Паслядоўны і рэалістычны падыход да пытанняў ядзернага раззбраення — адзіны спосаб пабудовы бяспечнага свету

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прадэманстравала цвёрдую прыхільнасць да мэт ядзернага раззбраення, заявіў у Вене на сесіі Савета кіраўнікоў МАГАТЭ намеснік міністра замежных спраў Беларусі прадстаўнік Беларусі ў Савеце кіраўнікоў МАГАТЭ Валянцін Рыбакоў, паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

У сваім выступленні Валянцін Рыбакоў прыцягнуў увагу ўдзельнікаў да важнай для Беларусі памятнай даты — 20-годдзя завяршэння вываду з яе тэрыторыі ядзернай зброі, якая засталася пасля распаду СССР. Намеснік міністра адзначыў, што дваццаць гадоў таму (26 лістапада 1996 года) краіна без якіх-небудзь папярэдніх умоў і агаворак адмовілася ад валодання істотным ваенным ядзерным патэнцыялам, абазначыўшы сваю прыхільнасць да справы міру і бяспекі і фактычна задаўшы тон далейшым працэсам у галіне ядзернага раззбраення на постсавецкай прасторы.

“Падкрэслена, што нягледзячы на складанасць і затратнасць адпаведных працэсаў у пачатку дзевяностых гадоў XX стагоддзя Беларусь прадэманстравала рашучасць і цвёрдую прыхільнасць да мэт ядзернага раззбраення, прыняла рашэнні аб вывадзе савецкай ядзернай зброі і далучылася да ДНЯЗ (Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі) у якасці дзяржавы, якая не мае ядзернай зброі”, — праінфармавалі ў прэс-службе.

У адпаведнасці з абавязацельствамі па ДНЯЗ, Беларусь заключыла з МАГАТЭ пагадненне аб прымяненні ўсёабдымных гарантый і паставіла ўвесь існуючы ядзерны матэрыял пад гарантыі агенцтва. У краіне створана і пастаянна ўдасканальваецца дзяржаўная сістэма ўліку і кантролю ядзернага матэрыялу. Беларусь паслядоўна падтрымлівае дзейнасць МАГАТЭ па забеспячэнні выканання рэжыму гарантый у адпаведнасці з ДНЯЗ і імкненне агенцтва ўдасканальваць сістэму і метады работы ў адпаведнасці з заключанымі з дзяржавамі-членамі юрыдычна абавязковымі дамоўленасцямі.

Акрамя таго, Валянцін Рыбакоў выказаў меркаванне, што паслядоўны і рэалістычны падыход да пытанняў ядзернага раззбраення застаецца адзіным магчымым спосабам дасягнення значнага прагрэсу і пабудовы больш бяспечнага свету.