Паказчыкі развіцця рэгіёнаў будуць улічаны ў нацыянальнай платформе статсправаздачнасці

- 12:05Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальная платформа прадастаўлення статсправаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця ў Беларусі будзе мадэрнізавана для рэгіянальнага ўзроўню, паведаміла намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта кіраўнік міжведамаснай рабочай групы па маніторынгу і ацэнцы дасягнення МУР Алена Кухарэвіч.

Нацыянальная платформа — гэта адзіны цэнтр збору і абагульнення актуальнай інфармацыі аб бягучай сітуацыі па дасягненні МУР, а таксама падрыхтоўкі нацыянальных справаздач, інфармацыйны рэсурс для маніторынгу выканання міжнародных абавязацельстваў (і адпаведна вызначэння месца Беларусі ў глабальных рэйтынгах), уключэння грамадства ў пытанні ўстойлівага развіцця. Акрамя таго, платформа дасць магчымасць органам дзяржкіравання, урада прымаць кіраўніцкія рашэнні. Гэты рэсурс у сваім бягучым варыянце даступны на сайце Белстата.

“Далейшая работа ўключае мадэрнізацыю нацыянальнай платформы для рэгіянальнага ўзроўню. Так, вынікам работы па лакалізацыі МУР у краіне сталі сфарміраваныя рэгіянальныя пералікі паказчыкаў. Яны адлюстроўваюць нацыянальныя прыярытэты, а таксама спецыфіку развіцця кожнага канкрэтнага рэгіёна. Даныя па гэтых паказчыках таксама будуць размешчаны ў платформе”, — растлумачыла Алена Кухарэвіч. Другім важным напрамкам яна назвала нарошчванне статыстычнага патэнцыялу ў галіне маніторынгу для ўстаранення прабелаў у даных.

У аснову платформы пакладзены нацыянальны пералік паказчыкаў маніторынгу МУР — іх 255. З іх 140 цалкам адпавядаюць глабальным паказчыкам (устаноўленым для ўсяго свету), 20 паказчыкаў разлічваюцца міжнароднымі арганізацыямі, 95 — паказчыкі проксі (на міжнародным узроўні па 41 паказчыку пакуль адсутнічаюць метадалагічныя падыходы, астатнія вызначылі дзяржорганы Беларусі ў адпаведнасці з прыярытэтамі развіцця).

Усяго за даныя па паказчыках нацыянальнага пераліку адказныя 26 дзяржаўных органаў і арганізацый. Платформа прадастаўляе ім магчымасць выбраць найбольш зручны спосаб прадастаўлення інфармацыі. Таксама прадугледжана інтэграцыя з існуючымі дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі і сістэмамі даных — іх загрузка ў платформу будзе ажыццяўляцца ў аўтаматычным рэжыме.

“Яшчэ адной важнай задачай, якую вырашае платформа, з’яўляецца забеспячэнне ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі. Часта неабходная ім інфармацыя выкарыстоўваецца з розных крыніц, што выклікае разыходжанне з данымі афіцыйнай статыстыкі. Платформа дасць магчымасць выключыць дубліраванне інфармацыйных патокаў. Цяпер уся інфармацыя, якая тычыцца ўстойлівага развіцця, на глабальны ўзровень будзе прадстаўляцца толькі Белстатам”, — сказала Алена Кухарэвіч.