Падаваць прыклад будучым настаўнікам

- 15:10"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў, Культура

У Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага ёсць цудоўная традыцыя: абсалютна ўсе навучэнцы ўваходзяць у зводны хор, які два разы на год выступае поўным складам. Каля 450 будучых настаўнікаў разам спяваюць народныя і ваенныя песні. І гэта лепшая ілюстрацыя да творчай біяграфіі каледжа, навучэнцы якога вызначаюцца найперш дружнасцю, пачуццём локця. Пра сутворчасць таленавітых педагогаў і зацікаўленай моладзі, што прынесла адразу 9 дыпломаў Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”, чытайце ў сумесным праекце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты” “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”.

— Чаму хор? Гэта дысцыплінуе і прывучае несці адказнасць за іншых: ад цябе залежыць гучанне партыі, — тлумачыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Віктар Віктаравіч Філіпенка. — І ўражанні нашы навучэнцы атрымліваюць вельмі яскравыя. Калі мы выступаем у Дзень Перамогі ці Дзень вызвалення Гомеля, то слёз не стрымліваюць і слухачы, і самі выканаўцы.

Каб удала выступаць, кожная група рэпеціруе, рэгулярна ўдзельнічае ў аглядах творчай самадзейнасці. А пасля многіх зацягвае ў мастацтва з галавой — ёсць з чаго выбіраць!

— Наша гордасць — адразу тры народныя калектывы, — дзеліцца Віктар Віктаравіч. — Ансамбль народнай музыкі і песні “Сустрэча” ўзнік яшчэ ў 1993 годзе і ўжо 25 гадоў выконвае беларускія песні ў апрацоўцы сучасных кампазітараў. Аматарскі тэатральны калектыў “Летуценнікі” дапамагае развіваць не толькі творчыя здольнасці, але і прафесійныя ўменні: на ўроках літаратуры заўсёды ёсць элемент тэатралізацыі. Да таго ж навучэнцы становяцца суаўтарамі спектакляў, напрыклад, пастаноўка “Маленькія гісторыі вялікага горада” складаецца цалкам з іх назіранняў. Музычны тэатр Sonore — найкаштоўнейшы вопыт для педагогаў, што будуць працаваць з дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі, бо ім яшчэ не раз давядзецца рабіць музычныя пастаноўкі з дзецьмі.

Удала выступіў на фестывалі і танцавальны калектыў, які ўжо 28 гадоў з’яўляецца візітоўкай каледжа. А вакальны ансамбль “Арт-вакал” трымае руку на пульсе сучаснай музыкі. Так, навучэнцам вельмі спадабаўся нумар для “Еўрабачання” групы Navi Band, і педагогі падтрымалі іх захапленне і дапамаглі вывучыць песню “Гісторыя майго жыцця”. У выніку кампазіцыю прадставілі на гала-канцэрце фестывалю “АРТ-вакацыі”.

Ды ў каледжы разумеюць, што сёння складана здзіўляць толькі традыцыйнымі формамі мастацтва. Вучням прапануюць аб’яднанні па інтарэсах, якія можна без перабольшання назваць арыгінальнымі і нават унікальнымі, на іх мы і прапануем спыніцца падрабязна.

Лабараторыя інфармацыйных тэхналогій

З Вольгай Міхайлаўнай Музычэнка знаёмлюся падчас імправізаванай прэзентацыі: яе вучаніца Кацярына Папова дэманструе ўласную творчую распрацоўку. Уражвае сістэмнасць і прадуманасць кожнай дэталі, гарманічнае афармленне і багацце прадстаўленага матэрыялу, а галоўнае — педагагічны патэнцыял. Мультымедыйны праект “Вывучаем Садружнасць разам” прысвечаны культуры, нацыянальным асаблівасцям і славутасцям краін СНД. На інтэрактыўнай дошцы — цікавая інфармацыя з фота і відэа, заданні для праверкі ведаў. Вольга Міхайлаўна, яе калегі і навучэнцы рэалізавалі ўжо не адзін падобны праект на базе лабараторыі інфармацыйных тэхналогій, што заваявала адразу тры дыпломы на Рэспубліканскім конкурсе сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал”.

— Першакурснікі, зразумела, не гатовы адразу брацца за сур’ёзныя творчыя задачы ў сферы камп’ютарных тэхналогій, — тлумачыць Вольга Міхайлаўна. — Таму на занятках я спачатку тлумачу, чаму ім варта паспрабаваць, ствараю матывацыю.

Першы аргумент выкладчыка — патрабаванне часу. Інтэрактыўныя дошкі, мультымедыйныя праекты, электронныя дапаможнікі ператвараюцца з інавацый у абавязковыя складнікі адукацыйнага працэсу. Асвойваць прафесію педагога, але не вучыцца працаваць з камп’ютарам — пустое марнаванне сіл: недасведчаны настаўнік проста застанецца без работы.

Па-другое, Вольга Міхайлаўна тлумачыць навучэнцам, што ад выкарыстання ІКТ выйграюць не толькі вучні, якія атрымаюць карысны і займальны ўрок. Электронныя распрацоўкі спрашчаюць і жыццё настаўніка: эканомяць час, павышаюць паспяховасць адукацыйнага працэсу. Таму стварэнне своеасаблівай скарбонкі падобных праектаў — прадбачлівы ўклад, які адназначна акупіцца.

Каб кожны атрымаў такі карысны багаж, вучні Вольгі Міхайлаўны абменьваюцца зробленымі на ўроку прэзентацыямі, гульнямі, ролікамі. А ў самім каледжы працуе рэсурсны метадычны цэнтр: у анлайн-прасторы захоўваецца каля 830 міні-праектаў, даступных для любога выкладчыка ці навучэнца. Кожны можа даслаць сюды ўласныя матэрыялы і атрымаць прафесійную ацэнку метадыстаў каледжа.

— Толькі пасля таго, як вучні зразумеюць, навошта ім патрэбны інфармацыйныя тэхналогіі, і ўключаюцца ў працэс, — расказвае выкладчык, — я падштурхоўваю найбольш зацікаўленых стаць аўтарамі праектаў лабараторыі.

Ад іх Вольга Міхайлаўна чакае найперш творчасці, яскравых прапаноў, бо калі ёсць ідэя, то з пошукам і арганізацыяй матэрыялу дапамогуць іншыя навучэнцы, а падправіць візуалізацыю можна разам з кіраўніком. Таксама яна сочыць, каб адукацыйны праект улічваў усе псіхолага-педагагічныя асаблівасці дзяцей пэўнага ўзросту. Ад іх залежаць і гігіенічныя нормы выкарыстання камп’ютара на ўроку, і спосабы прадстаўлення інфармацыі і кантролю ведаў, і нават афармленне (без малюнкаў дзецям сумна, а калі іх зашмат, рассейваецца ўвага).

— Вельмі радуюся, калі бачу, што мае вучні адыходзяць ад шаблонаў, — дзеліцца выкладчыца, — калі яны, працуючы, напрыклад, з канструктарам сайтаў, разумеюць, што чужыя гатовыя рашэнні не для іх, што хочацца стварыць сваё з нуля.

Каб выхаванцы не баяліся брацца за складаныя і нестандартныя праекты, Вольга Міхайлаўна стараецца даць ім больш свабоды і магчымасцей выказацца. Напрыклад, арганізоўвае гадзіну самакіравання, калі навучэнцы самі праводзяць заняткі — расказваюць пра новыя інструменты і праграмы, карысныя для педагога.

— Я вучу іх працаваць над сабой — гэта самая складаная работа. Вучу шукаць і не баяцца прапаноўваць: часта выстрэльваюць самыя неверагодныя ідэі.

Прыклад падаюць і іншыя выкладчыкі каледжа: прыносяць свае распрацоўкі, каб абмеркаваць і ўдасканаліць. Нават аператар ЭВМ Уладзіслаў Аляксандравіч Катарскі, які сочыць за тэхнікай метадычнага цэнтра, настроіўся на творчую хвалю і ўзяў кіраўніцтва над стварэннем калажу на конкурс “Арт-партал”.

— Дзяўчынкі прыйшлі з цікавай ідэяй і гарэлі жаданнем расказаць пра каледж. Канечне, я пагадзіўся ім дапамагчы, — расказвае Уладзіслаў Аляксандравіч. — Мне здаецца, іх работу заўважылі, бо яна была прасякнута гордасцю за справу настаўніка і патрыятызмам.

“Кола гісторыі”

Ледзь не ўвесь крэатыўны патэнцыял каледжа сканцэнтраваны ў творчай групе выкладчыкаў і навучэнцаў “Кола гісторыі”, якая яскрава выступіла ў інтэрактыўным праекце “Рэцытацыя”. Аб’яднанне займаецца гістарычнай рэканструкцыяй. Што ж тут унікальнага? Калектыў узнаўляе не толькі рэдкія народныя абрады, але і сцэнкі з жыцця педагогаў мінулага.

— Усё пачалося з юбілею каледжа ў 2015 годзе, — расказвае Віктар Віктаравіч. — Мы падрыхтавалі рэканструкцыю “100 гадоў. Традыцыі паспяховага развіцця”, якая ахапіла гісторыю каледжа ад настаўніцкай семінарыі да сучаснай установы адукацыі.

Кожная група адлюстравала ў сваім выступленні адно дзесяцігоддзе. Для гэтага вучням прыйшлося ўзяць на сябе ролю даследчыкаў: каб рэканструкцыя была дакладнай, яны падрабязна вывучалі эпоху — ад гістарычных падзей да моды і этыкету гэтага часу. Разам з выкладчыкамі асэнсоўвалі архіўныя звесткі, падбіралі ўдалае творчае ўвасабленне: танцы, песні, пастаноўкі. Падрыхтоўка аб’яднала ўвесь каледж, педагагічны эфект немагчыма было пераацаніць. Вырашылі, што знаёміцца з гісторыяй сваёй прафесіі трэба не толькі ў юбілей.

“Кола гісторыі” ўжо прапанавала гледачам зазірнуць у клас, дзе выкладаюць па бэл-ланкастарскай сістэме, і наведаць піянерскі летнік. І зноў акцэнт зрабілі на дэталёвае аднаўленне атмасферы: знайшлі сапраўдныя горн і барабан, ад бацькоў даведаліся пра піянерскія песні і гульні, распарадак дня. Так, чарговая глава з падручніка па педагогіцы стала зразумелай і блізкай, а вопыт настаўнікаў мінулага — асабістым вопытам, які можна адаптаваць для выхаваўчай работы.

— Можа, прафесійны артыст нас не зразумее, ды мы і не ставім перад сабой задач рабіць з нашых выхаванцаў зорак “Еўрабачання”. Мы дапамагаем творча развівацца будучаму педагогу, — тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна Худзякова, якая кіруе ансамблем “Арт-вакал” і ўдзельнічае ў рабоце “Кола гісторыі”.

— І вельмі важна, што гэтае развіццё ўсебаковае, — працягвае харэограф Вольга Сяргееўна Бараноўская. — Калі навучэнец праявіў сябе хаця б у адным з нашых калектываў, то хутка ён вызначыцца і ў іншых. Умееш спяваць — далучайся да танцавальнага калектыву і будзеш больш рухавым на сцэне, танцуеш — ідзі ў тэатр і станеш яшчэ і дэкламатарам. Настаўнік павінен быць універсальным творцам.

Вольга Сяргееўна і сама падае прыклад: для праекта “Рэцытацыя” харэограф узялася агучваць урывак з “Казак жыцця” Якуба Коласа, які быў накладзены на відэафільм у тэхніцы пескаграфіі. Гэтак жа педагогі падаюць прыклад будучым калегам, калі суткамі рэпеціруюць і выступаюць, пагаджаюцца на цікавыя праекты і эксперыменты, калі часу на адпачынак ужо і так не засталося.

— Многія з навучэнцаў жывуць у іншых гарадах і адкладваюць паездкі дадому, бо ведаюць, што патрэбны нам на канцэрце, — захапляецца Таццяна Уладзіміраўна. — Але мы нікога не застаўляем, яны самі адчуваюць адказнасць за калектыў. Такога не даб’ешся прымусам — толькі асабістым прыкладам.

Узаемная павага паміж вучнямі і іх настаўнікамі таксама вынік правільнага ўзору перад вачыма.

— Сутворчасць не бывае без праблем і спрэчак, — упэўнена Таццяна Уладзіміраўна, — таму важна, каб навокал былі людзі, якія з табой на адной хвалі, людзі з высокай унутранай культурай. Мы паважаем адзін аднаго як прафесіяналы, як творчыя людзі, таму спрачаемся, а не сварымся, не саромеемся папрасіць парады і дапамогі.

Як вынік — творчыя і актыўныя выхаванцы, якія штурмуюць прафесійныя сцэны і перамагаюць у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Ды самае прыемнае, што яны вяртаюцца ў каледж ужо ў якасці выкладчыкаў, як нашы суразмоўцы Вольга Сяргееўна і Віктар Віктаравіч, а значыць, дружны калектыў і творчая атмасфера сапраўды склаліся. Гэтага выкладчыкі каледжа жадаюць і нашым чытачам у новым навучальным годзе.

— Няхай вучні заўсёды цэняць вашу работу, а веды, якімі вы падзяліліся, дапамагаюць ім рэалізавацца ў жыцці! — дадала Вольга Сяргееўна.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.