Патэнцыял узаемадзеяння велізарны

- 10:06Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь і Узбекістан маюць вялікі патэнцыял для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай сустрэчы з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Узбекістана прэм’ер-міністрам краіны Шаўкатам Мірзіяевым.

“Мы крыху адсталі ў адносінах, у эканоміцы. Упэўнены, што ў найбліжэйшы час — год, два, тры — мы абавязкова адыдзем ад гэтага смешнага тавараабароту. У нас ёсць велізарны патэнцыял. Мы маем патрэбу ў вас, вы маеце патрэбу ў нашай эканоміцы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму мы дамовімся і вызначым рамкі нашага афіцыйнага візіту, калі вы сфарміруеце ўрад, праведзяце прэзідэнцкія выбары”.

Прэзідэнт расказаў, што сёння (6 кастрычніка. — Заўв.рэд.) павінен быў пачацца яго афіцыйны візіт ва Узбекістан. “Я загадзя не думаў і не падбіраў гэты момант. Толькі сёння ў самалёце адкрыў і паглядзеў: дык мы ж 6—8 кастрычніка збіраліся сустрэцца тут з Ісламам Абдуганіевічам і абмеркаваць нашы праблемы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вядома, гэты візіт не такім павінен быў быць, але жыццё ідзе і прадаўжаецца. Наша з вамі задача — зрабіць так, каб узбекскі і беларускі народы мелі дастойныя ўзаемаадносіны. І мы гэта зробім. Гэта будзе добрай для яго памяццю”.

У сваю чаргу Шаўкат Мірзіяеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за прыезд у Самарканд і тую шчырую падтрымку, якую кіраўнік дзяржавы і Беларусь аказваюць Узбекістану. “Беларусь — гэта наш надзейны, шчыры і даўні партнёр, дружалюбная краіна, — падкрэсліў прэм’ер-міністр. — Той тавараабарот, які сёння паміж намі існуе, не задавольвае ні вас, ні нас. Мы павінны знайсці агульныя падыходы, каб ён вырас”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочага візіту ва Узбекістан наведаў могілкі “Хазрат Хізр”, размешчаныя побач з мемарыяльным комплексам Шахі Зінда, і ўсклаў кветкі на магілу Іслама Карымава. Затым прысутныя ўшанавалі памяць першага Прэзідэнта Узбекістана мінутай маўчання.

Шаўкат Мірзіяеў расказаў Прэзідэнту Беларусі аб гісторыі могілак “Хазрат Хізр” і мемарыяльнага комплексу. Затым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Палац форумаў, дзе ўсклаў вянок да фатаграфіі Іслама Карымава.

Тут жа кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з удавой Таццянай Карымавай і выказаў ёй свае спачуванні.