Паглядзець на свет вачыма дзіцяці

- 11:29Сацыяльны ракурс

У мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” ў Палацы Рэспублікі гэтымі днямі праходзіць выстава дзіцячай творчасці “Свет вачыма дзіцяці” выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска. Экспазіцыя адкрыта пад эгідай Міжнароднага камітэта сцяга свету — няўрадавай арганізацыі пры ААН. Самай першай установай у Беларусі, якая атрымала сімвал “Сцяг свету”, стаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. Адбылася падзея ў 2015 годзе. Невыпадкова кіраўнікамі творчага праекта сталі студэнтка 5 курса гэтага ўніверсітэта Настасся Бурдыка і выкладчык установы дырэктар мастацкай галерэі Павел Міхайлавіч Сапацько.

Настасся працуе ў дапаможнай школе-інтэрнаце педагогам-арганізатарам. “Мэта правядзення выставы — прадэманстраваць творчасць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, выхаванцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю, паказаць шырокай грамадскасці, на што яны здольны, — гаворыць Насця. — У экспазіцыі прадстаўлены работы дзяцей рознага ўзросту — 80 малюнкаў і каля 100 вырабаў. Творчасць выхаванцаў разнастайная і арыгінальная, у ёй адлюстраваны іх уяўленні аб свеце. Работы выкананы ў розных тэхніках і з розных матэрыялаў — з пластыліну, цеста, дрэва і гліны, бісеру, прадстаўлены таксама роспіс па камені, карціны з воўны, вязаныя вырабы, вышыўкі”.Творчыя навыкі дзеці атрымалі на занятках у гуртках “Умелыя ручкі”, “Выяўленчае мастацтва”, “Вясёлка”, “Школа дызайну”, “Чараўніца”. Хтосьці са школьнікаў наведвае адразу некалькі гурткоў. Дзевяцікласнік Дзмітрый Навіцкі, напрыклад, і вяжа, і малюе, і вырабы з бісеру майструе. За месяц Дзіма звязаў сабе шкарпэткі, каб не замерзнуць зімой.
Выяўленчаму мастацтву ў школе навучае настаўніца Алена Генрыхаўна Блюднік. Пачынае выкладаць яго вучням 3—4 класаў. Заданні паступова ўскладняе. Як правіла, усім вучням падабаюцца свабодныя тэмы. Не ўсё і не ва ўсіх атрымліваецца з першага разу, але выхаванцы цярпліва і старанна выконваюць усе заданні.
Дзецям з найбольш складанымі парушэннямі (навучэнцам 2-га аддзялення дапаможнай школы) даступны простыя тэхнікі, напрыклад, роспіс па камені. Выкладае яго ў школе Ірына Іванаўна Забаўская — супрацоўнік БДПУ імя Максіма Танка. Для названай катэгорыі дзяцей падыходзіць калектыўная работа, індывідуальныя вырабы атрымліваюцца радзей. Бачылі б вы, якую прыгажосць стварае на шэрых каменьчыках ціхая і спакойная дзевяцікласніца Марыя Рамашка. Яна ўвогуле шматбакова развітая дзяўчына, умее садзіцца на шпагат, выконвае акрабатычныя нумары. І ў той жа час можа доўга сядзець спакойна і выконваць творчую работу.
На адкрыцці выставы было шмат гасцей. Творчасць дзяцей падтрымалі старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, член Камітэта сцяга свету Літоўскай Рэспублікі Бірутэ Курганене (у 2015 годзе Літва атрымала статус рэспублікі свету), намеснік старшыні Праўлення Беларускага фонду міру Аляксандр Чырко, мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Знiч” Галіна Дзягілева і іншыя дзеячы культуры.

Надзея ЦЕРАХАВА.