Падарунак для хлебаробаў

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Галоўнае свята хлебаробаў адзначылі на Міншчыне. Абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2017” прайшоў у Смалявічах. Павіншаваць герояў жніва ў райцэнтр прыехалі і прадстаўнікі сістэмы адукацыі вобласці.

У падарунак хлебаробам і ўсім гасцям свята ўстановы прафесійнай адукацыі вобласці арганізавалі выставу-кірмаш “Жывая крынiца традыцый”, у рамках якой працавалі 11 інтэрактыўных пляцовак з тэматычнымі выставамі, майстар-класамі і прэзентацыямі.

Бадай, ніводны госць свята не абмінуў “Сядзібу рыбака” — менавіта так называлася пляцоўка, якую падрыхтавалі прадстаўнікі Вілейскага дзяржаўнага каледжа. Апранутыя ў марацкую форму, яны частавалі гасцей свята гарачай юшкай і дранікамі.

Асаблівую далучанасць да свята адчуваюць навучэнцы і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі сельскагаспадарчага кірунку. Напрыклад, педагогі Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя не толькі вучаць будучых удзельнікаў жніва, але і самі ў гарачую пару выходзяць у поле. Прадстаўнікі ліцэя падрыхтавалі для свята выставу-дэгустацыю розных відаў фітачаю, мёду, бліноў і запрасілі ўсіх жадаючых зрабіць здымкі ў фотазоне “Мядовая казка”.

Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй паклікаў усіх на “Бульбяны разгуляй”. На гэтай пляцоўцы ўсё было прысвечана неафіцыйнаму сімвалу Беларусі: вока радавалі дэкаратыўныя вырабы з бульбы, а страўнік — бульбяныя прысмакі. А навучэнцы ліцэя дэманстравалі гасцям горада свае артыстычныя таленты — творчыя калектывы і салісты паказвалі яркія нумары на музычнай маладзёжнай пляцоўцы.

На “Восеньскім падвор’і” Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя можна было навучыцца вырабляць ніткі з ільну, а завітаўшы на пляцоўку Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, трапіць на майстар-клас па фуд-дызайне. Салігорскі дзяржаўны каледж даў кожнаму магчымасць пасядзець за ганчарным кругам і зрабіць сваімі рукамі збан. Запрасілі салігарчане і на кірмаш рамёстваў, дзе былі прадстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці з саломы, гліны, лазы, поліэфірнага шнура.

Чэрвеньскі будаўнічы прафесійны ліцэй прэзентаваў на выставе вырабы “Драўлянай майстэрнi”, выкананыя навучэнцамі бізнес-кампаніі “СтандАрт”. Жадаючыя маглі не толькі набыць адпаведную прадукцыю, але і стварыць уласны выраб на майстар-класе па зборцы дачнага крэсла.

“Дажынкі” — гэта не проста забава, гэта магчымасць падзякаваць хлебаробам за іх працу. І цудоўна, что да гэтага дружнага і гучнага “дзякуй” далучыліся маладыя галасы навучэнцаў.

Дар’я РЭВА.