Паміж урачамі і пацыентамі

- 10:10Сацыяльны ракурс

Кожная адукацыйная ўстанова ганарыцца поспехамі і дасягненнямі сваіх навучэнцаў, асабліва калі яны праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Адзін з такіх студэнтаў — другакурснік факультэта журналістыкі БДУ Максім Кур’ян і па сумяшчальніцтве санітар кавіднага аддзялення 5-­й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Ён расказаў, чаму вырашыў працаваць у “чырвонай зоне”, як сумяшчае вучобу і работу і чым карысны такі вопыт.

У перыяд чарговага піку захворвання месяцаў восем назад родная сястра Максіма, урач-пульманолаг, звярнулася да яго з прапановай дапамагчы хворым. “У аддзяленні, дзе яна працавала, не хапала медыцынскага персаналу. І я, нядоўга думаючы, пагадзіўся і афіцыйна працаўладкаваўся на пасаду санітара. А пасля высветлілася, што я адзіны супрацоўнік, не звязаны з медыцынай, бо ў асноўным там працуюць практыканты з профільных устаноў адукацыі”, — расказаў юнак.

Максім не толькі прыбірае ў палатах і калідорах, а і дапамагае пацыентам, у якіх узнікаюць цяжкасці з перамяшчэннем, тлумачыць тым, хто толькі паступіў у аддзяленне, куды ісці і якія працэдуры іх чакаюць, — карацей, уносіць свой пасільны уклад у тое, каб хворым было камфортна, становячыся своеасаблівым правадніком паміж медсёстрамі, урачамі і пацыентамі. Як прызнаўся хлопец, медыкам ніколі не збіраўся быць, аднак работа ў бальніцы стала добрай магчымасцю праверыць сябе, атрымаць вопыт і, канечне, дапамагчы людзям.

“У час работы самае складанае — бачыць, як ад хваробы пакутуюць людзі. Кожны з пацыентаў асаблівы, большасць з іх ва ўзросце. Вельмі цяжка бачыць, як яны хварэюць, а часам нават паміраюць. Кожны раз перажываю неверагодна, — прызнаўся М.Кур’ян. — Да таго ж і ў “скафандры” не проста прабыць змену. У камбінезоне вельмі нязручна: пацееш і зняць яго цяжка. Часам не хапае кіслароду, бо ўсю працоўную змену знаходзішся ў масцы. Абавязкова трэба знахо­дзіць некалькі мінут, каб падыхаць свежым паветрам. Канечне, з часам прывыкаеш да гэтага, але лягчэй не становіцца. Ведаеце, я не разумею людзей, якія адмаўляюцца насіць маскі. Я, напрыклад, не толькі нашу маску, але і прышчапіўся, бо не хачу дарэмна рызыкаваць сваім жыццём, хоць у мяне і добры імунітэт”.

Максім Кур’ян: “Работа ў бальніцы — неверагодны жыццёвы вопыт, які ты больш нідзе не зможаш атрымаць. Медыкі — незвычайныя людзі, з імі так цікава, яны задумваюцца і разважаюць пра такія рэчы, да якіх маім равеснікам расці і расці”.

Малады чалавек удала сумяшчае работу і вучобу ва ўніверсітэце. На пытанне, як яму гэта ўдаецца, адказаў, што ўсё атрымліваецца дзякуючы добраму кіраўніцтву бальніцы: “Нам, студэнтам, дазваляюць выбуда­ваць гібкі графік пад сябе. Нават і вольныя дні бываюць. Усе разумеюць, што ты студэнт, і дапамагаюць у час сесіі. Хоць, безумоўна, вельмі няпроста днём вучыцца, а ноччу адпраўляцца на змену. Але, нягледзячы на ўсе складанасці, мне ўдалося сесію здаць “без хвастоў”, — дадаў Максім.

Акрамя таго, Максім супрацоўнічае са сталічным агенцтвам навін, спрабуючы знайсці сябе ў журналістыцы: “Мяне заўсёды прываблівалі журналістыка, тэлебачанне, а таму і пытанне, куды паступаць, не стаяла. Аднак пасля заканчэння гімназіі № 2 Оршы і здачы ЦТ не хапіла прахадных балаў на факультэт журналістыкі. Мне параілі пайсці на сумежны філалагічны факультэт, да таго ж я высветліў, што будзе магчы­масць пасля першага курса перавесціся на факультэт журналістыкі. І вось я ўжо здаў першую сесію на факультэце журналістыкі, — падкрэсліў студэнт. — Мы праходзілі практыку ў агенцтве “Мінск-Навіны”, мне там вельмі спадабалася. Планую працягваць з імі супрацоўніцтва, напрыклад, расказваючы пра тэхналогіі і навуку, бо гэтыя тэмы мяне асабліва цікавяць”.

У найбліжэйшых планах у М.Кур’яна павысіць паказчыкі ў вучобе і павялічыць колькасць сваіх журналісцкіх публікацый.


Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота прэс-службы БДУ.