Патрэбны дакладныя паказчыкі эфектыўнасці галіны

- 10:19Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі патрэбны дакладныя і зразумелыя паказчыкі эфектыўнасці будаўнічай галіны. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўвалася стратэгія развіцця будаўнічай галіны на 2018—2030 гады.

“Найважнейшым стратэгічным напрамкам развіцця будаўнічага комплексу з’яўляецца нарошчванне экспарту будаўнічых паслуг і яго далейшая дыверсіфікацыя, але без росту прадукцыйнасці працы, мадэрнізацыі вытворчасці, зніжэння затрат і пераходу на выкарыстанне лічбавых тэхналогій мы не зможам канкурыраваць на знешніх рынках, -павышаць узровень і якасць жыцця насельніцтва. Патрэбны дакладныя і зразумелыя, а галоўнае, абгрунтаваныя паказчыкі эфектыўнасці будаўнічай галіны”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ўмовы работы як на знешніх, так і на ўнутраных рынках дынамічна мяняюцца, што, безумоўна, уплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў цэлым і будаўнічага комплексу ў прыватнасці. “Мы павінны адэкватна і своечасова рэагаваць на гэтыя змяненні”, — сказаў ён.

У снежні 2017 года ўрадам было прынята рашэнне аб фарміраванні міжведамаснай рабочай групы для распрацоўкі стратэгіі развіцця будаўнічай галіны Беларусі на 2018—2030 гады.

Кіраўнік урада паведаміў, што за апошнія гады ў краіне істотна нарасцілі вытворчыя магутнасці як падрадных арганізацый, так і прадпрыемстваў, якія вырабляюць будматэрыялы. “Істотна павялічылі кадравы патэнцыял галіны. Сёння гэты патэнцыял выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна. Разам з тым створаныя ў Беларусі ўмовы даюць магчымасць выкарыстоўваць новыя механізмы развіцця і пазбягаць залежнасці ад бюджэтнага фінансавання. Прынятыя ўрадам і Нацыянальным банкам меры па стрымліванні інфляцыі пашырылі доступ да рэсурсаў камерцыйных банкаў на даволі камфортных умовах. Трэба запускаць працэс уключэння гэтых рэсурсаў у будоўлю, у тым ліку на аб’екты сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры”, — заявіў Андрэй Кабякоў.