Падтрымка маладых педагогаў

- 9:16Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Калегія галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама сабрала кіраўнікоў раённых упраўленняў, устаноў адукацыі вобласці, членаў абкама галіновага прафсаюза, кіраўнікоў цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. 

Спецыялісты на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалаем Башко азнаёміліся з работай трох жодзінскіх устаноў адукацыі: Жодзінскім прафесійным ліцэем, яслямі-садам № 7 “Сонейка” і гімназіяй № 1 Жодзіна.

На пленарным пасяджэнні калегіі былі абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння галоўнага ўпраўлення па адукацыі і абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі. Таксама заключана дамова аб працягу дзеючых дамоўленасцей яшчэ на тры гады. Акрамя таго, былі падведзены вынікі педагагічнай, выхаваўчай і ідэалагічнай дзейнасці ў сістэме прафесійнай адукацыі, абмеркаваны пытанні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, якасці выкладання дапрызыўнай медыцынскай падрыхтоўкі, асноў бяспекі жыццядзейнасці, фізічнай культуры і асаблівасці арганізацыі харчавання.

Як адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч, у вобласці асаблівая ўвага ўдзяляецца павышэнню прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. Гэтаму спрыяюць выкарыстанне сучасных інтэрактыўных методык і інтэрнэт-рэсурсаў, магчымасці дыстанцыйнага павышэння кваліфікацыі, удзел у рабоце інтэрактыўных метадычных кабінетаў і пастаянная самаадукацыя настаўнікаў. Па выніках работы за мінулы год узнагароды рэспубліканскага і абласнога ўзроўню атрымалі 1303 работнікі, а настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Дзяржынска Наталля Кардаш атрымала медаль “За працоўныя заслугі”.

На Міншчыне многае робіцца для прыцягнення і замацавання маладых кадраў, арганізавана работа па развіцці ўстойлівай сістэмы настаўніцтва. Для падтрымкі маладых педагогаў прадугледжаны розныя віды заахвочвання. Тыя, хто добра сябе зарэкамендаваў і дасягнуў асаблівых заслуг у прафесійнай дзейнасці ў першыя гады работы, са згоды начальніка ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама дапускаюцца да атэстацыі на пазачарговае прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі. Гэта дазваляе павысіць маладым педагогам зарплату. У калектыўных дагаворах таксама прадугледжаны такія меры матэрыяльнай падтрымкі, як аплата праезду — да 3 базавых велічынь, кампенсацыя за наём жылля — да 3 базавых велічынь, павышэнне тарыфнай стаўкі — да 50 працэнтаў і пяць дадатковых каляндарных дзён да водпуску.

Гаворачы аб выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце, Соф’я Філістовіч падкрэсліла, што яна будуецца ў адпаведнасці з заканадаўствам: рэалізуецца план мерапрыемстваў па правядзенні Года гістарычнай памяці і Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва да 2025 года.

— Якаснае праграмнае планаванне ажыццяўляецца ў Смілавіцкім дзяржаўным каледжы, Нясвіжскім каледжы імя Якуба Коласа, Мінскім абласным каледжы. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі створана 25 метадычных аб’яднанняў па выхаваўчай рабоце, якія аб’ядноўваюць куратараў груп, выхавальнікаў інтэрнатаў, педагогаў дадатковай адукацыі, спецыялістаў СППС. Аднак маладыя куратары часта маюць патрэбу ў большай дапамозе і метадычным суправаджэнні па планаванні і арганізацыі выхаваўчай работы, — заўважыла Соф’я Пятроўна.

У каледжах і прафесійных ліцэях створаны і паспяхова функцыянуюць 16 сямейных клубаў, у якія ўваходзіць без малога тысяча навучэнцаў і іх бацькоў. Навучэнцы задзейнічаны ў 656 розных аб’яднаннях, што спрыяе прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў у маладзёжным
асяроддзі. 

У рамках рабочага пасяджэння спецыялісты абмеркавалі якасць выкладання дапрызыўнай медыцынскай падрыхтоўкі, асноў бяспекі жыццядзейнасці і фізічнай культуры. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Алены Жучэнка, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі дапрызыўнай падрыхтоўкай юнакоў займаюцца 456 педагогаў. У рамках дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі праводзяцца абавязковыя пяцідзённыя вучэбна-палявыя зборы. Для іх правядзення запрашаюцца работнікі ваеннага камісарыята, воінскіх часцей, раённых арганізацый ДТСААФ і Асвод. Правядзенне медыцынскай практыкі ўзгад­няецца з мясцовымі медыцынскімі
ўстановамі. 

“Навучэнцы вобласці штогод прыма­юць удзел у конкурсах “Лепшы дапрызыўнік”, “Абаронца Айчыны”, спартыўным мнагаборстве. Адзначана мэтанакіраваная работа па патрыятычным выхаванні ў сярэдняй школе № 1 Вілейкі. Разам з тым не ўсе раёны ўключыліся ў рэалізацыю пілотнага праекта па правядзенні экскурсій для навучэнцаў 10—11 класаў у рамках вывучэння дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі. Для павышэння якасці навучання па гэтых дысцыплінах, а таксама па асновах бяспекі жыццядзейнасці неабходна арганізаваць больш класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю”, — лічыць Алена Генадзьеўна.

На думку спецыялістаў, карысным будзе рэгулярнае правядзенне акцый, мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, ваенна-спартыўных гульняў і спаборніцтваў, а таксама дзейнасць музеяў і цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Марына КУНЯЎСКАЯ.