Патэнцыял баранавіцкіх ліцэістаў

- 11:36Адукацыйная прастора

Каманда з 12 вучняў ліцэя № 1 Баранавіч пад кіраўніцтвам намеснікаў дырэктара па вучэбнай рабоце Н.А.Біруковай і В.В.Калевіч вярнулася з XXIX Адкрытай маскоўскай інжынернай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял”, дзе прэзентавала 5 даследчых праектаў у галіне эксперыментальных метадаў даследавання фізічных з’яў, экалогіі і прыродакарыстання, біялогіі і біятэхналогіі.

Дзесяць ліцэістаў вярнуліся дамоў з дыпломамі: Яна Мыслівец, Арына Паўлюк, Маргарыта Заяц, Вікторыя Расюкевіч, Назар Бычкоўскі, Дзмітрый Чарнавокі, Улад Самборка, Дзмітрый Дзярдзюк, Мікіта Лабойка і Мікіта Дзянішчык. Падзячнымі пісьмамі адзначаны настаўнік фізікі А.М.Хвалінскі, настаўніца біялогіі С.У.Разанцава і настаўніца геаграфіі Н.В.Вярбіла.

Сёлетняя канферэнцыя ў Маскоўскім энергетычным інстытуце сабрала больш за 700 юных даследчыкаў, для якіх былі арганізаваны лекцыі і інтэрактыўныя майстар-класы па мехатроніцы, лічбавай апрацоўцы выяў, зборцы элементаў для разумнага дома, робататэхніцы і спідкубінгу, выкарыстанні цеплатэхнічных вымяральных прыбораў і хімічных крыніц току. На працягу некалькіх дзён школьнікі атрымалі выдатную магчымасць наладзіць зносіны з равеснікамі — аматарамі навукі, задаць пытанні членам журы і атрымаць ад іх кансультацыі. Для кіраўнікоў каманд прайшоў семінар, арганізаваны ў рамках праграмы “Узаеманавучанне гарадоў”, па актуальных пытаннях інжынернай адукацыі і праектна-даследчай дзейнасці вучняў з удзелам прадстаўнікоў Маскоўскага цэнтра развіцця кадравага патэнцыялу.

Аргкамітэт канферэнцыі ў асобе рэктара МЭІ, доктара тэхнічных навук, прафесара М.Д.Рагалёва і дырэктара школы № 1502 пры МЭІ доктара педагагічных навук У.Л.Чудава накіраваў падзячныя пісьмы ў адрас кіраўніцтва Баранавіцкага гарвыканкама, гарадскога ўпраўлення па адукацыі і дырэктара ліцэя № 1, выказаўшы надзею на працяг плённага супрацоўніцтва ў рабоце з адоранымі дзецьмі.

Настасся БІРУКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ліцэя № 1 Баранавіч.