Пасол Андрэа Віктарын: “Кожны з вас крыху Скарына”

- 12:29Якасць адукацыі

У Мінску прайшоў форум выпускнікоў стыпендыяльных праграм Еўрапейскага саюза для маладых беларусаў.

На сённяшні дзень стыпендыятамі Адкрытай еўрапейскай праграмы ОESS і праграмы для моладзі Беларусі ESSYB сталі больш як 300 нашых маладых суайчыннікаў. Гэта дазволіла ім атрымаць або павысіць сваю адукацыю ў 250 акрэдытаваных універсітэтах Еўропы па самых розных напрамках — юрыспрудэнцыі, эканоміцы, грамадскіх навуках, бізнесе, прыродазнаўчых навуках, ахове здароўя, інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцях.

Згаданыя стыпендыяльныя праграмы фінансуюцца Еўрапейскім саюзам і кіруюцца Саветам Міністраў паўночных краін.

Многія стыпендыяты ўжо завяршылі вучобу (першы выпуск праграмы ОESS адбыўся ў 2013 годзе), іншыя працягваюць навучанне ці праходзяць практыку для авалодання практычным вопытам. Выступаючы на форуме, маладыя людзі дзяліліся сваімі поспехамі, расказвалі, як вучыліся пераадольваць цяжкасці, ставіць мэты і дабівацца максімальных вынікаў.

Уручаючы дыпломы выпускнікам праграмы ESSYB 2017 года, кіраўнік дэлегацыі ЕС у Беларусі пасол Андрэа Віктарын адзначыла, што бацькі павінны ганарыцца дзецьмі, якія прайшлі праз такі складаны працэс навучання ў найлепшых універсітэтах Еўропы і зрабілі гэта паспяхова.

— Нягледзячы на ўсе складанасці, на тое, як цяжка магло быць, вам удалося не толькі вывучыцца, але і знайсці новых сяброў, развіць кантакты паміж людзьмі вашай краіны і тых краін, дзе вы жылі, даведацца пра новыя тэхналогіі, зразумець іншыя культуры, — заўважыла Андрэа Віктарын. — Вы ўбачылі тое, што мы лічым каштоўным, — гібкасць, хуткасць, разуменне, што свет мяняецца штодзённа і штогадзінна, і здольнасць да перамен. Таму трэба глядзець не на складанасці, а на магчымасці, якіх, насамрэч, шмат. Сумная рэальнасць заключаецца ў тым, што з кожным новым дыпломам, з кожнай акадэмічнай ступенню людзям усё цяжэй знайсці месца, дзе яго здольнасці могуць прымяняцца і ацэньвацца напоўніцу. Я спадзяюся, што ў вас хопіць цярпення і мужнасці знайсці сваё сапраўднае пакліканне.

Пасол Андрэа Віктарын паведаміла, што згаданыя стыпендыяльныя праграмы — не адзіныя. Еўрапейскі саюз рэалізоўвае ў Беларусі цэлы шэраг праграм і праектаў — “Эразмус+”, “Мост”, “Гарызонт 2020” і інш. За апошнія 5 гадоў каля 2 тысяч беларускіх студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэтаў або вучыліся ў краінах ЕС, або выкладалі там. Каля тысячы беларусаў прынялі ўдзел у праграмах прафесійнага абмену, а 63 беларускія вучоныя ўдзельнічалі ў навуковых праектах з агульным бюджэтам каля 5 млн еўра.

— У Беларусі старажытная культура і адукацыя. Варта толькі падумаць, што 500 гадоў назад Францыск Скарына надрукаваў сваю Біблію, і яна стала чацвёртай у свеце Бібліяй на роднай мове! Я абсалютна ўпэўнена, што кожны з вас таксама крыху Скарына — чалавек Адраджэння. Вы ідзяце той жа сцежкай, што і ён. Вы імкняцеся да ўзаемаразумення. І вы сапраўдныя паслы сваёй краіны, ніхто лепш за вас не наладзіць масты паміж нашымі краінамі, — звярнулася да маладых беларусаў Андрэа Віктарын.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.