Падрыхтоўка юных русістаў палепшылася

- 15:21Адукацыйная прастора, Рознае

У горадзе над Бугам завяршылася Рэспубліканская алімпіяда па рускай мове і літаратуры. У трохдзённым інтэлектуальным марафоне, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, удзельнічала 110 знаўцаў “великого и могучего” (з іх толькі 9 юнакоў).

— Найбольшая колькасць удзельнікаў — прадстаўнікі гімназій (66) і ліцэяў (16), — расказала галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі А.Р.Кудаярава. — Сельскую школу прадстаўляў толькі адзін вучань. Узровень арганізацыі спаборніцтваў надзвычай высокі. Удзельнікам былі прапанаваны добрыя ўмовы для пражывання, якаснае харчаванне, цікавая і насычаная экскурсійная праграма па мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, пешаходная вандроўка па гістарычным цэнтры горада і знаёмства з яго спартыўнымі аб’ектамі.
— Алімпіядныя спаборніцтвы ўключалі комплексную работу з заданнямі па розных раздзелах мовазнаўства і літаратуры (3 гадзіны), водзыў на вершаваны тэкст (4 гадзіны) і вуснае выказванне на адну з трох тэм (выступленне да 7 хвілін), — расказаў старшыня журы алімпіяды, дэкан філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Сямёнавіч Роўда. — Комплексная работа не выклікала ва ўдзельнікаў асаблівых цяжкасцей, што сведчыць пра належную падрыхтоўку алімпіяднікаў. З напісаннем водзываў вучні таксама справіліся паспяхова. У 9 класе школьнікам прапаноўваўся верш Уладзіміра Салаухіна “Гарадская вясна”, у 10 класе — верш Сцяпана Шавырова “Гукі”, у 11 класе — верш Уладзіміра Маякоўскага “Сяргею Ясеніну”. Тэксты дазвалялі вучням раскрыць розныя мастацка-выяўленчыя асаблівасці твораў, а таксама перадаць уласныя ўражанні ад азнаямлення з імі. Прыемна парадавалі вусныя выказванні алімпіяднікаў. Маўленне школьнікаў стала больш вобразным і правільным. Павысіўся і агульнакультурны ўзровень вучняў. Увогуле моўная падрыхтоўка юных аматараў рускай філалогіі значна палепшылася, што вельмі радуе.

І.С.Роўда ўпэўнены, што ніводны алімпіяднік не дасягнуў бы добрых вынікаў без дапамогі настаўнікаў, якія займаліся іх падрыхтоўкай. За дасягненнямі дзяцей адчувалася вялікая работа высокакваліфікаваных педагогаў.
Старшыня журы выказаў падзяку дырэктару абласнога ліцэя Н.М.Альхіменка за цудоўныя ўмовы для работы і адпачынку членаў журы і дзяцей.
Уражаннямі ад інтэлектуальнага марафону падзяліліся і вучні. Так, дзевяцікласніца Ганна Гражэўская з сярэдняй школы № 2 Драгічына, якая з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, на рэспубліканскую алімпіяду прыехала ўпершыню. Дзяўчына лічыць рускую мову цікавым прадметам, які абавязкова спатрэбіцца ў жыцці кожнага чалавека.
Алімпіядныя заданні падаліся Ганне не вельмі складанымі. У комплекснай рабоце найбольшыя цяжкасці выклікалі заданні па марфеміцы і літаратуры. Для напісання водзыву быў прапанаваны даволі доўгі вершаваны твор, на аналіз якога не хапала часу. Што да вуснага выказвання, то па ім дзяўчына набрала максімальны бал. Нягледзячы на тое, што падчас гэтага выпрабавання было псіхалагічна і эмацыянальна цяжка, Ганна справілася з ім лепш за ўсіх. Алімпіядніца разважала на тэму “Ці шкодзяць запазычанні самабытнасці мовы?”.

Да спаборніцтваў дзяўчыну рыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Іванаўна Хілько. Увесь вольны час школьніца прысвячала самастойнай рабоце.
Ганна прызналася, што марыць пра прафесію, якая была б звязана з падарожжамі. Працаваць у філалогіі дзяўчына не плануе.
На мінулагодняй Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры дзесяцікласнік Ілья Малафей з гімназіі № 1 Баранавіч атрымаў пахвальны водзыў. Сёлетнія заданні юнак лічыць лягчэйшымі. Асаблівыя цяжкасці выклікалі заданні па словаўтварэнні (знайсці зыходнае слова ў словаўтваральным ланцужку) і марфалогіі. З астатнімі заданнямі Ілья справіўся паспяхова. На вусным выказванні юнак разважаў на тэму “Што азначае працаваць у камандзе? Ці ўмееш ты працаваць у камандзе?”.
Падрыхтоўкай Ільі да алімпіяды займалася настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Аляксандраўна Барздая. Шмат часу давялося працаваць самастойна.
З будучай прафесіяй Ілья пакуль не вызначыўся, але ўпэўнены, што яна будзе абавязкова звязана з гуманітарнай сферай.

Адзінаццацікласніца Аляксандра Войцік з гімназіі № 27 Мінска ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 7 класа. У свой час настаўніца прапанавала паглыблена пазаймацца рускай мовай, якая тоіць шмат сакрэтаў. Гэта і прывабіла.
Сёлетняя рэспубліканская алімпіяда ўжо трэцяя на рахунку дзяўчыны. У 9 класе Аляксандра атрымала дыплом ІІ ступені. Дзяўчыне вельмі падабаецца алімпіядная атмасфера, дух спаборніцтва, магчымасць знайсці новыя знаёмствы.
Самымі складанымі для Аляксандры аказаліся заданні па лексіцы, фразеалогіі і сінтаксісе. Галоўная цяжкасць у напісанні водзыву была звязана з вялікім аб’ёмам вершаванага тэксту. З вусным выказваннем праблем не ўзнікла. Дзяўчына выбрала цікавую тэму “Сапраўдныя пісьменнікі — сумленне чалавецтва”.
Да алімпіяды Аляксандру рыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Анатольеўна Перапяліца. Добрыя веды далі гарадскія зборы на базе гімназіі № 24. Самастойная работа ўключала чытанне мастацкай літаратуры і падрыхтоўку да вуснага выказвання.
— Спачатку руская мова была прадметам для душы, — прызналася Аляксандра, — але агульная пісьменнасць і аратарскае майстэрства, набытыя пры вывучэнні мовы, не пашкодзяць у любой прафесіі, асабліва ў адвакацкай, з якой планую звязаць дарослае жыццё.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласніцы Настасся Шабалтас з гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна (настаўніца Н.Э.Каранік), Галіна Рулёва з гімназіі № 2 Віцебска (настаўніца А.К.Майсеева) і Юлія Емельяновіч з гімназіі № 2 Баранавіч (настаўніца А.Ч.Галаўко); дзесяцікласніцы Марыя Басалай з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (настаўнік І.М.Пархуціч), Маргарыта Шаўчэнка з сярэдняй школы № 1 Астраўца (настаўніца Т.В.Берняковіч) і Маргарыта Казлоўская з гімназіі № 1 Ліды (настаўніца Т.М.Глыздова); адзінаццацікласніцы Дар’я Смірнова і Кацярына Навуменка з гімназіі Светлагорска (настаўніца А.П.Захаранка), а таксама Алена Ярась з гімназіі № 146 Мінска (настаўніца Г.А.Карачун). У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі Брэстчыны. Сертыфікат на навучанне ў расійскай УВА па спецыяльнасці “Філалогія” ад Брэсцкага аддзялення Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва дастаўся адзінаццацікласніцы Аляксандры Косікавай з сярэдняй школы № 7 Баранавіч.

 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.