Пакладзены пачатак развіццю біятэхналагічнай галіны Беларусі

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб ходзе рэалізацыі інвестыцыйнага праекта “Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016—2032 гады”.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што, калі прымалася рашэнне аб утварэнні Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), ставілася амбіцыйная мэта стварыць прадпрыемства заўтрашняга дня. “Яго задача — вытворчасць і экспарт канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі аграпрамысловага комплексу, што ў выніку дасць магчымасць мінімізаваць імпарт і максімальна скараціць колькасць пасрэднікаў унутры краіны. Дарэчы, спецыялісты мяне інфармуюць, што быццам бы гэты працэс пайшоў”, — сказаў ён.

Для рэалізацыі праекта прыцягнуты крэдытныя сродкі Кітая на даволі камфортных умовах, закантрактавана абсталяванне вядучых сусветных брэндаў.

“Прадугледжваецца, што аб’екты будуць уводзіцца ў эксплуатацыю паэтапна, як гэта практыкуецца ва ўсім свеце. І гэта абавязкова трэба рабіць. Намацваючы аб’ёмы сыравіны, якія мы можам закупіць для гэтага прадпрыем­ства (а гэта немалыя аб’ёмы), і самае галоўнае — рэалізацыя гатовага прадукту. Таму нарошчваць вытворчасць трэба паступова, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Да поўнага завяршэння будаўніцтва дзеючыя заводы ўжо будуць выпускаць прадукцыю і прыносіць прыбытак”.

Плануецца, што ў наступным годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю комплекс камбікормавых заводаў і збожжасховішча, а ў 2021 годзе прадпрыемства запрацуе па ўсім тэхналагічным ланцужку.

“Практычна БНБК — гэта пачатак развіцця ў краіне біятэхналагічнай галіны, што больш за ўсё мяне і прываблівае, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо гаварыў пра высокія тэхналогіі, і гэта не толькі ІТ-парк, не толькі касмічная тэхніка, якую мы навучыліся вырабляць, атамная электрастанцыя, але і біятэхналогіі”.

Прэзідэнт асабліва адзначыў важнасць і складанасць праекта, таму, звяртаючыся да ініцыятараў, папрасіў дэталёва далажыць пра ход яго рэалізацыі і праблемы, якія ўзніклі, а таксама пра падрыхтоўку кадраў у гэтай новай для краіны біятэхналагічнай галіне.

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на тэме рэалізацыі гатовай прадукцыі. “Гэта найважнейшае пытанне. Усё мы знойдзем, і сыравіну, і аб’ект пабудуем, усё зробім. Але галоўнае пытанне — гэта рэалізацыя гатовай прадукцыі як унутры краіны (таму што ў нас ёсць спажыванне і патрэбнасць у гэтай прадукцыі), так і за яе межамі. Цана пытання — эфектыўнасць нашай сельскагаспадарчай вытворчасці і перш за ўсё жывёлагадоўлі”, — падкрэсліў ён.

Будаўніцтва па праекце “Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016—2032 гады” Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі пачалося летам 2018 года ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. У якасці генпадрадчыка і акцыянера выступае кітайская карпарацыя CITIC Group. Плануецца будаўніцтва комплексу з 14 заводаў з паэтапным увядзеннем у строй. Тут будзе арганізавана глыбокая перапрацоўка збожжа па сучасных метадах біятэхналогіі з атрыманнем незаменных амінакіслот (лізін, трыптафан, трэанін) для вытворчасці высокапрадукцыйных, высокатэхналагічных, збалансаваных кармоў і кармавых дабавак. Прадукцыю прадугледжваецца выкарыстоўваць як для ўласнай вытворчасці, так і пастаўляць на рынкі Расіі, Украіны, краін ЕС, Кітая.