Паспрабаваць сябе ва ўсім

- 11:50Адукацыйная прастора

У сярэдняй школе № 12 Светлагорска працуе адзіны ў Гомельскай вобласці STEAM-клас. Ён з’явіўся дзякуючы перамозе ў Рэспубліканскім конкурсе “Хачу вучыцца ў STЕM-класе!”, арганізаваным асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”. Чаго дасягнулі педагогі і вучні за год, расказалі ва ўстанове.

Жанна Гвоздзь з навучэнкамі стварае алфавіт.

У школе да адкрыцця STEAM-класа рыхтаваліся з 2018 года. Педагогі займаліся самаадукацыяй, пераймалі вопыт, вывучалі напрамкі, у якіх будуць працаваць. У кастрычніку 2019-га STEAM-клас быў адкрыты. Каб растлумачыць бацькам, што гэта такое, кіраўніцтва школы праводзіла бацькоўскія сходы і невялікія святы. Там на прыкладах паказвалі, што чакае дзяцей. “Жадаючыя запісваліся — і цяпер у нас займаецца каля 150 чалавек, — кажа дырэктар школы Марына Тушынская. — Факультатыўныя заняткі прадугледжваюць спісы канкрэтных навучэнцаў, але для нас самае важнае, каб дзеці ў чымсьці сябе знайшлі. Таму дазваляем ім пазаймацца спачатку чымсьці адным, калі не спадабалася — іншым. Дзе яны сябе знойдуць, там і застануцца. Выбар толькі за дзецьмі”.

На занятках па фізіцы Алена Зялёная і Юлія Кісель спрабуюць у зразумелай форме данесці дзецям, як адбываюцца розныя фізічныя працэсы і з’явы, што з імі можна зрабіць, тлумачаць прынцып работы розных прылад і тое, як прымяніць іх у жыцці.

Алена Зялёная і Юлія Кісель.

У школе працуюць творчая майстэрня для маленькіх вынаходнікаў і юных дызайнераў і архітэктараў, лічбавыя лабараторыі (там вывучаюць хімію, біялогію, фізіку, алгарытмізацыю і інш.), класы па Scratch-праграмаванні, робататэхніцы, 3D-мадэляванні, аб’яднанні па інтарэсах “Батлейка”, па шахматах, “Мая прафесійная будучыня”, тэатр “Аркад”.

“З’яву канвекцыі, якую вывучаюць у 8-м класе, мы тлумачым ужо ў 5-м: расказваем дзецям, чаму цёплае паветра лягчэйшае за халоднае. Можна сканструяваць спецыяльную свяцільню, якая наглядна пакажа, як дзейнічае канвекцыя. Для гэтага патрэбны дзве шклянкі, свечка і драўляная палачка. Калі мы вывучалі электрычнасць, рабілі святлодыёдныя паштоўкі. Тлумачылі, што такое ток, прыносілі святлодыёдныя лямпачкі, паказвалі, як іх злучыць. Да Новага года мы стварылі ёлачныя цацкі, якія свецяцца. Праходзілі тэмы “Раўнавага цел”, “Аптычныя ілюзіі”, “Энергія ветру”, рабілі ілюстрацыйны матэрыял”, — расказвае Юлія Мікалаеўна.

Са старэйшымі вучнямі педагогі размаўляюць на больш “фізічнай” мове, бо яны ўжо знаёмы з прадметам. Без эксперыментаў і дэманстрацыі розных з’яў таксама не абыходзіцца. Летась з 7 класам вывучалі тэму “Атмасферны ціск”. Педагогі паказалі вучням барометр, разам з імі пайшлі ў суседні дом, змерылі ціск на першым паверсе і на дзявятым, убачылі, як ён мяняецца ў залежнасці ад вышыні.

Настаўніца хіміі Наталля Кахно прапаноўвае школьнікам стварыць нешта сваімі рукамі. “Мы вырошчвалі крышталі, выраблялі магніты з гіпсу. Спачатку разгледзелі, што такое гіпс, вывучылі яго ўласцівасці, а потым зрабілі магніты і размалявалі іх. Таксама мы сваімі рукамі стваралі розныя віды свечак, — расказвае Наталля Віктараўна. — Старэйшыя вучні часам самі прапаноўваюць тэмы для вывучэння. Так атрымалася з бессульфатным шампунем. Мы купілі некалькі відаў шампуняў, правялі якасную рэакцыю на сульфат-іоны, паглядзелі, ці сапраўды ў бессульфатных шампунях няма сульфат-іонаў. Потым вырашылі зрабіць свой шампунь: купілі аснову, араматычныя алеі”. Па ініцыятыве адной вучаніцы на занятках стварылі таксама ўпрыгажэнні са штучнага бурштыну. У яе бабулі калісьці былі бурштынавыя каралі, і дзяўчынка захацела паспрабаваць зрабіць і сваё ўпрыгажэнне. У працэсе вучні даведаліся, ці ёсць у Беларусі паклады бурштыну, вывучылі яго фізіка-хімічныя ўласцівасці.

Праекты — важны паказчык эфектыўнасці STEAM-адукацыі. Заняткі па шахматах Яўгена Таўсцякова і стварэнне іх з паперы падштурхнулі да куплі набору, дзе фігуры — вышынёй каля метра. Цяпер гэта не толькі практычная рэч, але і прыгожы элемент інтэр’ера школы. Бібліятэкар Алена Паўлюкова з вучнямі ажыццявілі праект “QR-экскурсавод” у школьным музеі “Беларуская хатка”. Наведвальнікі з дапамогай QR-кода могуць пачытаць інфармацыю пра любы прадмет. У экакомплексе з’явіліся дзве шафы з папяровымі жывёламі (кот, сабака, панда, трус, пантэра, парася, алень, слімак, зубр, ліса, павук і інш.). Фігуркі стварылі выкладчык Paper Craft Жанна Гвоздзь з вучнямі. Хутка каля жывёл з’явяцца QR-коды, тады знаёміцца з імі стане яшчэ цікавей.

Стаўку на праекты робіць Наталля Шафарэнка, якая вя­дзе напрамак зялёных школ. У мінулым го­дзе з сямікласнікамі яны стварылі вучэбна-палявы трэнажор-гербарый з QR-кодамі. “На ўроках батанікі ў 7 класе мы выкарыстоўваем гербарыі для замацавання ведаў. Тыя, што ў нас ёсць, становяцца трухлявымі праз пэўны час, таму хацелася стварыць інавацыйны гербарый з заламініраванымі раслінамі. Мы іх збіралі, высушвалі, шукалі інфармацыю, абагульнялі яе, каб потым дзеці стварылі QR-коды, якія ўтрымліваюць інфармацыю па кожнай расліне, — кажа Наталля Віктараўна. — Цяпер гербарый не баіцца неакуратных рук”.

Сярод іншых запамінальных праектаў — макет кругавароту рэчываў у прыродзе з падручных сродкаў (гара створана з пап’е-машэ, аблокі — з ваты) і ролік пра рост фасолі (дзеці ляпілі з пластыліну кожны этап, фатаграфавалі, а потым аб’ядналі ўсё ў адно відэа).

Яўген Таўсцякоў.

Яўген Таўсцякоў прытрымліваецца прынцыпу, што ўсім дзецям трэба даваць магчымасць паспрабаваць сябе на занятках, а потым яны ўжо будуць вырашаць, хочуць застацца ці не.

Алгарытмізацыя і праграмаванне — гучыць складана. Наталля Зарыцкая спрабуе простай мовай (наколькі гэта магчыма) патлумачыць шасцікласнікам, як пісаць праграмы на мове пра­грамавання. Напрыклад, на мове Pascal. 19 верасня яе вучні ўдзельнічалі ў анлайн-алімпія­дзе па інфарматыцы, дзе якраз даюцца заданні па алгарытмізацыі. Прызавых месцаў няма, але дзеці паглядзелі, што гэта такое.

Калі заходзіш у STEAМ-клас, у вочы кідаецца абсталяванне. Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” праспансіравала куплю 10 ноўтбукаў, 10 набораў для робататэхнікі і тэлевізара. У мінулым навучальным годзе педагог па робататэхніцы, Scratch-праграмаванні, праграмаванні мікракантролераў і шахматах Яўген Таў­сцякоў падаваў заяўку на ўдзе­л у праекце з мікрабітамі, яе прынялі, пасля чаго ПВТ падарыў школе 3D-прынтар і наборы робататэхнікі для малодшых школьнікаў. Да таго ж Яўген Мікалаевіч быў валанцёрам на Мінскім робатурніры, дзе яму падарылі пляцоўку для робасумо.

“Мой асноўны напрамак — робататэхніка, як для малодшых, так і для старэйшых школьнікаў. Гэта сучасныя тэндэнцыі нашага грамадства. Трэба знаёміць з імі дзяцей, каб яны разумелі, як гэта працуе, каб яны ўсё маглі паспрабаваць і вызначыцца, ці жадаюць гэтым займацца ў будучыні. Усе чуюць пра праграмістаў, але не да канца ўяўля­юць, што яны робяць, — кажа Яўген Таўсцякоў. — Пакуль не пачалася пандэмія, мы часта ездзілі на экскурсіі ў ІТ-кампаніі, наведвалі розныя мерапрыемствы, каб паглядзець, набрацца вопыту”. Новы вопыт і прызавыя месцы вучні прывозяць і з розных турніраў. У раённых спаборніцтвах па адукацыйнай робататэхніцы занялі 1-е месца ў намінацыі “Кіруемы робафутбол”, на IV Абласным турніры па робататэхніцы RoboQuest чацвёртакласнікі ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” занялі 1-е і 3-е месцы, а зборная 8—9 класаў па робафутболе — 2-е месца.

“Дзякуючы заняткам у лічбавай лабараторыі, дзеці становяцца больш зацікаўленымі ў навукова-даследчай дзейнасці, — лічыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Бянько. — У мінулым го­дзе нашы вучні занялі 3-е месца на абласным турніры юных фізікаў, мы традыцыйна ўдзельнічаем у Адкрытым конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў “Я пазнаю свет”, абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук”, Міжнародным анлайн-конкурсе па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр” і іншых мерапрыемствах”.

З цікавасцю дзеці вывучаюць Scratch-праграмаванне. Ім дапамагаюць Яўген Таўсцякоў, Алена Чарнейка і Кацярына Дзмітрачэнка. Кацярына Віктараўна свае заняткі право­дзіць на англійскай мове, таму дзеці акунаюцца ў асаблівую атмасферу.

“Scratch — гэта даступная мова праграмавання. Мы з вучнямі 2—4 класаў ствараем мультфільмы, з 5—7 класамі бу­дзем працаваць над гульнямі, — расказвае Алена Чарнейка. — Спачатку маленькія дзеці вучацца працаваць з камп’ютарамі (набіраць тэкст, знаходзіць інфармацыю ў інтэрнэце), а пасля Новага года пачынаем праграмаваць. З простых блокаў-схем ствараем праграмы, каб наш персанаж, напрыклад, зрабіў нейкі рух. Персанажаў бяром лёгкіх: коціка, сабачку. Дзецям заняткі падабаюцца, некаторыя нават спампоўваюць сабе праграму і спрабуюць рабіць нешта дома”.


Педагогі сярэдняй школы № 12 Светлагорска нават пасля запуску праекта не спыняюцца ў самаўдасканаленні: наведваюць розныя семінары, мітапы, абменьваюцца вопытам з калегамі. Яны разумеюць, што для поспеху павінны ўмець размаўляць з дзецьмі на іх мове і быць адкрытымі да новых ведаў.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.