Парыжскае пагадненне па клімаце ратыфікавалі 60 краін

- 11:42Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Нягледзячы на гэта, дакумент пакуль не можа ўступіць у сілу, паколькі на долю гэтых дзяржаў не прыпадае 55% ад агульнага аб’ёму выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Аб гэтым заявіў генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун па выніках спецыяльнага мерапрыемства па ратыфікацыі міжнароднага дагавора, праведзенага ў штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку.

На сустрэчы дакументы для далучэння да Парыжскага пагаднення перадалі амаль 30 дзяржаў, у ліку якіх Албанія, Беларусь, Бразілія, Ісландыя, Мадагаскар, Мексіка, Панама, Сінгапур, Тайланд і ААЭ.

Дакумент аб прыняцці Рэспублікай Беларусь Парыжскага пагаднення перадаў генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну ў ходзе цырымоніі высокага ўзроўню ў штаб-кватэры ААН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Напярэдадні ўказ аб прыняцці дакумента падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Генеральны сакратар падзякаваў Беларусі за лідарства і актыўны ўдзел у міжнародным працэсе па барацьбе з пагаршэннем клімату.

22 красавіка 2016 года, у першы дзень адкрыцця Парыжскага пагаднення да падпісання, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства падпісаў дакумент ад імя Беларусі. Парыжскае пагадненне было адобрана на канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату ў Парыжы ў снежні 2015 года. Яно ставіць за мэту не дапусціць глабальнага павышэння тэмпературы больш як на 2 градусы і імкнуцца да 1,5 градуса. Дасягнуць гэтага плануецца на аснове нацыянальных абавязацельстваў па скарачэнні шкодных выкідаў у атмасферу і з выкарыстаннем механізмаў міжнароднага супрацоўніцтва.

У ходзе цырымоніі інструменты аб прыняцці, ратыфікацыі або зацвярджэнні здала 31 дзяржава. Усяго на сёння 60 краін выказалі згоду на выкананне абавязацельстваў па Парыжскім пагадненні. Для яго ўступлення ў сілу неабходна згода 55 краін, на долю якіх прыпадае не менш за 55% агульных глабальных выкідаў парніковых газаў. Гэты паказчык пакуль складае амаль 48 працэнтаў, у першую чаргу за кошт ратыфікацыі Кітаем і ЗША. Чакаецца, што ўступленне пагаднення ў сілу адбудзецца да чарговай сесіі бакоў Канвенцыі аб змяненні клімату ў лістападзе — снежні ў Марока.

Беларусь стала адной з першых еўрапейскіх краін, якія выказалі згоду на Парыжскае пагадненне, разам з Албаніяй, Ісландыяй, Нарвегіяй і Украінай.

Удзел Беларусі ў міжнародным кліматычным супрацоўніцтве разглядаецца ў кантэксце выканання Нацыянальнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і глабальных мэт устойлівага развіцця, адобраных сусветнымі лідарамі на саміце ААН у 2015 годзе.