Паспяховы дырэктар — паспяховая школа

- 9:00Людзі адукацыі

З чаго пачынаецца школа? У кожнага з нас свой адказ на гэтае пытанне. Для адных школа пачынаецца з буквара, для другіх — з мілагучнага званка, для трэціх — з прышкольнай тэрыторыі. Для мяне ж яна пачынаецца з дырэктара. Менавіта ад майстэрства і прафесіяналізму кіраўніка ўстановы адукацыі залежыць яе паспяховасць. Дырэктар падобны да рэжысёра, які стварае спектакль. Яго апантанасць працай, упэўненасць у поспеху зараджае станоўчай энергіяй, аптымізмам усіх, хто побач, прымушае паверыць у свае сілы.

Дырэктар Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гро­дзенскай вобласці Вольга Эдвардаўна ЧАСНОЎСКАЯ — галоўны натхняльнік і арганізатар усіх творчых спраў у школе. Яе камунікабельнасць, уменне ўзаемадзейні­чаць, дружалюбнасць выклікаюць шчырую павагу ў тых, з кім ёй даводзіцца працаваць.

Вольга Эдвардаўна прайшла прафесійны шлях ад настаўніцы пачатковых класаў да дырэктара школы, грамадскага дзеяча — яна з’яўляецца членам Гродзен­скага абласнога Савета дэпутатаў, Беларускага саюза жанчын.

Як расказвае педагог, у школьныя гады марыла аб рабоце з людзьмі, на канчатковы выбар прафесіі ў многім паўплывала мама: дзяўчына паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”, а потым скончыла БДПУ імя Максіма Танка. З цеплынёй і ўдзячнасцю прыгадвае дырэктар сваю старэйшую калегу, мудрую настаўніцу, якая дапамагала рабіць першыя крокі ў прафесіі, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Антаніну Іванаўну Гурыну. Ужо на трэці год работы, а Вольга Эдвардаўна 17 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў, яе праекты як вучэбнай, так і выхаваўчай накіраванасці адзначаліся граматамі. Педагог штогод была кіраўніком аздараўленчых летнікаў. З 2012 года яе прызначылі на пасаду дырэктара Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы.

Па меркаванні В.Э.Часноўскай, школа павінна быць адлюстраваннем сучаснага грамадства. Яна не можа быць адарвана ад жыцця. Свет дынамічна мяняецца, і ўстанова павінна адпавядаць тым патрабаванням, якія да яе прад’яўляюць настаўнікі і бацькі. “Важнымі якасцямі дырэктара з’яўляюцца найперш талент кіраўніка і гаспадарніка, — адзначае В.Э.Часноўская. — Я патрабавальны кіраўнік, перш за ўсё да сябе. Поспех у рабоце ў многім залежыць ад дысцыпліны і парадку, упэўненасці, дакладнага кантролю і аналізу і, безумоўна, ад заахвочвання ініцыя­тывы і творчасці”.

Партрэт паспяховасці Юрацішкаўскай школы складаюць шматлікія падзякі і граматы ад Міністэрства адукацыі, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Рэспубліканскай федэрацыі прафсаюзаў, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і інш. Педагагічнаму і вучнёўскаму калектыву школы ёсць чым ганарыцца. Установа добра вядома не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Вучні і настаўнікі вынікова ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах. Дыплом І ступені ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” заваявала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Мінаева. Дыпломам ІІ ступені на VII абласным конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў “Крышталёвая Альфа — 2020” у секцыі “Руская мова” адзначана Рыната Губарэвіч (настаўніца Жанна Чарняк). У скарбонцы ўстановы адукацыі — дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая этнаграфічная экспазіцыя” на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу этнаграфічных музеяў (экспазіцый). Навучэнцы школы зарэкамендавалі сябе і на спартыўных спаборніцтвах. Больш за 20 школьнікаў з’яўляюцца прызёрамі абласных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, зборныя каманды дзяўчат — прызёрамі абласных спаборніцтваў па баскетболе 3´3 і валейболе. На раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды Дзмітрый Жук стаў уладальнікам дыплома.

— Для мяне важна ўсё, пачынаючы з прышкольнай тэрыторыі і заканчваючы вучэбнымі дасягненнямі школьнікаў. Таму дастаткова старанна планую свой працоўны дзень. Бо ўменне правільна і эфектыўна сплана­ваць кожны дзень так, каб удзяліць дастатковую ўвагу бягучым, важным і тэрміновым пытанням, дапамагае ў арганізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу, — заўважае Вольга Эдвардаўна. — За апошнія гады ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі: абсталяваны новыя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі. Агароджана тэрыторыя па ўсім перыметры, адрамантавана лыжасховішча, падвальнае памяшканне, у спартзале шклаблокі заменены на шклопакеты, прышкольная тэрыторыя мае сучасны выгляд з наяўнасцю малых архітэктурных форм.

 А яшчэ дырэктар стараецца правільна дэлегаваць свае паўнамоцтвы, бо кіраўнік шмат у чым залежыць ад каманды, з якой цесна працуе. Нездарма існуе выказванне, што эфектыўная работа дырэктара правяраецца ў перыяд яго адсутнасці. У выпадку неабходнасці Вольга Эдвардаўна можа смела паспадзявацца на сваіх намеснікаў — Алену Марцінчык і Марыну Аляхновіч, якія працу­юць па прызванні, з іскрынкай у вачах. Сваіх настаўнікаў В.Э.Часноўская называе рознабакова дасведчанымі, апантанымі, прафесіяналамі ў сваёй справе, ініцыятарамі ідэй. Творча і натхнёна працуюць Нона Сілюк, Людміла Ус, Галіна Рыжэвіч, Валянціна Пуцік, Жанна Лукша, Віктар Майсей і іншыя.

Выдатныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі людзей дапамагаюць В.Э.Часноўскай захапіць педагагічны калектыў агульнай справай. Яна не баіцца ўкараняць новае ў адукацыйны працэс. З 2019 года на базе ўстановы адукацыі рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. Ажыццяўляецца дзейнасць рэсурснага цэнтра сістэмы адукацыі Іўеўскага раёна па тэме “Выкарыстанне стратэгіі актыўнай ацэнкі для эфектыўнага навучання” на базе ўстановы адукацыі.

— Ці цяжка быць дырэктарам? Адназначна адказаць на гэтае пытанне, на мой по­гляд, немагчыма. Лёгка, таму што любіш сваю справу і верыш у поспех, побач надзейная каманда і высокакваліфікаваныя педагогі, але самае галоўнае — бачыш станоўчыя вынікі сваёй працы: установа імкліва развіваецца, а навучэнцам, іх бацькам і педагогам у ёй камфортна, — заўважае В.Э.Часноўская. — Цяжка, таму што дзеля агульнай справы даводзіцца прымаць жорсткія рашэнні і пры гэтым правільна сябе пазіцыянаваць. Бо дырэктар — гэта не толькі педагог, адміністратар, гаспадарнік, але і псіхолаг, які рэгулюе чалавечыя адносіны. Думаю, што індывідуальны падыход да кожнага педагога, работніка школы, вучня дазволіць зняць з іх псіхалагічную нагрузку і навучанне будзе ісці больш эфектыўна. Яны з вялікай цікавасцю будуць займацца і прагрэсіраваць.    

Вольга Эдвардаўна — аптыміст па жыцці, энергічны чалавек, зараджае ўменнем любіць жыццё ўсіх, хто побач.    

 — З жаданнем прыходжу на работу, з настроем іду дадому. Не люблю ныцікаў. Усё ў руках кожнага з нас. Астатняе — дзесьці лянота, дзесьці нежаданне, дзесьці адгаворкі. Я не люблю слова “праблемы”, замяняю яго на “пытанні”. Пытанні варта вырашаць па меры паступлення. Я не разумею, што значыць быць у дэпрэсіі. Такога слова ў маім лексіконе няма, — гаворыць дырэктар.

Нястомны, мэтанакіраваны, таленавіты калектыў на чале са сваім кіраўніком гатовы і далей працаваць у рэжыме развіцця, прыносячы карысць свайму пасёлку, раёну, краіне.

— Калі пра работу гавораць “другі дом”, я не бачу ў гэтым мастацкага перабольшання, тым больш калі гаворка ідзе пра школу. А наша школа стыльная, утульная, сучасная, чыстая, светлая, але яшчэ важна, які дух пануе ўнутры. Мне як дырэктару хочацца, каб наша ўстанова была не толькі месцам, дзе вучаць дзяцей, але і прасторай іх паўнавартаснага сталення, спрыяльным асяроддзем станаўлення паспяховых, шчаслівых і здаровых людзей. А гэта магчыма толькі ў атмасферы душэўнага камфорту і спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, — адзначае В.Э.Часноўская.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.