Пасябруй з мовай з дзяцінства

- 17:10Нам пішуць

Дзверы Астравецкай дзіцячай бібліятэкі заўжды адкрыты для маленькіх чытачоў. І нават для тых, хто яшчэ толькі збіраецца стаць імі.

21 лютага, калі адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, гасцямі бібліятэкі сталі самыя маленькія і самыя дапытлівыя — выхаванцы сярэдняй і старэйшай груп ясляў-сада “Дубок” Астраўца Гродзенскай вобласці.

Дзеткі прыйшлі на чароўнае падарожжа “Па старонках роднай мовы”, каб разам з бібліятэкарамі павучыцца размаўляць на роднай мове, успомніць беларускія гульні, песні, казкі.

Падарожжа складалася з цікавых прыпынкаў “Ветлівыя словы”, “Загадкі”, “Беларускія гульні”, “Забаўлянкі”, “Лічылкі”, “Беларускія казкі”. Дзеці актыўна ўключаліся ў гульні і забаўлянкі, паўтаралі родныя словы, лічылі па-беларуску, адгадвалі беларускія загадкі.

Некаторыя словы па-беларуску дзеці чулі ўпершыню, здзіўляліся, перапытвалі, але хочацца шчыра верыць, што беларускія словы ім пададуцца мілагучнымі, роднымі і маленькія будуць любіць сваю мову і паважаць народныя традыцыі, культуру.

Дзеці навучыліся вітацца, развітвацца, дзякаваць па-беларуску. Іх дапытлівыя вачаняты не пакінулі без увагі і кніжную выставу, прысвечаную беларускай мове.

Завяршылася сустрэча праглядам мультфільма па матывах беларускай казкі “Піліпка”.

Госці бібліятэкі наперабой прасілі сфатаграфавацца з кнігамі, падыходзілі да выстаў, усё для іх было цікава і пазнавальна. Пры развітанні дружна падзякавалі па-беларуску і абяцалі прыходзіць і далей.

Дзіцячая бібліятэка чакае ў госці маленькіх ветлівых і выхаваных наведвальнікаў, якім патрэбна расці адукаванымі, дасведчанымі, духоўна багатымі і адданымі сваёй радзіме.

Ганна КЕРЭЛЬ,
бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі.