“Падзапрудзіліся”

- 12:26Адукацыйная прастора

Паважаныя калегі, хачу вам расказаць пра 29-ы настаўніцкі лагер. Напэўна, вы да гэтага часу не сустракаліся са словам, вынесеным у загаловак артыкула. Патлумачу: “падзапрудзіцца” — значыць навучыцца нечаму новаму ў Мікалая Запрудскага, атрымаць на яго курсах новы адукацыйны вопыт. Слова прыдумала намеснік дырэктара 19-й мінскай школы Святлана Дзюбенка. Тэрмін падхапілі ўсе ўдзельнікі лагера “Альхоўка-2018”.

Больш за 50 настаўнікаў розных прадметаў з розных куткоў краіны прыехалі ў Альхоўку на прыгожы бераг ракі Страчы, каб падзарадзіцца энергіяй, “падзапрудзіцца” ад сапраўднага прафесіянала сваёй справы Мікалая Іванавіча Запрудскага, які правёў аўтарскія курсы па надзвычай актуальнай тэме: “Дыдактычныя заданні як асноўны сродак арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў”. Сёлетнія курсы адрозніваліся ад мінулых тым, што доўжыліся больш за месяц і праходзілі ў два этапы: першы быў дыстанцыйны (з 4 па 30 чэрвеня), другі — вочны, непасрэдна ў лагеры (з 2 па 7 ліпеня).

Дыстанцыйны этап уключаў у сябе тэарэтычны матэрыял па тэме, дзве кантрольныя работы і запаўненне выніковай анкеты. Толькі пасля паспяховага выканання гэтых умоў патэнцыяльны ўдзельнік атрымліваў асабістае запрашэнне ад аўтара праекта на ўдзел у вочным этапе курсаў. І тут пачыналася самае цікавае.

За 29 гадоў у Альхоўцы склаліся пэўныя традыцыі. Па прыезде на месца цябе заўсёды сустракаюць моцныя абдымкі сяброў і пакуль што не знаёмых людзей. Такі ветлівы прыём абавязкова настройвае чалавека на добразычлівы лад. Затым пачынаецца першае кола, на якім кожны расказвае пра сябе, пра значныя падзеі ў асабістым жыцці, якія адбыліся за апошні год, і выказвае спадзяванні наконт лагера.

Першы дзень заняткаў быў прысвечаны практыцы рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу на ўроках і пытанням эфектыўнай арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Спачатку слухачы курсаў пад кіраўніцтвам выкладчыка абмеркавалі першы модуль дыстанцыйнай часткі і разам адказалі на пытанні, якія ўзніклі падчас выканання кантрольных работ. Прыйшлі да высновы, што калі ў школах не звяртаць увагі на кампетэнтнасны падыход (КП), то нашы выпускнікі ў лепшым выпадку будуць ведаць толькі тое, што напісана ў падручніках, а да жыцця будуць не вельмі прыстасаваны. КП скіроўвае настаўніка на фарміраванне ў вучняў здольнасці да практычнай дзейнасці, таму ў кожнай школе пажадана стварыць кампетэнтнасную мадэль выпускніка (КМВ), у якую павінны ўвайсці маральныя і грамадзянскія якасці вучняў і актуальныя ключавыя кампетэнцыі.

Затым мы паглыбіліся ў практыку рэалізацыі КП на ўроках, была прадстаўлена інтэрактыўная лекцыя, прысвечаная кампетэнцыям і кампетэнтнасці. Слухачы разбіраліся ў адрозненні гэтых паняццяў. Настаўніца са Слоніма Таццяна Афанасік слушна заўважыла: “Кампетэнтнасць — гэта “пражытая” кампетэнцыя”. Валоданне вучнем кампетэнцыямі — гэта яго здольнасць прымяніць веды і ўменні, а таксама праявіць свае якасці ў незнаёмай сітуацыі. Таму непасрэдным вынікам адукацыйнай дзейнасці павінна быць сфарміраванасць у школьнікаў ключавых кампетэнцый.

Як жа далучыць настаўнікаў да прымянення КП? Адказ просты. Паколькі яны ў большасці працуюць на тое, што правяраецца (на экзаменах, ЦТ, маніторынгамі), неабходна зрушыць змест кантролю ў бок кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў. Іх распрацоўкай і займаліся “альхоўцы” ў наступныя дні павышэння кваліфікацыі.

Пасля невялікага перапынку ўвага ўдзельнікаў курсаў была пераключана на дзяцей пакалення Z і на тое, як эфектыўна арганізаваць іх пазнавальную дзейнасць. Гэта дзеці з кліпавым мысленнем, якія кожны дзень карыстаюцца камп’ютарам, планшэтам, смартфонам. Ім няма сэнсу захоўваць інфармацыю ў сваёй памяці, бо ў любы час “інфу можна пагугліць”. Такія дзеці з даверам ставяцца да любой інфармацыі, бо ў іх зніжаны парог крытычнасці. Галоўная матывацыя пакалення Z — цікаўнасць. Калі навучэнцу на ўроку нецікава, ён нічога не будзе рабіць.

Як і чаму вучыць новае пакаленне? Якія адпаведныя заданні трэба выкарыстоўваць на ўроках пры арганізацыі пазнавальнай дзейнасці Z-вучняў? На гэтыя пытанні адказвалі настаўнікі, працуючы ў групах, а затым кожная група прадстаўляла вынік сваёй работы. Была зроблена выснова, што трэба вучыць па-новаму, па-іншаму. Мы нібы “фаршыруем” вучняў ведамі, а павінны вучыць іх вучыцца жыццю ў хутка пераменлівых умовах. Па выніках гэтай часткі заняткаў былі агучаны змены, якія неабходна ўводзіць у пазнавальную дзейнасць вучняў, каб яны маглі паспяхова вучыццца жыць ва ўмовах постындустрыяльнага, інфармацыйнага грамадства. Напрыканцы першага дня заняткаў перад слухачамі выступала спецыяльны госць — настаўніца пачатковых класаў Ала Трафімава з Казахстана, якая расказала пра сістэму адукацыі ў сваёй краіне.

Другі дзень заняткаў быў прысвечаны дыдактычным заданням як асноўнаму сродку пазнавальнай дзейнасці вучняў і пачаўся з абмеркавання другога модуля дыстанцыйнай часткі курсаў. Пасля М.І.Запрудскі абагульніў веды ў сваёй прэзентацыі: “Дыдактычныя заданні — гэта заданні, якія атрымліваюць навучэнцы ад педагога; выкананне іх накіравана на засваенне навучальных праграм вучнямі, на іх выхаванне і развіццё, на фарміраванне актуальных пазнавальных і сацыяльных кампетэнцый”. Настаўнікі пазнаёміліся з класіфікацыяй дыдактычных заданняў і прыйшлі да высновы, што заданні да ўрока і для дамашняй работы выбіраюцца на аснове мэты, зместу вучэбнага матэрыялу, залежаць ад узроўню апорных ведаў і ўменняў вучняў. Якія ж дыдактычныя заданні пажадана даваць школьнікам, улічваючы патрабаванні рынку працы?
М.І.Запрудскі прапанаваў узяць за аснову пералік запатрабаваных на рынку працы кампетэнцый, які быў сфарміраваны падчас сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе:

1. Вырашэнне складаных праблем.

2. Крытычнае мысленне.

3. Творчасць.

4. Кіраванне людзьмі.

5. Узаемадзеяннне з іншымі.

6. Эмацыянальны інтэлект.

7. Ацэнка і прыняцце рашэнняў.

8. Арыентацыя на сэрвіс.

9. Вядзенне перамоў.

10. Кагнітыўная гнуткасць.

Удзельнікі курсаў да выбраных імі вучэбных тэм і ўрокаў складалі заданні, падчас выканання якіх у вучняў павінны фарміравацца пералічаныя кампетэнцыі. Настаўнікі, працуючы ў прадметных групах, творча падышлі да гэтай работы. Яны прадставілі цікавыя напрацоўкі з кампетэнтнасна-арыентаванымі заданнямі, якія дапамаглі б дзецям быць канкурэнтназдольнымі на рынку працы.

Змястоўным аказаўся і практыкум па выкананні заданняў PISA (Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў). Вялікая ўвага ў іх удзяляецца праверцы міжпрадметнай кампетэнтнасці, яны ўяўляюць сабой практычныя (жыццёвыя) сітуацыі, да якіх прапануюцца некалькі пытанняў рознага ўзроўню складанасці. Ад навучэнцаў патрабуецца перавесці жыццёвую сітуацыю ў прадметную: вызначыць, якія веды і ўменні неабходны для вырашэння прапанаванай праблемы. Заданні прадугледжваюць выкарыстанне дадатковай інфармацыі, якой няма ў зададзеных умовах (патрабуецца згадаць частку інфармацыі, выкарыстаць асабісты практычны вопыт).

Наступны вучэбны дзень у лагеры пачаўся з інтэрактыўнай лекцыі М.І.Запрудскага “Эфектыўны ўрок і крытэрыі яго ацэнкі”. Мікалай Іванавіч падкрэсліў, што на эфектыўным уроку дасягаюцца аптымальныя вынікі з мінімальнымі затратамі рэсурсаў. Слухачы даведаліся пра розніцу паміж выніковым і эфектыўным урокам. Выніковы ўрок можа быць неэфектыўным, а эфектыўны ўрок заўсёды будзе выніковым. Выніковасць — гэта толькі адзін з крытэрыяў эфектыўнасці.

Затым слухачы курсаў падзяліліся на групы па сваіх прадметах і выконвалі складанае, але даволі цікавае метадычнае заданне. Удзельнікі набылі новы вопыт праектавання ўрока з выкарыстаннем прадукцыйных заданняў, пераўтварэння рэпрадуктыўных заданняў у прадукцыйныя і пераўтварэння закрытых пытанняў у адкрытыя і ключавыя. Вынікі работы неабходна было прадставіць на наступных занятках. Пачалася сапраўдная праца, у кожнага ўдзельніка групы было ўласнае бачанне праблемы, ідэі сыпаліся ад кожнага. А нашы дасведчаныя кансультанты Мікалай Запрудскі, Эла Якубоўская і Алена Ананчыкава рабілі слушныя заўвагі, падказвалі далейшыя кірункі работы. Вынікі прадстаўляліся ў выглядзе прэзентацый і ацэньваліся згодна з прапанаванымі крытэрыямі. Распрацаваныя кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні былі вельмі цікавымі і змястоўнымі. І гэта нядзіўна: у Альхоўцы ўсе педагогі таленавітыя. Некаторыя ўрокі былі адразу прапанаваны для друку ў прадметных часопісах.

Акрамя адукацыйнай часткі лагера, захапляючай была і пазаўрочная частка, мерапрыемствы якой адбывался ўвечары. Так, у аўторак настаўнікі ўдзельнічалі ў інтэлектуальна-спартыўнай паласе перашкод. Яны разбіліся на 3 каманды, кожная прыдумала сабе назву і атрымала заданні на кальцавы маршрут, што складаўся з 10 станцый, з якіх 3 першыя былі абавязковыя, а астатнія 5 каманда выбірала сама. На большасці этапаў удзель-нікі маглі выбіраць заданні рознай ступені складанасці, якія ацэньваліся рознай колькасцю прэміяльных секунд за кожны правільны адказ. Паласа перашкод атрымалася вельмі цікавай, змястоўнай, а галоўнае, вясёлай.

У адзін з дзён настаўнік з Магілёва Аляксандр Плятнёў правёў для настаўнікаў фізікі факультатыў па рашэнні задач, а “няфізікі” ў гэты час рыхтаваліся да вячэрніх мерапрыемстваў. Насычаным быў і вечар серады. Спачатку Анатоль Аўсейчык арганізаваў відэаклуб, дзе паказаў “альхоўцам” летапіс 28 папярэдніх змен лагера. Затым ён адправіў удзельнікаў на начное арыентаванне. Былі арганізаваны 5 пікетаў у розных месцах альхоўскага лесу. Пікетчыкі падрыхтавалі для каманд розныя цікавыя і вясёлыя заданні, звязаныя з тэмай курсаў. У выніку перамагла каманда “першагодак”.

У чацвер адбыўся цудоўны вечар песень каля вогнішча. Дружная сям’я настаўнікаў-аднадумцаў падхоплівала кожны куплет. Гэта было вельмі душэўна.

На працягу тыдня Сяргей Цімашук сачыў за рэкордамі лагера. З гумарам настаўнік адзначыў, што педагогі Беларусі крочаць у нагу з часам і “дакаціліся” да Альхоўкі хто на цягніку, хто на аўтамабілі, а хто і на самалёце. Новыя рэкорды лагера былі пацверджаны самімі рэкардсменамі.

Важнай падзеяй пятага дня стала альхоўская акадэмія. Гэтае ўрачыстае мерапрыемства сёлета правялі Віктар Герцык і Вольга Званцова, а таксама 2 прадстаўнікі пакалення Z — Ганна Плятнёва і Мацвей Званцоў.
Прайшло ў лагеры і Купалле, арганізаванае Юліяй Паўлавай, Валянцінай Колбік, Наталляй Літвіновіч і Святланай Жыгала. Цудоўныя карагоды ў святочных беларускіх касцюмах, інтэрактыў з гледачамі, пошук папараць-кветкі, беларускія танцы і гульні, скокі праз вогнішча — усё гэта стварала ва ўдзельнікаў асаблівы настрой у купальскую ноч.

Вялікі след у душы пакінула таксама экскурсія ў Гервяты, арганізаваная Анатолем Аўсейчыкам. Настаўнікі ўбачылі цудоўны Траецкі касцёл і апынуліся на абрадзе вянчання. Затым пабывалі на Блакітных азёрах, якія ўpaжвaюць cвaiм xapacтвoм. Злyчaныя пaмiж caбoй pyчaямi, яны здaюццa кaзaчнымi.

Феерычным аказаўся канцэрт “першагодак”, якія прадэманстравалі свае таленты ў песнях, танцах, гумары.

Тыдзень праляцеў непрыметна, і, на жаль, прыйшоў час расставання. На развітальным коле ўдзельнікі курсаў гаварылі пра тое, як будуць прымяняць атрыманыя веды, вызначалі кірунак далейшай дзейнасці, дзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемстваў. Па водгуках, Альхоўка — гэта месца, куды душа і сэрца імкнуцца за новымі ведамі, адкрыццямі, знаёмствамі, уражаннямі, дзе хочацца лавіць кожнае імгненне жыцця. Гэта новы трамплін для далейшай прафесійнай дзейнасці. Гэта месца, дзе ў творчай атмасферы ствараецца вопыт інавацыйнай педагагічнай практыкі. Гэта апантаныя сябры-аднадумцы, якія дораць сваё святло і цяпло кожнаму. Альхоўка — гэта Мікалай Іванавіч, генератар усіх ідэй і пачынанняў.

Каб і вы, паважаныя калегі, змаглі адчуць атмасферу лагера, каб вам таксама захацелася далучыцца да гэтай супольнасці, магчыма, самім арганізаваць нешта падобнае, прапануем выказванні ўдзельнікаў пра лагер і курсы.

Паліна Сенакосава (Магілёў): “Альхоўка. Што я думала пра яе? Я была здзіўлена. Як навучанне можа праходзіць у лесе? Чаму можна там навучыцца? Я была зацікаўлена. Як жа ўсё гэта арганізуюць? Я не ведала, што мяне чакае, аднак была гатова да ўсяго. Мне так здавалася. Але тое, што я атрымала там, немагчыма апісаць! Я атрымала адказы на пытанні, якія заставаліся адкрытымі доўгі час. Я зразумела, што адзін чалавек можа шмат! А маленькай групе аднадумцаў падуладна ўсё! Будучыня нашай адукацыі стаіць менавіта за тымі людзьмі, якія збіраюцца ў Альхоўцы. Мяне здзівіла тое, з якой лёгкасцю там ламаецца бар’ер паміж мэтрамі нашай прафесіі і маладымі спецыялістамі. Я зразумела, якім настаўнікам я хачу стаць, і ўсвядоміла, што мне прыйдзецца вельмі шмат працаваць. Атмасфера добразычлівасці, творчасці, энтузіязму і пазітыву панавала кожную секунду. Я вельмі ўдзячна Мікалаю Іванавічу Запрудскаму, што ён падарыў мне магчымасць пазнаёміцца з унікальнымі людзьмі ва ўнікальным месцы. Я “падзапрудзілася” на ўвесь навучальны год і вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе мне зноў выпадзе магчы-масць пабываць у Альхоўцы”.

Наталля Літвіновіч (Мікашэвічы): “Я заўважыла, што вельмі шмат пазітыўных эмоцый атрымала настаўніца пачатковых класаў Ала Трафімава з Казахстана, якая ўпершыню была ў Беларусі, таму можна сказаць, што метадычны лагер “Альхоўка” стаў ужо міжнародным.

На працягу змены ўсе педагогі былі адзінай камандай аднадумцаў, узбагаціліся актуальнымі ведамі і новым вопытам, абменьваліся крэатыўнымі ідэямі. Дадому яны вярталіся шчаслівыя, з марай прыехаць на наступны год у Альхоўку, якая будзе ўжо юбілейнай: 30 гадоў! А гэта значыць, што конкурс будзе вельмі высокі. Каб трапіць у лагер, трэба будзе вельмі эффектыўна папрацаваць увесь наступны навучальны год”.

Ала Цімафеева (Рэспубліка Казахстан): “Я ўпершыню прайшла спачатку дыстанцыйны тэарэтычны курс навучання, а затым ужо практычны курс у летнім метадычным лагеры, дзе мы, настаўнікі, вучыліся планаваць урокі на аснове кампетэнтнаснага падыходу з выкарыстаннем актыўнай ацэнкі. Дзякуй Мікалаю Іванавічу Запрудскаму, які з’яўляецца аўтарам і арганізатарам гэтых курсаў. Ён стварыў тут незвычайна цёплую атмасферу, калі настаўнікі маюць магчымасць павышаць сваю кваліфікацыю і разам з гэтым актыўна адпачываць, бо праграмай лагера прадугледжваюцца розныя конкурсы і мерапрыемствы. Гэта дапамагае настаўнікам даведацца адно пра аднаго не толькі з прафесійнага боку, але і як пра звычайных творчых людзей. Я пазнаёмілася тут з цікавымі людзьмі. Курсы мне вельмі спадабаліся. Лічу, што яны аб’ядноўваюць настаўнікаў-аднадумцаў”.

Кацярына Скрыган (Мінск): “Альхоўка — гэта маленькае жыццё. Мы былi ў Альхоўцы ўпершыню. Ехалi туды, каб палепшыць сваё педагагiчнае майстэрства, пазнаемiцца з аднадумцамi, спалучыць працу з сямейным адпачынкам (мы прыязджалі ў лагер з 2 дзецьмі малодшага школьнага ўзросту). Усе нашы чаканнi спраўдзiлiся на 100 працэнтаў. Мы атрымалi столькi нечаканых, але прыемных бонусаў, што нават цяжка выказаць нашу ўдзячнасць за гэта. Набытыя веды даюць упэўненасць у сваiх сiлах i моцна падсiлкоўваюць на наступны працоўны год. Зносiны з калегамi адкрываюць бязмежныя гарызонты прафесійнага i асабiстага росту!

Што тычыцца культурна-спартыўнай часткi лагера, то яна перасягнула ўсе нашы чаканнi! Мы ў вялiкiм захапленнi ад канцэртаў, спартыўных мерапрыемстваў, экскурсiй i нават дзяжурстваў! Усё гэта ў спалучэннi з якаснай i насычанай вучобай робiць лагер у Альхоўцы ўнiкальнай з’явай. З пункту гледжання выхавання дзяцей вельмі важным вопытам для iх было бачыць, што дарослыя могуць цікава бавiць час без усялякіх аніматараў і допінгаў”.

Наталля Патапейка (Гродна): “Хачу адзначыць, што курсы ў Альхоўцы — гэта не толькі багаж ведаў і ідэй, але і самая лепшая “зарадная прылада”, ад якой мы сілкаваліся для далейшай працы ў школе. А зараджаюць нас у Альхоўцы разумныя, цікавыя, творчыя людзі, якія прыехалі павучыцца і падзяліцца вопытам. Інфармацыя, атрыманая падчас абмеркаванняў, дыскусій, дапамагла мне зразумець, над чым трэба працаваць і на што звярнуць увагу, каб мая дзейнасць у школе была больш прадукцыйнай і эфектыўнай”.

Алена Лемантовіч (Чысць Маладзечанскага раёна): “Я лічу, што мне вельмі пашчасціла прыняць удзел у курсах, якія правялі сапраўдныя прафесіяналы педагагічнай працы. Нетрадыцыйная форма правядзення курсаў выклікала ў мяне вялікую цікавасць. Набытыя веды стануць новым трамплінам у маёй прафесійнай дзейнасці”.

Юлія Некраш (Мінск): “Альхоўка — гэта людзі, якія ствараюць, думаюць, імкнуцца. Людзі вялікага патэнцыялу, шырокай душы і невычэрпнай энергіі. Людзі, здольныя змяніць сябе, а разам з гэтым — і свет.
Альхоўка — гэта атмасфера, дзівоснае, нават фантастычнае асяроддзе, якое спрыяе пошуку, раскрыццю і рэалізацыі прыхаваных здольнасцей. Дзякуючы гэтаму асяроддзю хочацца няспыннага росту: прафесійнага, творчага, чалавечага.

Альхоўка — гэта казачнае месца Беларусі, прыгажэйшае за якое цяжка знайсці ў свеце. Ціхая плынь Страчы, велічны лес, чароўныя світанкі і дзівосныя ціхія захады — усё гэта спрыяе душэўнаму балансу і заспакоенасці, якія не створыць ні адзін высокапрафесіны псіхолаг.

Альхоўка — гэта выбар паміж тым, кім ты быў да прыезду туды, і тым, кім ты стаў. Хто хоць раз пабываў у Альхоўцы, назаўсёды застанецца іншым, як прафесійна, так і духоўна.

Юлія ПАЎЛАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Барысава.
Фота Анатоля АЎСЕЙЧЫКА і Максіма МІКУЛІЧА.