Паставіць на крыло

Штогод сотні маладых настаўнікаў уліваюцца ў вялікі педагагічны атрад Гродзеншчыны. У гэтым годзе прыступілі да работы 670 маладых спецыялістаў. Тры тысячы чалавек працуюць у сістэме адукацыі каля трох гадоў.

— З першага дня работы ў школе маладыя спецыялісты маюць такія ж абавязкі і нясуць такую ж адказнасць, што і іх калегі са шматгадовым стажам. Як маладому настаўніку не згубіцца ў разнастайнасці праграм, метадаў, інавацый? Як правільна арганізаваць сваю работу? Як ісці ў нагу з часам, быць мабільным, гнуткім і паспяховым у прафесіі? Гэтыя пытанні задаюць яны самі і мы, іх старэйшыя таварышы, — гаворыць прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Янаўна Даўгун. — І хацелася б, каб маладыя людзі, якія прыйшлі ў прафесію, не адвярнуліся ад школы. Бо часта так бывае, што, стаўшы на шлях выкладання, маладыя настаўнікі аказваюцца кінутымі, адчуваюць шок пры сутыкненні з рэальнасцю і, не атрымаўшы належнай падтрымкі, крута мяняюць сваё жыццё.

Таццяна Янаўна Даўгун узначальвае абласны клуб “Крыштальны жураўлік”. Да сярэдзіны верасня яна была дырэктарам сярэдняй школы № 26 Гродна, прайшла шлях ад настаўніка да прарэктара па навукова-метадычнай рабоце ГрАІРА. Праблемы і клопаты маладых спецыялістаў ведае вельмі добра, і таму адным з кірункаў работы абласнога клуба стала работа з настаўнікамі-пачаткоўцамі.

На Гродзеншчыне ўжо склалася сістэма работы з гэтай катэгорыяй спецыялістаў. У ГрАІРА праводзяцца метадычныя мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне ўмоў для замацавання маладых педагогаў у прафесіі, аказанне ім метадычнай дапамогі ў адаптацыі, развіцці і самарэалізацыі. Гэта семінары, навучальныя курсы, фестывалі педагагічнага майстэрства “Прызванне — педагог”, летняя школа маладога спецыяліста.

Удзельнічаюць маладыя педагогі Гродзенскай вобласці і ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. У апошнім конкурсе выхавальнік дашкольнай адукацыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна Алеся Кніга стала самай маладой удзельніцай і выйшла ў фінал ад Гродзенскай вобласці. Нядаўняя выпускніца педагагічнага факультэта ГрДУ, а сёння магістрант спецыяльнасці “Тэорыя і методыка дашкольнай адукацыі” і член “Крыштальнага жураўліка” дзеліцца вопытам са студэнтамі і выкладчыкамі. Алеся Мікалаеўна прадставіла гульнявыя формы работы па фарміраванні ў выхаванцаў дашкольных устаноў першапачатковых навыкаў мастацкага ўспрымання навакольнага свету.

— Удзел у конкурсе — гэта тытанічная праца. Заяўляю гэта не галаслоўна, бо адчула ўсё на сабе, — гаворыць Таццяна Янаўна. — Я была пераможцай школьнага, раённага, абласнога і ўдзельніцай рэспубліканскага этапаў конкурсу “Настаўнік года — 2009”. Вельмі важна прайсці ўсе этапы — ад школьнага да рэспубліканскага. Толькі ў такім выпадку ты не толькі адчуеш эмоцыі, але і атрымаеш вялікі аб’ём ведаў, таму што ідзе бесперапынная падрыхтоўка да новага этапу, новага дня ў пастаянным пошуку інавацыйнага і крэатыўнага. І скажу па ўласным вопыце, што конкурс не толькі прывёў мяне да пасады дырэктара школы, але і звёў з цікавымі людзьмі, якія творча працуюць, прагрэсіўна думаюць. Менавіта такія людзі ўваходзяць у склад клуба “Крыштальны журавель”.

З сакавіка 2010 года ў Гродзенскай вобласці пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі і ГрАІРА працуе абласны клуб “Крыштальны жураўлік”. На сённяшні дзень у яго ўваходзіць 28 творча працуючых педагогаў, большасць з якіх прайшлі праз рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года”.

Адна з самых эфектыўных форм метадычнай работы ў клубе — прадстаўленне педагагічнага вопыту “ў жывую”. Гэтая мэта дасягаецца праз правядзенне фестываляў педагагічных ідэй. За 8 гадоў існавання такая форма работы з маладымі педагогамі зведала змены: у 2012 годзе гэта быў фестываль для студэнтаў выпускных курсаў педагагічных спецыяльнасцей ГрДУ імя Янкі Купалы, у 2013 годзе разам са студэнтамі ўдзельнікамі фестывалю сталі і маладыя спецыялісты школ Гродзенскай вобласці, якія ўжо прыйшлі ў прафесію і, магчыма, сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі. З 2014 года ўдзельнікамі абласнога фестывалю былі зацікаўленыя маладыя педагогі з усіх абласцей Беларусі і члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. У 2015 годзе фестываль сустракаў не толькі прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў краіны, але і гасцей з Расійскай Федэрацыі, і насіў ужо не абласны, а рэспубліканскі характар. Асаблівасцю фестывалю стаў удзел педагагічных дынастый Гродзенскай вобласці, якія падзяліліся з калегамі сваімі сакрэтамі выкладання і невычэрпнай творчай энергіяй, што, магчыма, умацавала ўпэўненасць маладых спецыялістаў у правільнасці абранага імі прафесійнага шляху.

У 2016 годзе ў фестывалі прынялі ўдзел 150 маладых педагогаў, некаторыя з іх не першы раз былі на мерапрыемстве. У 2017 годзе гасцямі сталі маладыя настаўнікі з Малдовы. У 2018 годзе традыцыйна прымалі ўдзел маладыя педагогі з усіх рэгіёнаў Беларусі і госці з Расіі.

— Каб фестываль быў цікавы, мы кожны год мяняем формы падачы і трансляцыі вопыту работы педагогамі-майстрамі, — расказвае Т.Я.Даўгун. — Адзін год — гэта майстар-класы і ўрокі ў незнаёмым класе, другі год — урокі для дарослых альбо такая цікавая форма, як урок на сцэне “Ад А да Я”. Залацінкай фестывалю 2018 года стала прадстаўленне новых трэндаў у педагогіцы. Вопытныя педагогі, члены клуба “Крыштальны журавель” прадставілі майстар-класы па коўчынгу, мікранавучанні, сторытэлінгу і іншых новых тэхналогіях. Традыцыйнымі застаюцца ўжо на працягу многіх гадоў інтэрактыўныя перапынкі, падчас якіх удзельнікі ствараюць выдатныя вырабы, і ўсе з’язджаюць з фестывалю з падарункам, зробленым сваімі рукамі.

Падтрымку фестывалю “Прызванне — настаўнік” аказвае Гродзенскі абласны савет прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Летняя школа маладога педагога арганізоўваецца ў Гродзенскай вобласці з 2015 года. Гэта сумесны праект галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, ГрАІРА і абласнога клуба “Крыштальны жураўлік”. Тры гады запар школа праходзіла на базе Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната, у гэтым годзе — у ГрАІРА. Удзельнікамі становяцца настаўнікі, прафесіянальны стаж якіх не дасягнуў двух гадоў. Адна з важных асаблівасцей школы ў тым, што працуюць з юнымі калегамі лепшыя настаўнікі Беларусі — пераможцы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, настаўнікі-метадысты, члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” і гродзенскага абласнога клуба “Крыштальны жураўлік”.

Рэктар ГрАІРА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Антонаўна Сяргейка гаворыць:

— Галоўнай мэтай работы, якая праводзіцца з маладымі спецыялістамі, з’яўляецца павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, метадычная падтрымка маладых педагогаў па ўкараненні сучасных педагагічных ідэй у адукацыйную практыку. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае абласны клуб творча працуючых настаўнікаў “Крыштальны жураўлік”, які аб’ядноўвае настаўнікаў — прафесіяналаў вобласці. Старшыня клуба Таццяна Янаўна Даўгун — настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Намеснікам кіраўніка клуба з’яўляецца Ніна Паўлаўна Корабава, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, таксама настаўнік-метадыст, настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 26 Гродна. Тое, што Таццяна Янаўна зараз прарэктар ГрАІРА, мы разглядаем як магчымасць падняць работу з маладымі настаўнікамі на новы ўзровень у супрацоўніцтве з членамі клуба “Крыштальны жураўлік”.

Метадыст ГрАІРА Ірына Аляксандраўна Мікеня адзначае, што ўдзельнікі абласнога клуба “Крыштальны жураўлік” гатовы падзяліцца сваімі ведамі і вопытам з маладымі педагогамі падчас трэнінгаў, майстар-класаў, лекцый-дыялогаў, эўрыстычных гутарак. Заўсёды адгукаюцца на прапанову работы з маладымі калегамі намеснік дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска Алена Мікалаеўна Аскірка, дырэктар ліцэя № 1 Гродна Ігар Сяргеевіч Маслаў, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Зэльвы Наталля Фёдараўна Ступчык, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Ірына Рамуальдаўна Клявец.

Гэта работа на перспектыву. Прадуктам летняй школы маладога настаўніка ў першы год стаў сеткавы рэсурс, дзе сабрана нарматыўная дакументацыя, матэрыялы ўрокаў, арганізаваны кансультацыі настаўнікаў-метадыстаў, членаў клуба “Крыштальны журавель”.

Яшчэ адно поле дзейнасці членаў абласнога клуба “Крыштальны жураўлік” — студэнцкая аўдыторыя. У ГрДУ імя Янкі Купалы падтрымліваюць цесную сувязь з клубам. Так, вясной гэтага года майстар-класы яны правялі на педагагічным факультэце і факультэце біялогіі і экалогіі. Настаўнік-метадыст Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна Святлана Антонаўна Ханько правяла майстар-клас для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” па тэме “Візуалізацыя як спосаб развіцця вучэбна-пазнавальных і лічбавых кампетэнцый вучняў”. Пра асаблівасці фарміравання чытацкай культуры ў вучняў малодшых класаў студэнтам педагагічнага факультэта расказала настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Ваўкавыска Людміла Віктараўна Заяц, пераможца ў намінацыі “Пачатковыя класы” заключнага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017”.

Вопытныя педагогі Гродзеншчыны выступаюць і перад выкладчыкамі ўніверсітэта. Так, праводзілі заняткі са слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі рэзерву кіруючых кадраў ГрДУ імя Янкі Купалы па адукацыйнай праграме “Інавацыі ў кіраўніцкай і адукацыйнай дзейнасці кіраўніка” і пазнаёмілі з новымі формамі прадукцыйнага педагагічнага ўзаемадзеяння. І як адзначыў тады загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый ГрДУ Алег Уладзіміравіч Калага, актыўны дыялог дазволіў слухачам курсаў прыйсці да разумення таго, што сучасны педагог — гэта чалавек ініцыятыўны, дзейсны, нацэлены на асобасны рост і самарэалізацыю навучэнцаў.

— Менавіта такія яны, нашы лепшыя настаўнікі, якія аб’яднаны пад крылом “Крыштальнага жураўліка”, — гаворыць начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Станіславаўна Кавалеўская. — У Гродзенскай вобласці склалася пэўная сістэма работы з маладымі настаўнікамі. У кожным раёне існуе школа маладога спецыяліста. За маладым настаўнікам замацаваны вопытны педагог-настаўнік, які аказвае кансультацыйную дапамогу ў вядзенні дакументацыі, метадычную дапамогу ў распрацоўцы планаў-канспектаў урокаў. Сталі традыцыйнымі правядзенні метадычнага тыдня для маладых настаўнікаў з наведваннем урокаў вопытных педагогаў, майстар-класаў, псіхалагічных трэнінгаў, анкетавання. На працягу года ладзяцца тэматычныя кансультацыі, круглыя сталы “Цяжкасці першага года работы”, педагагічныя гасцёўні. І ў гэтую работу члены клуба “Крыштальны жураўлік” уносяць значны ўклад.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Таццяны ЗДАНОВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *