Падарункі ў школьны партфель

- 9:20Адукацыйная прастора

Алоўкі, фламастары, сшыткі — такія неабходныя да пачатку навучальнага года рэчы штодня з’яўляюцца ў скрыні з надпісам “Збяром дзяцей у школу”. Студэнты-валанцёры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы далучыліся да дабрачыннай акцыі, якая праходзіць у Гродзенскай вобласці.

Усе сабраныя валанцёрамі канцылярскія прылады будуць перададзены ў школы горада і ў сем’і, якія маюць патрэбу ў такой дапамозе. Так было і ў мінулым годзе, калі напярэдадні навучальнага года валанцёры на чале з рэктарам ГрДУ Ірынай Кітурка пабывалі ў дзвюх школах горада і перадалі сабраныя рэчы дзецям.

— Лічу, што мы робім вельмі па­трэбную справу, — гаворыць старшыня савета валанцёраў ГрДУ імя Янкі Купалы, студэнтка педагагічнага факультэта Дар’я Пякарская. — Штодня студэнты выходзяць у галоўны корпус універсітэта, а вечарам мы арганізуем збор канцылярскіх прылад у гандлёвым цэнтры.

Дар’ю падтрымлівае студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі Андрэй Вільчынскі, які таксама не першы раз у­дзельнічае ў дабрачынных акцыях.

— Я і мае сябры робім гэта ад чыстага сэрца і вельмі ўдзячны ўсім гродзенцам, якія адгукаюцца і дапамагаюць дзецям.

Як паведаміла педагог сацыяльны аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў ГрДУ Валянціна Есіна, ва ўніверсітэце амаль 750 студэнтаў займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. Створаны валанцёрскі цэнтр і савет валанцёраў. Студэнты ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях “Збяром дзяцей у школу”, “Нашы дзеці”, аказваюць дапамогу ветэранам і сацыяльна неабароненым грамадзянам, супрацоўнічаюць з дзіцячым хоспісам. Апошнім часам яны актыўна ўдзельнічаюць у падзейным валанцёрстве, старт якому быў да­дзены падчас Еўрапейскіх гульняў у Мінску летам 2019 года.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.