Пад сцягам сяброўства

- 12:25Выхаванне
19 чэрвеня ў Барысаве (Мінская вобласць) на Алеі герояў 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў прайшло ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага абаронна-спартыўнага лагера.

 

Сёлетні лагер, які традыцыйна праводзіцца намаганнямі міністэрстваў адукацыі і абароны, ладзіцца з 18 па 26 чэрвеня ўжо шосты год запар. За гэты час ён стаў адной з цэнтральных падзей летніх канікул. Удзельнікі лагера, якія прадстаўляюць каманды з усіх абласцей краіны і Мінска, — гэта лепшыя навучэнцы кадэцкіх класаў, юнакі і дзяўчаты 14—18 гадоў. Удзел у лагеры для іх з’яўляецца выдатнай узнагародай за актыўную работу па захаванні і прапагандзе традыцый грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
Штогод месцам правядзення лагера выбіраецца 72-гі вучэбны цэнтр, паколькі менавіта тут праводзіцца вялікая работа па ваенна-патрыятычным выхаванні, дапрызыўнай падрыхтоўцы і арыентацыі на прафесію ваеннаслужачага навучэнскай моладзі, у тым ліку вучняў сярэдняй школы № 7 Барысава. Нядзіўна, што каманда гэтай установы адукацыі штогод паказвае высокія вынікі ў конкурснай праграме лагера.
Цесная сувязь паміж воінскімі злучэннямі, часцямі і ўстановамі адукацыі краіны ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, падрыхтоўцы яе да службы ва Узброеных Сілах існуе даўно. На базе воінскіх часцей праводзяцца патрыятычныя лагеры і злёты навучэнцаў, конкурсы летапісаў воінскіх злучэнняў і часцей, сумесныя творчыя конкурсы навучэнцаў і ваеннаслужачых.
— Ваенна-патрыятычнае выхаванне з’яўляецца найважнейшым кірункам ідэалагічнай работы на сучасным этапе развіцця беларускай дзяржавы. Традыцыйна вось ужо шосты год для лепшых навучэнцаў на базе 72-га вучэбнага цэнтра ладзіцца рэспубліканскі абаронна-спартыўны лагер. Адна з яго мэт — абарона спадчыны Перамогі. Упэўнены, што вы будзеце годна працягваць традыцыі нашых ветэранаў-франтавікоў, а ў спаборніцтвах няхай пераможа наймацнейшы, — звярнуўся да навучэнцаў выконваючы абавязкі намесніка начальніка 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў па ідэалагічнай рабоце гвардыі маёр Уладзімір Іванавіч Даўгалёў.
Як адзначыла вядучы спецыяліст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Алена Уладзіміраўна Ануфровіч, профільнае міністэрства ўдзяляе вялікую ўвагу пытанням грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Ужо многія гады па нашай краіне крочыць рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, а з верасня мінулага года стартавала рэспубліканская патрыятычная акцыя “Я — грамадзянін Беларусі”. У рамках гэтай акцыі і праводзіцца сёлетні лагер. Ад імя ветэранаў Узброеных Сіл, воінаў-інтэрнацыяналістаў, членаў Беларускага саюза афіцэраў з пачаткам работы лагера юных патрыётаў павіншаваў падпалкоўнік у адстаўцы воін-інтэрнацыяналіст Фелікс Дарафеевіч Котаў.
На працягу некалькіх дзён юнакоў і дзяўчат чакае насычаная праграма. Гэта і конкурс “Візітоўка каманды”, і спартыўныя спаборніцтвы, і конкурс “Агляду строю і песні”, і спаборніцтвы па стральбе, і, канечне ж, любімая ўсімі “Зарніца”. Больш падрабязна пра армейскае жыццё навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.