Хачу падзяліцца думкамі, навеянымі бацькоўскім сходам у школе па тэме здачы ЦЭ. У мяне сын 11-класнік. На сваім вопыце пражываем усё, бачу, што адбываецца з аднакласнікамі сына і іх бацькамі. Вырашыла напісаць некалькі парад ад мамы-псіхолага.
Многія бацькі ў месяцы, якія засталіся, імкнуцца “ўпіхнуць” у дзяцей усе веды свету, запісаць на падрыхтоўчыя курсы і да рэпетытараў. Многія сем’і жывуць пад дэвізам “Толькі вучоба і толькі вынік”. У такі напружаны перыяд галоўнае — не ціснуць на дзіця, не трансліраваць на яго сваю трывогу і перажыванні. Часам жа бацькі ствараюць настолькі трывожную і нервовую атмасферу ў сям’і, што дзіця знаходзіцца ў стане пастаяннага пачуцця адказнасці і стрэсу.
Шлях да мэты ці мэта?
Бесперапынная вучоба садзейнічае ператамленню дзяцей. Гэта таксама звычайна з’яўляецца адлюстраваннем празмернага бацькоўскага кантролю і празмернай уцягнутасці, што можа быць адной з прычын супраціўлення дзяцей навучанню. Прасцей кажучы, калі паспяховасць становіцца мэтай бацькоў (настаўнікаў), дзіця становіцца толькі выканаўцам мэт дарослых і ў пэўным сэнсе аб’ектывуецца ва ўсім працэсе. Але ніхто не любіць, калі з ім абыходзяцца як з аб’ектам, не хоча ажыццяўляць чужыя планы, на якія ён не мае ўплыву, у якіх не бачыць сэнсу, ажыццяўленне якіх не прыносіць яму задавальнення, а ў дадатак перашкаджае сваім уласным планам і патрэбам. Так што, калі дзіця вучыцца для бацькоў і стараецца апраўдаць іх спадзяванні, то яго прыхільнасць з часам становіцца марнай, а супраціўленне расце. Калі бацькі празмерна кантралююць дзіця ці захопліваюцца, разглядаючы яго поспехі і няўдачы як свае ўласныя, яны адназначна штосьці ў яго забіраюць.
Дзіця вучыцца, калі не баіцца!
Вучоныя гадамі падкрэслівалі, што трывога не садзейнічае кагнітыўным працэсам і перашкаджае таму, што павінна быць дасягнута падчас рэальнага навучання. Навучанне заключаецца не ў запамінанні асобных фактаў, а ў аб’яднанні новага зместу з тым, што ўжо вядома, і ў прымяненні таго, што вы даведаліся, да розных сітуацый. Калі няма страху, думкі становяцца больш вольнымі і шырокімі. Толькі разумныя адносіны, якія абапіраюцца на здольнасці і магчымасці дзіцяці, без патрабавання і ўстановак “ты павінен” могуць садзейнічаць адэкватнаму стаўленню дзіцяці да вучобы і засваення ведаў.
Адказнасць за вучобу, за выкананне дамашніх заданняў, за адзнакі нясуць дзеці, а не бацькі. Гэта павінны разумець усе — і бацькі, і дзеці!
“Дрэнна здасі экзамен — трагедыя ў сям’і”
Дзеці, пачуўшы такія словы, з часам перастаюць давяраць навакольным. Яны становяцца бяссільнымі, што можа праяўляцца ў пасіўнасці дзеянняў. Тое, што мы гаворым, гэтак жа важна, як і тое, як мы гэта гаворым. Тое, што мы гаворым, знаходзіць водгук у іншым чалавеку. У дзіцяці амаль адразу.
Варта памятаць, што тое, што мы гаворым дзецям, сапраўды мае значэнне. Незалежна ад таго, ці змяшчаюць нашы словы кампліменты тыпу: ты прыгожая, ты цудоўна спяваеш, гэта твая лепшая работа, храбры хлопчык; ці яны поўныя прэтэнзій: як жа ты мог гэтага не зрабіць, ты безадказная, непаслухмяная дзяўчынка. Гэта прамыя ўстаноўкі таго, што дзеці будуць думаць пра сябе.
Як правільна матываваць дзіця?
Падлетку неабходна адчуваць, што ў пэўных пытаннях ён вырашае і выбірае. Такім пытаннем з’яўляецца навучанне або выбар далейшага шляху адукацыі. Напрыклад, падлетак сам вырашае, колькі і як ён будзе рыхтавацца да кантрольнай па матэматыцы.
Варта памятаць, што разам з магчымасцю прыняцця гэтых рашэнняў побач ідзе прыняцце адказнасці за іх і сутыкненне з магчымымі наступствамі. Калі падлетак не рыхтуецца да кантрольнай па матэматыцы, ён атрымае дрэнную адзнаку. Часцей за ўсё ён зможа яе выправіць, але для гэтага спатрэбіцца ўдзяліць дадатковы час. І тут ён зноў апынецца перад выбарам. Бацькам часам цяжка прыняць, што навучанне не ўваходзіць у іх зону адказнасці. Яны нясуць адказнасць за сваю работу, за выхаванне сваіх дзяцей, за забеспячэнне ім аптымальных умоў для жыцця і развіцця, але не за матэматычныя адзнакі свайго 16-гадовага сына. Некаторыя бацькі, сутыкаючыся з гэтай ісцінай, думаюць: “Калі я адпушчу, ён не здасць экзамен”. Да таго часу, пакуль бацькі маюць моцны кантроль над сферай навучання свайго дзіцяці-падлетка, у дзіцяці няма рэальных шансаў развіць навыкі, звязаныя з планаваннем вучэбнага працэсу, самім навучаннем ці, нарэшце, з наступствамі ўласных дзеянняў. Такія дэфіцыты рана ці позна праявяць сябе.
Чые мэты і амбіцыі важнейшыя?
Некаторыя бацькі лічаць, што яны лепш ведаюць, які кар’ерны шлях будзе карысны іх дзіцяці, і паклапоцяцца аб тым, каб ён пачаўся як мага раней. Часам гэта можа быць вельмі далёка ад таго, чаго хоча іх дзіця. Вельмі важна ўмець аддзяляць уласныя планы, магчыма, няспраўджаныя мары і мэты ад мэт і мар дзіцяці. Не навязвайце іх дзіцяці.
Падлетак знаходзіцца ў моманце развіцця, калі стварае ўласную ідэнтычнасць. Ён шукае адказы на пытанні: хто я? чаго я хачу? куды я іду? што мяне цікавіць? Калі побач з ім будзе дарослы, які падтрымае яго ў пошуку адказаў на гэтыя пытанні з цікавасцю і адкрытасцю, гэта будзе яму вельмі карысна. Калі ж побач з ім знаходзіцца дарослы, які “лепш ведае, як дзіцяці варта жыць і чаго яно хоча”, — ён будзе яшчэ больш бунтаваць супраць гэтага і адмовіцца ад любога супрацоўніцтва.
Некаторыя бацькі настолькі захоплены адукацыяй сваіх дзяцей-падлеткаў, што здаецца, усё астатняе не мае значэння. І гэта не так. Падлеткавы перыяд ставіць перад маладым чалавекам важныя задачы развіцця, такія як наладжванне адносін з аднагодкамі, фарміраванне ўласнай ідэнтычнасці (уключаючы палавую ідэнтычнасць), развіццё захапленняў і інтарэсаў, фарміраванне сацыяльна адказных паводзін, наладжванне першых рамантычных адносін, асэнсаванне ідэалаў і каштоўнасцей, выбар будучага прафесійнага шляху. Гэта надзвычай важныя сферы сацыяльна-эмацыянальнага развіцця падлетка, якія нельга выпускаць з-пад увагі. Вучоба з’яўляецца адной з гэтых сфер, але яна не павінна быць адзінай ці нават дамінуючай.
Бывае, што ў некаторых падлеткаў, загружаных дамашнімі заданнямі і вучобай, ужо няма ні часу, ні сіл на зносіны па-за школай або развіццё сваіх захапленняў. Мудрасць дарослага ў такой сітуацыі заключаецца ў тым, каб падумаць, як падтрымаць сына/дачку, каб яны не прысвячалі ўвесь свой вольны час вучобе, замест таго, каб прызнаць, што гэта жаданае становішча спраў, ці нават падштурхнуць да яшчэ лепшых вынікаў.
Паспрабуйце паглядзець на сітуацыю вачыма падлетка — з адрывам ад яго сваіх перакананняў і амбіцый. Старайцеся не ціснуць на падлетка, паколькі гэта, верагодна, прымусіць яго яшчэ больш супраціўляцца навучанню. Таксама памятайце, што важным пытаннем у жыцці вашага дзіцяці з’яўляецца баланс паміж навучаннем і іншымі жыццёвымі інтарэсамі.
Наталля СТЭЛЬМАХ, педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска,
кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі
Ленінскага раёна сталіцы
Фота Алега ІГНАТОВІЧА