Папярэдзіць бяду

- 10:40Выхаванне

Цэнтр прафілактыкі “Альтэрнатыва” адкрыўся ў Новалукомлі

Новы аб’ект уяўляе сабой адзіную прастору, дзе спецыялісты ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, РАУС, РАНС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый могуць у даступнай для наведвальнікаў форме давесці інфармацыю аб неабходнасці вядзення здаровага і бяспечнага ладу жыцця, уплыве негатыўных фактараў на іх будучыню. Цэнтр стане пляцоўкай для рэалізацыі тэматычных праектаў; тут плануецца наладзіць дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах, праводзіць адукацыйныя экскурсіі, пасяджэнні прафілактычных камісій, семінары, трэнінгі і канферэнцыі, сустрэчы са спецыялістамі, бацькоўскія сходы і выхаваўчыя мерапрыемствы для школьнікаў раёна. Максімальнаму ахопу навучэнскай моладзі прафілактычнай работай будзе садзейнічаць удалае размяшчэнне: побач, на тэрыторыі сярэдняй школы № 1 Новалукомля, працуе цэнтр па дапрызыўнай падрыхтоўцы, дзе праходзяць навучанне старшакласнікі.

У адкрыцці цэнтра прафілактыкі прынялі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, кіраўніцтва раёна і горада Новалукомля, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення МНС і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дырэктары дамоў-інтэрнатаў вобласці і ўстаноў адукацыі раёна, педагогі, навучэнцы. Напярэдадні Дня Незалежнасці прысутныя аддалі даніну павагі абаронцам Айчыны і ўсклалі кветкі да помніка Герою Савецкага Саюза Фёдару Дуброўскаму, які ў гады фашысцкай акупацыі камандаваў Чашніцкай партызанскай брыгадай. Вітаючы ўдзельнікаў урачыстасці, старшыня Чашніцкага райвыканкама Леанід Пляшко падзякаваў усім, хто далучыўся да распрацоўкі і ўвасаблення задуманага, аказваў садзеянне і дапамогу пры стварэнні цэнтра. Асобную падзяку Леанід Уладзіміравіч адрасаваў ідэйнаму натхняльніку і куратару праекта — намесніку старшыні райвыканкама Іне Сыроўчанка. Кіраўнік раёна пажадаў “Альтэрнатыве” творчага росту і, канечне, выніковасці.

Галоўная асаблівасць рэалізаванай ініцыятывы заключаецца ў нацэленасці на комплекснае вырашэнне актуальных праблем, прычым нароўні з фарміраваннем асноў бяспечнай жыццядзейнасці вялікая ўвага будзе ўдзяляцца прафілактыцы рознага роду залежнасцей — ад камп’ютарнай да наркатычнай. Чакаецца, што цэнтр будзе развівацца як інавацыйны адукацыйны праект, які з дапамогай інтэрактыўных пляцовак, вучэбных трэнажораў і апаратна-праграмных комплексаў, адпаведнага метадычнага забеспячэння дазволіць усім суб’ектам прафілактыкі трансліраваць інфармацыю аб згубным уздзеянні шкодных звычак і залежнасцей на чалавечы арганізм розным групам насельніцтва, у першую чаргу моладзі, прычым не толькі раёна, але і іншых рэгіёнаў. Старшыня райвыканкама згадаў добрую традыцыю Чашніччыны — напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь уводзіць у строй новыя значныя аб’екты. Дарэчы, яшчэ адзін з іх — абноўленую раённую Дошку гонару — адкрылі 3 ліпеня.

— Рашэнне выкарыстаць плошчы былога Новалукомльскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя для арганізацыі цэнтра прафілактыкі прынята ў 2020 годзе, — расказаў Леанід Пляшко. — Мы грунтаваліся на рашэннях ўрада і кіраўніка дзяржавы, які неаднаразова акцэнтаваў увагу: фарміраваць светапогляд і жыццёвую пазіцыю асобы трэба пачынаць з дзяцінства. Менавіта ў нашым раёне з’явіўся адзін з першых у вобласці цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Сучасны свет поўны цікавых магчымасцей і цудоўных праяў. Аднак тое, што здаецца прывабным недастаткова інфармаванаму чалавеку, часам на справе ўтрымлівае сур’ёзную небяспеку, а некаторыя “цуды” маюць вельмі змрочныя наступствы. Напэўна, адным з самых пагражальных фактараў становіцца распаўсюджванне курэння, п’янства, наркаманіі. Чым раней мы пачнём іх прафілактыку, чым актыўней і эфектыўней разам спрацуем, тым хутчэй атрымаецца пазбегнуць цяжкіх наступстваў, захаваць здароўе нашай нацыі — фізічнае і маральна-духоўнае.

Аб высокай запатрабаванасці праектаў рознымі мэтавымі аўдыторыямі ёміста сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі. Па яго словах, прафілактыка заўсёды мае прыярытэтнае значэнне, таму што калі яна ёсць, да дыягназу справа не даходзіць, або калі дыягназ выстаўлены, прафілактыка дапамагае пазбегнуць наступнага, больш цяжкага. Многія людзі — як моладзь, так і дарослыя — пасля наведвання цэнтра перагледзяць свае падыходы да жыцця.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў выніковасць і сістэмнасць работы Чашніччыны па ўдасканальванні сістэмы адукацыі раёна і рэалізацыі новых ініцыятыў, падзякаваў за выдатны адукацыйны аб’ект і ўручыў дырэктару раённага цэнтра дзяцей і мола­дзі Святлане Сушковай сертыфікат на 5 тысяч рублёў. Сродкі выдаткаваны для папаўнення матэрыяльна-тэхнічнай базы новага структурнага падраздзялення ўстановы дадатковай адукацыі: “Альтэрнатыва” адкрылася як яе аддзел.

На ўнікальнасці цэнтра і перспектывах яго развіцця ў кантэксце міжведамаснага ўзаемадзеяння зрабіў акцэнт старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Догель. Намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Андрэй Гаўрыленка засяродзіў увагу на значэнні практыка-арыентаванай скіраванасці праекта, выказаў спадзяванне на моцнае партнёрства і, са свайго боку, паабяцаў метадычную падтрымку: адукацыйныя цэнтры бяспекі жыццядзейнасці МНС у Віцебску, Наваполацку і Барані маюць багаты вопыт у гэтым напрамку, на іх базе можна арганізоўваць стажыроўкі для педагогаў з Новалукомля. У сваю чаргу, абмен ідэямі і методыкамі будзе ўзаемна карысны. З канкрэтнымі прапановамі аб далейшым супрацоўніцтве выступілі таксама намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Дзмітрый Зяцеў і прарэктар ПДУ па навуковай рабоце Юрый Голубеў.

— Відавочна, што сёння трэба шукаць новыя падыходы да прафілактыкі рознага роду негатыўных залежнасцей і супрацьпраўных паводзін для фарміравання ўстойліва адмоўнага стаўлення да іх з боку дзяцей, моладзі і дарослых, — выказала меркаванне Святлана Сушкова. — Назва “Альтэрнатыва” выбрана невыпадкова. “Аналізуй, вырашай, выбірай, а выбар ёсць заўсёды!” — так гучыць слоган цэнтра прафілактыкі. Мы рэалізуем новую мадэль работы з рознымі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва, заснаваную на міжведамасным узаемадзеянні і каардынацыі ўсіх зацікаўленых структур. Значная частка запланаваных мерапрыемстваў арыентавана на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыку іх ужывання і сацыяльную рэабілітацыю хворых на наркаманію асоб, барацьбу з асацыяльнымі паводзінамі, п’янствам і алкагалізмам, іншымі згубнымі звычкамі і залежнасцямі. У якасці альтэрнатывы прапануюцца здаровы і бяспечны лад жыцця, актыўны адпачынак з карысцю для арганізма, канструктыўная сацыяльная занятасць.

На рамонтныя работы, афармленне і тэхнічнае абсталяванне цэнтра прафілактыкі зрасходавана каля 50 тысяч рублёў з розных крыніц. Гэта пазабюджэтныя рэзервы Чашніцкага РЦДіМ і сярэдняй школы № 1 Новалукомля, спонсарскія сродкі грамадскіх аб’яднанняў, індывідуальных прадпрымальнікаў. Істотную дапамогу аказалі прафсаюзы ўсіх узроўняў, спецыялісты раённых аддзелаў па адукацыі, унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Пры садзеянні цэнтра занятасці былі арганізаваны другасная занятасць навучэнцаў і грамадскія работы дарослага насельніцтва. Студэнты факультэта інфармацыйных тэхналогій Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта на бязвыплатнай аснове распрацавалі праграмна-апаратны комплекс “Выклік экстранных службаў з сістэмай распазнавання маўлення”. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, які наведаў аб’ект у ходзе рабочай паездкі на Чашніччыну, зрабіў “Альтэрнатыве” вельмі патрэбны падарунак — мультыборд. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Мартынаў падарыў тэлевізар. І гэта далёка не поўны пералік тых, хто ўнёс свой пасільны ўклад у стварэнне “Альтэрнатывы”.

У адпаведнасці з першапачатковай задумай, памяшканне плошчай звыш 300 квадратных метраў падзелена на канферэнц-залу і выставачна-дэманстрацыйную зону, на якой размешчаны тэматычныя пляцоўкі з выкарыстаннем інтэрактыўных форм падачы інфармацыі: “У палоне залежнасцей”, “Алкаголь — шлях у нікуды!”, “Наркотыкам — НЕ!”, “Бяспека паўсюль і ва ўсім”, “Выбар ёсць заўсёды”. Ужо ў працэсе рэалізацыі праекта нарадзіліся новыя ідэі — так у цэнтры з’явіліся пакоі псіхалагічнай разгрузкі і праверкі ведаў, медыцынскі кабінет.

Прысутныя на ўрачыстасці афіцыйныя асобы ўручылі ўзнагароды лепшым прадстаўнікам розных сфер, якія па абавязку службы сутыкаюцца з цяжкімі падлеткамі, займаюцца прафілактыкай і лячэннем згубных звычак. Падзякай УУС аблвыканкама і Ганаровай граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначана Святлана Сушкова, падзякамі УУС аблвыканкама і ганаровымі граматамі райвыканкама — яе намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Юлія Мішулкова і культарганізатар РЦДіМ Аляксандра Шушкевіч, Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама — педагог дадатковай адукацыі Юлія Евянок. На завяршэнне гаспадары запрасілі гасцей на аглядную экскурсію па цэнтры. Мяркуецца, што ў далейшым асобныя заняткі, згодна з планам, будуць праводзіцца на кожнай з пляцовак.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.