Пастаўская пяшчотная мелодыя

- 15:04"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Сёння працягваем публікаваць матэрыялы ў рамках сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”. І на гэты раз мы выправіліся ў Паставы — гарадок на захадзе Віцебскай вобласці. Там нас чакаў Пастаўскі дзяржаўны каледж, а дакладней, узорны эстрадна-духавы аркестр лаўрэат гран-пры Рэспубліканскага фестывалю навучэнскай моладзі “АРТ-вакацыі”, а яшчэ больш дакладна — яго кіраўнік Леанід Уладзіміравіч Косаў.

* * *

Шчыра кажучы, я быў у Паставах не першы раз — другі. А першы раз — ­у 2006 годзе, 11 гадоў назад, напярэдадні свята беларускага пісьменства,якое адзначалася тады там. Мне вельмі спадабалася гэтае мястэчка ўсім сваім: сваёй рыначнай пло­шчай, сваім касцёлам, сваімі Тызенгаўзамі…

Тады ў камандзіроўку ў Паставы з нагоды Дня беларускага пісьменства я паехаў разам з фатографам Алегам, які толькі-толькі ўладкаваўся да нас на працу. Вельмі хацелася пазнаёміцца бліжэй.

Нам добра склалі графік, у дастаткова хуткім рэжыме паказалі ўсе культурныя аб’екты. Мы пабывалі ў краязнаўчым музеі, на тамтэйшай славутасці — млыне, у Пастаўскай раённай бальніцы — колішнім палацы, у Пастаўскай гімназіі, дзе працуе настаўнікам геаграфіі добры паэт, даследчык і падарожнік Ігар Пракаповіч, пагутарылі там не толькі з ім, але і з іншымі цікавымі настаўнікамі.

А потым у нас быў вольны час. Мы проста блукалі па горадзе, гутарылі пра любімыя музычныя гурты, любімыя віды спорту, любімыя кніжкі… і, безумоўна, пра любімых дзяўчат. За гэтай размовай і дайшлі да цэнтральнай плошчы, прыселі там на лавачцы. Стаяла цудоўнае надвор’е — апошняе жнівеньскае сонца дарыла сваё пяшчотнае цяпло.

І тут мы ўбачылі, як на суседнюю лавачку прыселі дзве дзяўчыны. Ну, як было не пазнаёміцца?

Пазнаёміліся. Адна — Юля, другая — Света.

Разгаварыліся. Яны прызналіся, што ўжо заўтра паедуць на вучобу ў Мінск (кожная — у сваім універсітэце). Яны былі ўчарашнія пастаўскія адзінаццацікласніцы.

Абмяняліся тэлефонамі. І развіталіся.

Потым, ужо ў Мінску, я даведаўся, што Юля паступіла ў медыцынскі на кардыёлага, Света — на хімфак на мікрабіёлага. Абедзве — на бясплатнае. Абедзве — карэнныя пастаўчанкі. Вучыліся ў Пастаўскай гімназіі і нейкі час ха­дзілі займацца ў аркестр у Пастаўскі дзяржаўны каледж. Юля іграла на трамбоне, Света — на ўдарных…

* * *

Мабыць, у многіх з нас, акрамя роднага (у мяне — Мінска), ёсць і іншыя любімыя гарады. І такі горад для мяне — Паставы. Я бясконца хадзіў бы па гэтых мілых пастаўскіх вулачках, спускаўся б на пастаўскую набярэжную, аглядаў бы старажытныя яўрэйскія гандлёвыя рады, сядзеў бы на цэнтральнай пло­шчы побач з Уладзімірам Ільічом, успа­мінаючы, як сядзеў там з Алегам. Да гісторыі Паставаў маюць непасрэднае дачыненне роды Зяневічаў, Бяганскіх, Тызенгаўзаў… Род Тызенгаўзаў вядомы з ХІІ стагоддзя — яго прадстаўнікі былі крыжаносцамі. І неяк шкада мне Паставаў. Уся слава беларускай мінуўшчыны адышла да Полацка, Турава, Заслаўя, Міра, Нясвіжа і Навагрудка, а Паставы засталіся ўбаку. Хаця найноўшыя даследаванні сведчаць: мястэчка Пасаднік з 5 дамамі на беразе ракі Мядзелкі, адкуль узяліся Паставы, было ўтворана ў 996 годзе. Гэта значыць, што Паставам больш як 1000 гадоў!

Досыць пра гісторыю.

Хаця… Стаіш перад Пастаўскім дзяржаўным каледжам — і гісторыя не дае пра сябе забыць і тут. Яны побач — стары і новы будынкі каледжа. Адышоўшы на другі бок вуліцы, каб іх сфатаграфаваць, нават не заўважаеш, дзе новы і дзе стары. Абодва схаваліся за заснежанымі елкамі… І тым лепш. Адразу ўваходзіш у гісторыю — з пярэдняга агульнага краю.

Пра Пастаўскі дзяржаўны каледж вас яшчэ чакаюць многія факты. Але вось адзін, бадай, самы галоўны. Да Полацка, дзе таксама ёсць каледж, ад Паставаў — а гэта па прамой 140 кіламетраў! — каледжаў няма. Хлопцы і дзяўчаты з Глыбокага, Мёраў, Докшыц, Шаркаўшчыны, Браслава едуць вучыцца ў Паставы, бо сюды бліжэй.

А цяпер красамоўныя факты апошніх гадоў.

Кожны год у развіцці Пастаўскага дзяржаўнага каледжа адзначаецца знакавымі падзеямі. Так, у 2015 годзе тут пачалася падрыхтоўка кадраў па спе­цыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, у 2016 годзе — па кваліфікацыях “бармен 4 разраду” і “кулінар мучных вырабаў 4 разраду”. У 2017 го­дзе каледж атрымаў дазвол на ўвя­дзенне падрыхтоўкі па спецыяльнасцях ­узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Машыны і абсталяванне дрэваапрацоўчай прамысловасці” (кваліфікацыя “тэхнік-механік”) і “Грамадскае харчаванне” (кваліфікацыя “кухар 5 разраду”).

Нядаўна Пастаўскі дзяржаўны каледж пачаў супрацоўнічаць з Цэнтрам асветы Рокішскага раённага самакіравання (Літва) у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва ў рамках Еўрапейскага інструмента суседства на 2014—2020 гады па праекце развіцця прадпрымальніцкіх навыкаў праз творчасць і інавацыі. У рамках праекта прадугледжана развіццё і мадэрнізацыя вучэбных кабінетаў, лабараторый і майстэрань.

Акрамя шматлікіх дасягненняў у тэхнічнай і спартыўнай творчасці, Пастаўскі дзяржаўны каледж можа пахваліцца поспехамі сваіх выхаванцаў і ў мастацтве, літаратуры. Вікторыя Дзевятоўская атрымала дыплом ІІ ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Пасланне настаўніку” ва ўзроставай катэгорыі ад 14 да 17 гадоў. Эксперты адзначылі крэатыўнасць, сацыяльную значнасць і змест яе работы.

І, безумоўна, са­мы галоўны гонар Пастаўскага дзяржаўнага каледжа — узорны эстрадна-духавы аркестр, уладальнік шматлікіх дыпломаў і прэмій.

Аркестр быў створаны ў 1993 годзе, 1 верасня.

У снежні 1995 года калектыў абараніў званне “ўзорны”.

У 1997 годзе стаў лаўрэатам Першага фэсту народнай творчасці Беларусі “Беларусь — мая песня”, у 1998 го­дзе — лаўрэатам ІІ Міжнароднага маладзёжнага форуму “Квецень сонечных промняў”.

У 2004 ­годзе быў дыпламантам Рэспубліканскага фэсту духавой музыкі “Беларускія фанфары — 2004”, прысвечанага 60-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У тым жа годзе атрымаў дыплом I ступені VII Абласнога фэсту мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” у намінацыі “Аркестр”.

У маі 2005 года — дыплом II ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу духавых аркестраў “Гучаць аркестры”, прысвечанага 60-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

2011 год — дыплом I ступені за высокія творчыя дасягненні і актыўны ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі”.

5 мая 2012 года — дыплом ІІ ступені ў абласным свяце-конкурсе духавой музыкі “Віват, аркестр-2012!», прысвечаным 200-годдзю Айчыннай вайны 1812 года (Лепель).

2013 год — дыплом Рэспублікан­скага фестывалю мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі ­“АРТ-вакацыі” за вялікі ўклад у грама­дзянска-патрыятычнае і мастацка-эстэтычнае выхаванне моладзі.

2014 год — дыплом галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама за высокае выканальніцкае май­стэрства і прапаганду духавой музыкі ў абласным свяце-конкурсе “Віват, ­аркестр-2014!”.

2015 год — дыплом I ступені абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” ў намінацыі “Аркестр”.

І гэтым калектывам ужо больш за 20 гадоў кіруе Леанід Уладзіміравіч Косаў.

Дадзім яму слова.

* * *

— Я родам з Віцебска. Там і пачаў займацца музыкай, — расказвае Леа­нід Уладзіміравіч. — Першы мой інструмент — цымбалы… А ў армію я трапіў у Паставы — адразу ў армейскі аркестр. Спачатку іграў на валторне, потым — на ўдарных. Паступіў у Смаленскае музычнае вучылішча, якое скончыў па класе ўдарных. Потым зноў іграў на ўдарных у арміі. А ў 1993 годзе неяк сустрэўся з дырэктарам Пастаўскай школы-інтэрната, і ён мне кажа: “А ці не хацелі б у нас папрацаваць?”

Я спачатку разгубіўся… Але ж грошы былі патрэбны: сям’я ўжо была, двое дзяцей. І я так тады адказаў: “Ну, давайце, паспрабую. Атрымаецца — добра, не атрымаецца — ну, прабачце, звальняюся”. Прыйшоў 1 верасня ў ваеннай форме ў той інтэрнат. Абышоў усе класы — набраў 60 чалавек! Вы можаце ўявіць сабе такое? У школе-інтэрнаце — 60 чалавек у аркест­ры! Можа, я з-за ваеннай формы ім так спадабаўся? (Смяецца. — М.Ч.)

А ўжо ў лістападзе ў маім аркестры засталося… 8 чалавек.

Па-першае, з дзецьмі былі праблемы. А па-другое, праблемы былі са мной. Я ж духавымі інструментамі фактычна не валодаў. І з гэтымі васьмю і сам вучыўся, і іх вучыў. За суткі так надзь­мухаешся на трубе, на валторне, на альце! Прыходзіш дадому — не ведаеш, дзе галаву прытуліць… Але з тымі васьмю дзецьмі ў красавіку 1994 года мы ўжо далі канцэрт! А ў маі таго ж года ўзяў 7 дзетак з Наваполацкага дзіцячага прытулку. Я не хадзіў на адпачынак ні ў чэрвені, ні ў ліпені, ні ў жніўні… Працаваў з дзецьмі. А ў снежні мы далі канцэрт паўнавартасным аркестрам з 15 чалавек! І пасля гэтага пайшла наша дзейнасць. У 1995 годзе атрымалі званне “ўзорны”. З таго часу кожныя два гады яго абараняем.

Я ганаруся сваімі выхаванцамі. Напрыклад, адна дзяўчынка — Марына Сасянкова, якая іграла ў мяне на кларнеце, паступіла ў Наваполацкае музычнае вучылішча, скончыла яго з чырвоным дыпломам, потым паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, дзе адвучылася тры гады, а потым тры гады вучылася ў піцерскай кансерваторыі. Сёння яна выкладае ў акадэміі музыкі і ў гімназіі-каледжы імя І.В.Ахрэмчыка, а яшчэ іграе ў нашым оперным тэатры. Яшчэ адзін мой вучань — Сяргей Казлоўскі — сёння іграе ва ўзорным аркестры ўнутраных войск.

У 1996 годзе Пастаўскую школу-інтэрнат закрылі. Наш аркестр перавялі сюды, у каледж. І наша званне “ўзорны” аўтаматычна перавялі сюды ж.

* * *

Самым вялікім адкрыццём з жыцця ўзорнага эстрадна-духавога аркестра Пастаўскага дзяржаўнага каледжа для мяне стаў спосаб рэкрутынгу ў калектыў. Вандруючы па Беларусі ў рамках падрыхтоўкі матэрыялаў для рубрыкі “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, я ніколі да гэтага не сутыкаўся з такой з’явай. А справа ў тым, што на адной сцэне з першакурс­нікамі, другакурснікамі і трэцякурснікамі каледжа — 18—20-гадовымі дзецюкамі — стаяць і іграюць 12-гадовыя пяціклашкі з пастаўскіх устаноў сярэдняй адукацыі. Як такое магчыма?

А вось магчыма.

Гэта адбываецца наступным чынам. Леанід Уладзіміравіч Косаў прыходзіць да 12-гадовых пяціклашак і пытаецца ў іх: “Ты хочаш іграць у аркестры?”

Адказ зразумелы: “Хачу”.

Тады яшчэ адно пытанне: “А ты хочаш быць кухарам ці аўтаслесарам?”

Адказ крыху няўцямны: “Ну, не ведаю…”

І тады трэцяе пытанне: “Калі хочаш іграць у аркестры на трубе ці ўдарных, рыхтуйся быць кухарам ці аўтаслесарам. Ведай наперад: ты будзеш навучэнцам Пастаўскага дзяржаўнага каледжа”.

Гэта нязменнае правіла ў эстрадна-духавым аркестры Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Музыкантаў туды бяруць яшчэ са школы. Пры ўмове, калі іх бацькі гатовы пасля 9 ці 11 класаў аддаць вучыцца сваіх дзяцей у каледж і калі дзеці, зразумела, будуць згодны.

Гэта вельмі разумны падыход да арганізацыі сістэмы музычнай самадзейнасці навучэнцаў, бо за год і нават за тры гады чалавека немагчыма навучыць іграць як след на валторне.

* * *

Як жа ўдаецца Леаніду Уладзіміравічу Косаву прыцягнуць, прытуліць да сябе дзяцей? Якой методыкай ён карыстаецца?

Перш-наперш ён глядзіць на рытмічны бок. Калі з рытмікай у рэкрута ўсё нармальна, яму дастануцца труба, ударная ўстаноўка. Той, хто слабейшы, сядзе за альт. “За два тыдні я ўжо бачу, пацягне хлопчык той ці іншы інструмент ці не, — кажа Леанід Уладзіміравіч. — Вось зараз хлопчык прыйшоў. Паспрабаваў на кларнеце іграць. Праз дзень прызнаўся: “Мне цяжка”. І я бачыў, што яму са­праўды цяжка: фізіялагічна прыкус быў не для кларнета. Але рытміка ў яго была супер. Даў яму валторну. І ўсё пайшло найлепшым чынам”.

Я запытваюся ў Леаніда Уладзіміравіча пра методыку.

Ён паглядае ў акно, потым — на мяне, потым — у акно, потым — зноў на мяне.

“Вам методыка трэба?” — пытае.

“Ага, — адказваю. — Не так мне, як чытачам. Гэты артыкул пачытаюць маладыя нявопытныя кіраўнікі самадзейных творчых калектываў і будуць удзячны вам за карысныя парады”.

І Леанід Уладзіміравіч расказвае: “Даю кларнет хлопчыку. Набіраем з ім нотку соль. А соль — гэта пустата, там нічога няма. А ўжо з соль мы пачынаем ісці ўніз — кожную нотку па 5—6 разоў бяром. Гэта вельмі карпатлівая праца. Але менавіта падчас гэтай працы ставіцца апарат, дзеці пачынаюць разумець, што ад іх хоча выкладчык.

Апусціліся ўніз — пачынаем ісці ўверх. Узялі до, потым — до і рэ… Галоўнае — не заціскаць дыханне, асабліва ўверсе, бо тады нават можна пераціснуць горла.

Мы працуем з дзецьмі найперш над дыханнем. Бяром пачатак ад соль: соль — сі, соль — фа, соль — мі.

Галоўнае — доўгім нотам вучыць дзяцей. Возьмеш до — і цягні на 12, на 8, на 6 чвэрцей.

“Блакітны вагон” — вось з чаго трэба вучыць дзяцей, а потым ужо крыжачок, вальс, полька.

Я практыкую такую методыку: вырошчваю 2—3 вучняў асобна пару гадоў і толькі потым запускаю іх у аркестр, у асноўны касцяк”.

* * *

У нейкі момант Леанід Уладзіміравіч кажа: “Я сёння не ўяўляю свайго жыцця без аркестра, без сваіх дзяцей. Быў момант на пачатку маёй дзейнасці, калі я шчыра сказаў сам сабе: “Не атрымаецца — пайду ў-ля-ля…” Але ж нібыта атрымалася. Гэта маё асабістае жыццё.

Для мяне сэнс жыцця — у працы. Без працы, мне здаецца, чалавек не можа жыць. Калі яго праца з’яўляецца любімай, дык ён тым больш не зможа без яе жыць”.

* * *

Наўздагон маёй сустрэчы з Леанідам Уладзіміравічам Косавым ён прапанаваў мне паслухаць урывак з выступлення яго аркестра.

Дзеткі выйшлі на сцэну. Усе ў аднолькавых карычнева-бэжавых канцэрт­ных касцюмах. Прыгожыя, узвышаныя, адухоўленыя.

Пачалі іграць нейкую ўрачыстую музыку. І я як быў з уключаным дыктафонам і з адкрытым аб’ектывам фотаапарата, так і застыў.

Не запытаў нават Леаніда Уладзі­міравіча, што за твор выконвалі дзеці.

Слухаў быццам укапаны.

Усцешаны.

Радасны.

Такім выйшаў з каледжа і пайшоў на свой мінскі аўтобус.

Потым ужо, калі ехаў дадому ў Мінск, прыдумаў назву і твору, які выканалі для мяне дзеці, і гэтаму артыкулу — “Пастаўская пяшчотная мелодыя”.

Галасы адміністрацыі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа

Дырэктар Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Мікалай Мікалаевіч ЛЫСЁНАК:

“Наш узорны эстрадна-духавы аркестр — набытак не толькі нашага каледжа, але і ўсяго раёна. Ён прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах Пастаўскага раёна. Каб падтрымліваць такі калектыў ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі, патрэбна вялікая руплівасць яго кіраўніка. І таму я вельмі цаню нашага Леаніда Уладзіміравіча.

Ёсць такі далікатны момант.

У школах уся ўвага — выдатнікам. А да нас прыходзяць дзеці, якія нібыта не ўмеюць ні спяваць, ні танцаваць, ні маляваць. Але ўся справа ў тым, што гэтым дзецям у свой час проста не ўдзялялася належнай увагі. І такія людзі, як Леанід Уладзіміравіч Косаў, проста адкрываюць для гэтых дзяцей жыццё. Яны не менш таленавітыя за сваіх аднагодкаў, якія вучацца ў гімназіях і школах”.

Намеснік дырэктара каледжа Алена Канстанцінаўна ДУБОВІК:

“Калі прыходзяць да нас школьнікі на экскурсію і бачаць на фотаздымках у нашым музейным пакоі сваіх бабуль і дзядуляў, у іх загараюцца вочы. Экскурсія замест прадугледжанай гадзіны расцягваецца на тры гадзіны.

Мне вельмі прыемна працаваць і з дзецьмі, і з калегамі. У іх вочы і рукі гараць — ці што тычыцца нейкіх вытворчых спраў, ці што тычыцца мастацкай творчасці.

Мы ствараем у каледжы для дзяцей тую сітуацыю поспеху, якой, магчыма, не хапала ім у школе”.

Галасы ўдзельнікаў аркестра

Дзмітрый АЎСЯНІКАЎ, навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, будучы аўтаслесар: “Я — спартсмен. Трапіў у аркестр крыху незвычайна. Рабіў мускулы разам з сябрам на першым паверсе і раптам пачуў на другім паверсе нейкую музыку. Прыйшлі да Леаніда Уладзіміравіча, запыталіся ў яго, ці можна павучыцца ігры на гітары. А ён: “Калі ласка!” Потым мы з маім сябрам свой гурт стварылі”.

Наталля ПРОНЬКА, навучэнка 11 класа адной з пастаўскіх школ: “Я заўсёды хацела займацца музыкай. Даведалася пра тое, што ў Паставах ёсць такі аркестр, адразу сюды прыбегла. Пачала іграць на ўдарных. Выступала на “Славянскім базары”! Гэта было незабыўнае ўражанне”.

Вольга ЦІТОВІЧ, навучэнка 9 класа адной з пастаўскіх школ: “Я з дзяцінства любіла іграць на гітары… Але неяк не склалася ў мяне з гітарай. Леанід Уладзіміравіч прапанаваў мне флейту, і ў мяне атрымалася. Я з 5 класа ў яго займаюся. І думаю, што буду іграць у аркестры ўвесь час, колькі буду вучыцца ў школе, а пасля ў каледжы”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.