Патрабаванні да правядзення выбарчай кампаніі нязменныя: сумленнасць і справядлівасць

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па арганізацыі і правядзенні маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

“Сёння нам неабходна абмеркаваць шэраг пытанняў, звязаных з маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі, а таксама разгледзець гатоўнасць мясцовых органаў улады да іх правядзення. Тут утойваць няма чаго: без улады на месцах выбары будзе правесці не тое што цяжка, немагчыма. Мы ніколі не ўтойвалі гэтага і ўтойваць не будзем. Трэба зрабіць усё для таго, каб выбары прайшлі на высокім узроўні. Іх прапануецца правесці ў лістападзе гэтага года. З аптымальнымі датамі мы вызначымся ў найбліжэйшы час. Гэта азначае, што асноўныя перадвыбарныя мерапрыемствы, прадугледжаныя заканадаўствам, павінны пачацца ўжо ў жніўні”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, трэба папярэдне выра­шыць усе арганізацыйныя пытанні, каб у перыяд актыўнай выбарчай кампаніі забяспечыць спакойнае становішча для свабоднага волевыяўлення беларускага народа.

“Патрабаванні да правя­дзення выбарчай кампаніі нязменныя. Гэта павінны быць сумленныя, справядлівыя выбары, без надуманых абмежаванняў, каб ні ў каго не было сумненняў у іх легітымнасці”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзна­чыў, што Выбарчы кодэкс напярэдадні выбараў не мяняўся, існуючыя правілы ўсім добра вядомы. “Трэба зрабіць усё ў строгай адпаведнасці з нашым заканадаўствам. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: выбары мы арганізоўваем для сваёй краіны, для Беларусі. Мы, вядома, не хочам трапіць пад крытыку нашых суседзяў і прадстаўнікоў іншых краін, тым не менш помніць трэба галоўнае — выбары гэта беларускія”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

“Залог поспеху — зладжаная камандная работа з высокай асабістай адказнасцю кожнага з вас і тых, хто будзе працаваць у камісіях знізу даверху, за даручаную справу, — звярнуўся прэзідэнт да ўдзельнікаў нарады. — Нягледзячы на тое, што асноўная арганізацыйная нагрузка пры падрыхтоўцы мерапрыемства ляжа на Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, мы павінны забяспечыць узаемадзеянне ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу”.

“Дырыжорамі ў гэтым шматгранным і шматгалосым аркестры будуць мясцовыя органы ўлады. Мясцовай уладзе трэба будзе сфарміраваць выбарчыя камісіі. Зрабіць гэта ў адпаведнасці з заканадаўствам: дэмакратычна, адкрыта, з шырокім удзелам канструктыўных грамадскіх арганізацый, якія складаюць аснову нашай грамадзянскай супольнасці”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Чарговы раз падкрэсліваю, што выбары — гэта экзамен для дзеючай улады, у першую чаргу на мясцовым узроўні. Менавіта на выканаўчай вертыкалі асаблівая адказ­насць за палітычныя і эканамічныя працэсы ў рэгіёнах у перыяд электаральнай кампаніі. Стаўце задачы, мабілізуйце людзей, не адкладваючы вырашэнне пытанняў на восень. Трэба рабіць усё цяпер. Добра, што гэтая работа пачалася і актывізавана пасля “Вялікай размовы”. Трэба прадоўжыць яе”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

“Парламент павінен ста ць дыскусійнай пляцоўкай для дыялогу дэпутатаў з рознымі палітычнымі поглядамі, пры гэтым падзяляючых галоўныя прынцыпы: незалеж­насць краіны, стабільнае развіццё і рост дабрабыту беларускага народа”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, дэпутацкі корпус павінны прадстаўляць эксперты ў розных галінах, спецыялісты — адказныя і адданыя краіне людзі, прафесіяналы з дзяржаўным мысленнем, высокаадукаваныя прадстаўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, юрысты, навуковыя работнікі, вядомыя ў рэгіёнах прадпрымальнікі, палітыкі і грамадскія дзеячы.

“Толькі тым парламента­рыям, хто выканаў усе свае перадвыбарныя абяцанні, змог нала­дзіць дзейсную сувязь з выбаршчыкамі, карыстаецца ў іх рэальнай падтрымкай і даверам, будзе месца ў новым складзе вышэйшага прадстаўнічага органа ўлады. Я намякаю на тое, што кандыдатам у дэпутаты трэба будзе сустракацца з народам, размаўляць, тлумачыць, расказваць пра сваю пазіцыю, пра тое, як яны будуць працаваць у парламенце. Ваша задача — дапамагчы ім арганізаваць гэтую работу па сустрэчах з выбаршчыкамі. І важна, каб людзі, прыйшоўшы на выбарчыя ўчасткі, зналі, што ўжо зрабіў іх дэпутат і што неабходна зрабіць заўтра для дабрабыту рэгіёна і ўсёй нашай краіны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што асноўная роля па асвятленні работы дэпутацкага корпуса і выкананых абяцанняў, а таксама маючых адбыцца выбараў належыць сродкам масавай інфармацыі.


Будучая кампанія па выбарах у парламент не стане асаблівай, а будзе праведзена ва ўжо традыцыйным для Белару­сі ключы — зладжана, спакойна, на высокім арганізацыйным узроўні, адзначыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.

Адказваючы на пытанне аб тым, чым будзе адрознівацца чарговая выбарчая кампанія ад папярэдніх, Наталля Качанава адзначыла, што не чакае якіх-небудзь сур’ёзных змен у плане арганізацыі і правядзення выбараў.

“Не сказала б, што яна (выбарчая кампанія. — Заўв. БелТА.) будзе ў чым-небудзь іншай. У нашай дзяржаве электаральныя кампаніі заўсёды праводзяцца вельмі зладжана, арганізавана”, — сказала яна. “Мы дакладна ведаем нашу палітыку, тыя ўстаноўкі, якія ёсць у дзяржаве. Усё павінна рабіцца на карысць лю­дзей, самае галоўнае — гэта лю­дзі, справядлівае стаўленне да іх, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Унутраная палітыка як была, так і ёсць сацыяльна арыентаваная, усё накіравана на дабрабыт нашых грамадзян”.

Паводле яе слоў, на нара­дзе ў кіраўніка дзяржавы якраз і разглядаліся арганізацыйныя пытанні, якія дазволяць правесці выбарчую кампанію актыўна, сумленна, празрыста. Адпаведныя задачы пастаўлены прэзідэнтам перад кіраўнікамі мясцовых органаў улады. “Трэба, каб выбары прайшлі на высокім узроўні. Таму пастаўлены задачы перад кіраўнікамі абласцей арганізаваць усё так, каб людзі разумелі — гэта спакойная, нармальная работа, — патлумачыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Ніякай кампанейшчыны быць не павінна”.

Органам улады на месцах давядзецца шмат працаваць, у тым ліку сфарміраваць выбарчыя камісіі розных узроўняў — участковыя, акруговыя, абласныя. “Будзе задзейнічана вялікая колькасць людзей. Каб правесці такое масавае мерапрыемства зладжана і без эксцэсаў, гэтаму павінна папярэднічаць вялікая арганізацыйная работа. Пра гэта і ішла размова на нара­дзе”, — дадала Наталля Качанава.

Кіраўнік Адміністрацыі таксама адзначыла, што вітае актыўны ўдзел моладзі ў маючай адбыцца парламенцкай кампаніі.

“У моладзі сёння дастаткова высокая грамадзянская пазіцыя. Яна думае пра будучыню сваёй краіны. Калі маладыя хлопцы прыйдуць і будуць працаваць у парламенце (а гэта добрая школа для станаўлення маладога чалавека), гэта будзе выдатна”, — сказала Наталля Качанава. Паводле яе інфармацыі, БРСМ разглядае магчымыя кандыдатуры і будзе прапаноўваць сваіх прадстаўнікоў на выбарах у парламент.

Сістэмная работа па падборы кадраў з перспектыўных маладых людзей вядзецца і ў Адміністрацыі прэзідэнта. У кадравым рэестры кіраўніка дзяржавы знаходзіцца больш за 800 пасад і пры прызначэнні на гэтыя пасады разглядаюцца кандыдатуры са спецыяльнага кадравага рэестра перспектыўнай моладзі. Некаторыя маладыя людзі з гэтага рэзерву ўжо працуюць у дзяржаўных органах.

“Кадравая работа няпростая. Яна сістэмная, бо кадры не з’яўляюцца проста так, — патлумачыла Наталля Качанава. — Каб займаць высокую пасаду, чалавек павінен прайсці ў сваім станаўленні пэўныя прыступкі росту. Кадраў хапае. Іх трэба ўбачыць”.