У аўторак ва ўнутраным дворыку галоўнага корпуса БДПУ імя Максіма Танка каля помніка студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны старту юбілейнага 50-га Зорнага паходу — своеасаблівага падарожжа сённяшніх студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа.
Традыцыяй правядзення зорных паходаў ганарацца многія ўстановы вышэйшай адукацыі, аднак у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце яна налічвае ўжо паўстагоддзя. Паходы з удзелам будучых педагогаў праводзяцца заўсёды ярка, маштабна, запамінальна. Праз гэтую своеасаблівую школу патрыятычнага выхавання і сяброўства прайшлі тысячы студэнтаў. Кожны паход — гэта не толькі новыя маршруты, новыя ўдзельнікі, новыя ўражанні, але і новыя маленькія традыцыі. Сёлетнім новаўвядзеннем стаў інтэрнацыянальны характар паходу. Разам з беларускімі, казахскімі, туркменскімі і кітайскімі студэнтамі педуніверсітэта з канцэртамі ў школы, дамы культуры, на сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі, ветэранамі вайны і працы, да адметных мясцін баявой славы Салігорскага, Асіповіцкага, Глыбоцкага, Ашмянскага, Смаргонскага, Смалявіцкага раёнаў адправіліся і студэнты Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, а таксама Казахскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта (усяго 6 інтэрнацыянальных атрадаў і больш за 150 чалавек).
— Мы з вамі працягваем добрыя традыцыі зорных паходаў і сімвалічна пачынаем падарожжа каля помніка студэнтам і выкладчыкам нашага ўніверсітэта, якія змагаліся на франтах, у тыле, падпольных групах, самааддана працавалі, уносячы свой уклад у набліжэнне Вялікай Перамогі. У юбілейны год Перамогі мы адраджаем традыцыю інтэрнацыянальных зорных паходаў. Вы, лепшыя прадстаўнікі студэнцтва, з’яўляецеся носьбітамі памяці пра Вялікую Перамогу. На вас ускладзена адказная місія захоўваць і перадаваць гістарычную праўду будучым пакаленням, таму сёння мы закладзём памятную капсулу з пасланнем да студэнтаў 2045 года, якія будуць удзельнічаць у паходзе з нагоды 100-годдзя Вялікай Перамогі, — звярнуўся да “зорнікаў” рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.
Сімвалічнасць інтэрнацыянальнага характару 50-га Зорнага паходу ў год, калі ў краінах СНД шырока адзначаецца 70-годдзе Перамогі, падкрэсліў у прывітальным слове і міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.
— Сваім прыкладам вы павінны сведчыць пра тое, што мы былі магутнай сям’ёй і заўсёды будзем заставацца сябрамі, вернымі адно аднаму, вернымі традыцыям нашых бацькоў і дзядоў. У Год моладзі беларускія студэнты павінны паказаць прыклад сваім равеснікам з іншых краін, як трэба праводзіць гэты год, як трэба адпачываць і як трэба з розумам, карысцю праводзіць падобныя мерапрыемствы, паказваць, якія душэўныя людзі жывуць у Беларусі, як мы любім і цэнім інтэрнацыянальнае сяброўства, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч.
Гісторыю зорных паходаў стваралі тысячы студэнтаў і выкладчыкаў, сярод іх і ганаровы госць урачыстага мітынгу, удзельнік і арганізатар зорных паходаў з 1985 па 2004 гады, выпускнік БДПУ, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільевіч Карпенка. 30 гадоў назад, будучы студэнтам гістарычнага факультэта тады яшчэ Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага, ён удзельнічаў у 20-м Зорным паходзе. Па словах Ігара Васільевіча, з таго часу многае змянілася, аднак традыцыя, звязаная з героіка-патрыятычным, грамадзянскім выхаваннем падрастаючага пакалення, развіваецца і набывае сучаснае гучанне. Зорныя паходы сталі сапраўднай школай мужнасці, школай жыцця.
— Вы пойдзеце па тэрыторыі нашай краіны, будзеце сустракацца з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, наведаеце школы, дашкольныя ўстановы, у вас будуць незабыўныя хвіліны размоў адно з адным і з людзьмі, якія ствараюць сучасную гісторыю нашай незалежнай Беларусі. Жадаю вам правесці канікулы ў цікавых сустрэчах, атрымаць новыя веды, новую інфармацыю, што для будучых педагогаў, сапраўдных грамадзян нашай краіны вельмі важна, — звярнуўся да студэнтаў Ігар Васільевіч.
Пра важнасць інтэрнацыянальнага сяброўства, пра захаванне гістарычнай памяці, пра нашу агульную Перамогу гаварылі і прадстаўнікі пасольстваў Казахстана, Расіі і Туркменістана, якія нібыта ў агульнай малітве ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра тых, хто са студэнцкіх аўдыторый пайшоў на фронт і ніколі ў сваім жыцці не пачуў гукі выпускнога балю, не атрымаў запаветны дыплом.
У звароце да ўдзельнікаў 80-га Зорнага паходу, які на спецыяльным аркушы ў спецыяльнай капсуле будзе захоўвацца каля помніка, сённяшнія студэнты выказалі ўпэўненасць, што памяць пра Вялікую Айчынную вайну перажыве стагоддзі і ў 2045 годзе іх равеснікі збяруцца ў дворыку педагагічнай альма-матар і гэтаксама пасля ўрачыстага мітынгу адправяцца па беларускай зямлі, каб аддаць даніну павагі воінам-пераможцам.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.