца тутэйшай прыродай, а каб спрыяць развіццю паруснага спорту ў горадзе. 

— Калі я прыехаў, мне далі 18 гадзін у тыдзень. Я набраў 3 групы па 10 чалавек з сярэдніх школ № № 1 і 2. Гэта ў асноўным дзеці 9—11 гадоў, таму што мы займаемся на лодках класа “Аптыміст”, у якіх лепш за ўсё знаходзіцца школьнікам да 50—55 кг. Пры большай вазе лодка страціць хуткасць. 

Мы бралі ўсіх жадаючых, нікому не адмовілі, праўда, з часам гэты спорт камусьці надакучвае, камусьці перастае падабацца — ён не для ўсіх. З тых, хто прыйшоў да мяне ў студзені, засталося каля 80%. Яны кожны дзень трэніруюцца, але летам з гэтым складаней: хтосьці з’язджае да бабуль і дзядуль, хтосьці — на дачу, — расказвае трэнер.

Парусны спорт падыходзіць і хлопчыкам, і дзяўчынкам. У Анатоля Анатольевіча іх 50 на 50. Займацца можна пачынаць з 6—7 гадоў, калі бацькі і дзіця гатовы да гэтага. Дзіця павінна ўмець мінімальна плаваць ці хаця б трымацца на вадзе. Пры гэтым у лодцы яно знаходзіцца абавязкова ў выратавальнай камізэльцы, бо страх вады і падзення ў многіх захоўваецца. 

Любы сезон — з лодкай

Парусны спорт у ДЮСШ Браслаўскага раёна існуе з зімы. Як жа праходзілі трэніроўкі, галоўны складнік якіх — вада? 

— Я перавёз лодку з базы, дзе яны ўсе стаяць зімой, у спартыўную залу нашай школы. На яе прыкладзе мы вывучалі будову лодкі, як і што ў ёй называецца, з якіх частак складаецца парус і г.д. Таксама вучылі розныя тэхнічныя элементы: паварот, правільную пастаноўку паруса пры вызначаным курсе ветру, перакладанне руля, пераход з борта на борт. Дзяцей пакрысе прывучаў да таго, што на вадзе будуць толькі яны і лодка. Улетку перад выхадам на ваду мы ставім парус, падымаем шпрынт, правяраем усе наладкі. Я саджуся ў стартар, выстаўляю дыстанцыю, і пачынаецца трэніроўка. 

Дыстанцыя ўяўляе сабой некалькі буёў чырвонага або аранжавага колеру з надпісамі 1, 2, 3. Іх трэба прайсці ў правільнай паслядоўнасці. Кожны буй абыходзіцца з пэўнага боку, з якога — кажа трэнер. Дыстанцыя выстаўляецца ў выглядзе трохвугольніка, пятлі, трапецыі і іншых фігур. Дзеці ходзяць па дыстанцыі, унутры знаходзіцца Анатоль Анатольевіч, усё кантралюе і за ўсімі сочыць. Таксама выхаванцы адпрацоўваюць элементы, павароты, вядзенне лодкі на хвалі і інш. 

— На беразе я даю дзецям пэўнае заданне і гляджу, як яны яго выконваюць. Потым тлумачу памылкі, мы іх разбіраем. На наступных занятках паўтараем заданне, дзеці выпраўляюць памылкі. Гэта паслядоўная, карпатлівая праца, да якой трэба падыходзіць з цярпеннем. 

Часцей за ўсё дзецям пачатковай падрыхтоўкі цяжка вызначыць, адкуль дзьме вецер. Гэта прыходзіць з вопытам, запэўнівае трэнер. Многія памыляюцца на лавіроўцы, калі лодка ідзе 45 градусаў супраць ветру, для некаторых цяжка зразумець, як яна можа так рухацца. 

З чым пашанцавала пачаткоўцам, дык гэта з фізічнай формай, дакладней, з магчымасцю не моцна за яе перажываць. З часам становіцца важна, каб ногі, прэс, рукі былі моцныя, але пакуль лепш думаць пра кіраванне лодкай. Як кажа Анатоль Стралок, парусны спорт — гэта шахматы на вадзе. Таму ўзімку ўдзяляецца асаблівая ўвага тэорыі: у першы год выхаванцам трэба зразумець, што такое вецер, лодка, хто каму павінен уступаць на вадзе, каб не было сутыкненняў.

Догляд і клопат

— Мы займаемся на возеры Дрывяты. У Браслаўскім раёне каля 250 азёр, але менавіта на Дрывятах пабудавана база. Возера вельмі вялікае, хвалюецца пад ветрам, ёсць прастора, каб разагнацца. Каб выйсці на ваду, мы чакаем дазволу ад райвыканкама. Сёлета першы раз спусцілі лодкі 1 мая, таму што ў красавіку надвор’е было халаднаватае, а вада недастаткова цёплая. 

Хоць дзеці і апранаюць на трэніроўку неапрэнавыя касцюмы і спецыяльны абутак з неапрэнавымі шкарпэткамі, вада павінна прагрэцца мінімум да 8—9 градусаў. Не варта забываць і пра шапкі, кепкі, таму што атрымаць сонечны ўдар на вадзе значна прасцей, чым на беразе. 

— Яхт у нас усяго 15, усе класа “Аптыміст”. Ён самы шматлікі ў свеце. Пасля 16 гадоў можна пераходзіць на класы “Лазер 4,7”, “420”, “Кадэт”. Яны развіваюцца ў Мінску, Гомелі, Гродне, у нас жа такіх пакуль няма. Але будзем размаўляць з федэрацыяй, можа, нам набудуць пару лодак, каб парусны спорт у Браславе развіваўся далей. 

Пра лодку спартсмены клапоцяцца як пра любімага хатняга гадаванца. Пасля кожнай трэніроўкі чысцяць яе, мыюць ватэрлініі, прыбіраюць унутры пясок. У парусным спорце кажуць, што лодка — гэта твар спартсмена, таму яна павінна быць у добрым стане. 

Ад таго, як яхту выкарыстоўваюць і як яе дагладаюць, залежыць, колькі яна “пражыве”. Некаторыя ходзяць 20 гадоў, некаторыя — 30. Прычым за догляд адказваюць не толькі спартсмены (у нашым выпадку дзеці), але і трэнеры. Яны павінны расказаць, напрыклад, як правільна падыходзіць да пантона, каб лодка не ўрэзалася ў яго на ўсёй хуткасці. 

Як знікае боязь

— Самае цяжкае ў кіраванні яхтай — гэта пераадоленне страху вады, глыбіні. Некаторыя баяцца, што іх укусіць якая-небудзь вялікая рыба. Дзеці глядзяць розныя фільмы і потым цяжка ім растлумачыць, што ў Дрывятах страшныя рыбы не водзяцца. 

Спосаб барацьбы са страхам у Анатоля Анатольевіча просты: калі няма ветру, ён пераварочвае лодку і паказвае, як ставіць яе назад, паказвае, што дзіцячая выратавальная камізэлька трымае на вадзе нават яго. Калі ветру няма, дзіця можа папрасіць самастойна перавярнуць і паставіць яхту, трэнер дазваляе. Так з часам страх знікае. Бывае, на занятках дзеці падаюць у ваду. Пачаткоўцам усё цікава, яны могуць адцягнуць сваю увагу, не справіцца з кіраваннем падчас моцнага ветру. Але Анатоль Анатольевіч сітуацыю кантралюе: праходзіць літаральна пару хвілін, і ён ужо каля іх, дапамагае. 

— Экстрэмальных сітуацый на трэніроўках пакуль не было, але мы да іх гатовы. У Гомелі такія здараліся, але, калі спартсмен падрыхтаваны, для яго яны не страшныя. Экстрэмальныя сітуацыі — гэта, напрыклад, на вялікай хуткасці перавярнуцца, урэзацца ў хвалю, адляцець ад лодкі на 10—15 метраў (гэта тычыцца больш хуткаходных яхт). 

Народжаныя ў лодцы

Выхаванцы Анатоля Стралка на сур’ёзныя спаборніцтвы пакуль не ездзілі, трэнер кажа, сыраватыя, толькі 2—3 месяцы займаюцца на вадзе. Свае першыя выпрабаванні яны пройдуць у верасні. Трэнер хоча паглядзець, як тыя справяцца, і ацаніць сваю работу. Ён лічыць, каб дзіця ўпэўнена адчувала сябе на спаборніцтвах і магло нешта паказаць, трэба трэніравацца як мінімум два сезоны.

Парусная гонка — гэта не проста спаборніцтвы на хуткасць. На дыстанцыі могуць быць розныя плыні, вецер можа мяняць хуткасць і кірунак, яхта — хуткасць у залежнасці ад таго, пад якім вуглом ідзе ў кірунак ветру. Таму гэта спаборніцтвы на ўменне ўбачыць, прадбачыць і правільна выкарыстоўваць плынь і змяненне напрамку і сілы ветру, а таксама аптымальна пракласці курс, каб падаўжэнне дыстанцыі кампенсаваць большай хуткасцю. 

— У мяне ёсць таленавітыя дзеці, на якіх глядзіш і думаеш, быццам яны нарадзіліся ў гэтай лодцы. Колькі такіх дзяцей, казаць не буду. Чакаем, калі зможам паехаць на спаборніцтвы і паказаць сябе. 

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.А.Стралка.

“Парусны спорт — вельмі прыгожы, відовішчны від, які лічыцца каралеўскім. Прырода, вада, вецер, парус — гэта вабіць да сябе”. 

Заняткі доўжацца 1,5 гадзіны, для дзяцей пачатковай падрыхтоўкі такога часу дастаткова, таму што гэта вада, сонца, выхаванцы хутка стамляюцца. Для старэйшых час трэніроўкі павялічваецца да 2—3 гадзін, прафесіяналы знаходзяцца на вадзе не менш за 5 гадзін. Бяруць з сабой ежу, пітную ваду.